Бел
Галоўная   /  Беларусь   /  Рэгіёны

Рэгіёны

Тэрыторыя Беларусі падзелена на вобласці, раёны, гарады і іншыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел дзяржавы вызначаецца заканадаўствам.
Тэрыторыя Беларусі падзелена на шэсць абласцей – Брэсцкую, Віцебскую, Гомельскую, Гродзенскую, Мінскую і Магілёўскую – і горад рэспубліканскага падпарадкавання Мінск. Вобласць з'яўляецца аптымальнай адзінкай сацыяльна-эканамічнай арганізацыі краіны, у рамках якой органы ўлады ажыццяўляюць эфектыўнае кіраванне сваёй тэрыторыяй, вырашаючы эканамічныя, сацыяльныя і іншыя задачы з улікам рэгіянальнай спецыфікі.

Мінск

Мінск. Свіслач і Верхні горад

Горад Мінск – сталіца Беларусі, адміністрацыйна-палітычны, эканамічны, навуковы і культурна-адукацыйны цэнтр краіны.

Беларуская сталіца размешчана на берагах ракі Свіслач. Тут пражывае пятая частка ўсяго насельніцтва Беларусі.

Горад знаходзіцца на скрыжаванні асноўных транспартных маршрутаў. Аўтамабільныя дарогі звязваюць Мінск з буйнейшымі гарадамі Беларусі: Оршай, Віцебскам, Маладзечнам, Брэстам, Слуцкам, Магілёвам, Гомелем. У Мінску размешчаны Нацыянальны аэрапорт – галоўная паветраная гавань краіны.

Мінск з'яўляецца буйным прамысловым цэнтрам. Асноўныя галіны: вытворчасць машын і абсталявання, прадуктаў харчавання, напіткаў і тытунёвых вырабаў, электраабсталявання, вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры, транспартных сродкаў, будаўнічых матэрыялаў, фармацэўтычных прадуктаў і прэпаратаў.

Увогуле на сталіцу Беларусі прыпадае 37,2% знешнегандлёвага абароту Беларусі. Замежныя і сумесныя вытворчасці створаны з удзелам інвестараў больш як з 60 краін свету. У горадзе размешчана свабодная эканамічная зона "Мінск".

Сталіца Беларусі з'яўляецца буйнейшым навуковым і адукацыйным цэнтрам рэспублікі. Тут знаходзяцца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Парк высокіх тэхналогій, буйнейшыя навучальныя ўстановы краіны.

У Мінску таксама размешчана дзяржаўная Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, працуюць Нацыянальны сход і Савет Міністраў, Нацыянальны банк Беларусі. У Мінску знаходзяцца Выканаўчы камітэт Садружнасці Незалежных Дзяржаў, дыпламатычны корпус, консульствы, прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь.

Мінск – адзін з найстарэйшых гарадоў Еўропы. У Вялікую Айчынную вайну горад быў практычна поўнасцю разбураны. У сувязі з гэтым у сталіцы Беларусі амаль не захаваліся старажытныя пабудовы. Тым не менш, сучасны Мінск можа ганарыцца шырокімі, светлымі праспектамі і вуліцамі, прасторамі плошчаў, разнастайнасцю архітэктурных ансамбляў, пышнай зелянінай бульвараў, сквераў і паркаў (на аднаго мінчаніна ў сярэднім прыпадае каля 20 кв.м зялёных насаджэнняў).

Сярод асноўных выдатных мясцін Мінска: Траецкае прадмесце, Верхні горад, спартыўны комплекс "Мінск-Арэна", абеліск "Мінск – горад-герой", гарадская ратуша, Свята-Духаў кафедральны сабор, Свята-Петрапаўлаўскі сабор, Архікафедральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, касцёл Святых Сымона і Алены, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Цэнтральны батанічны сад.

Да паслуг гасцей Мінска больш за 45 гасцініц і гасцінічных комплексаў. Сярод іх – пяцізоркавыя гасцініцы "Еўропа", "Crowne Plaza Minsk" і "Прэзідэнт-Атэль", чатырохзоркавыя комплексы "Вікторыя", "Вікторыя-2", "Вікторыя Алімп Атэль", "Мінск". Для турыстаў у беларускай сталіцы распрацавана больш як 40 пешаходных і аўтобусных экскурсійных маршрутаў з наведваннем аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, музеяў, тэатраў, выставачных галерэй і іншых аб'ектаў.

Брэсцкая вобласць

Брэст. Вуліца Савецкая

Брэсцкая вобласць – заходнія вароты Беларусі. Мяжуе на поўдні з Украінай, на захадзе – з Польшчай. У складзе вобласці 16 раёнаў. Плошча – 32,8 тыс.кв.км.

Адміністрацыйны цэнтр вобласці – горад Брэст. Асноўныя гарады – Баранавічы, Бяроза, Драгічын, Іванава, Івацэвічы, Камянец, Кобрын, Лунінец, Пінск, Пружаны, Столін.

На тэрыторыі вобласці працуюць каля 240 прамысловых прадпрыемстваў. Вядучае месца ў структуры прамысловай вытворчасці займаюць вытворчасць прадуктаў харчавання і напітаў, тэкстыльная і швейная вытворчасць, машынабудаўнічы комплекс, вытворчасць мэблі.

У рэгіёне знаходзяцца буйнейшыя нацыянальныя вытворцы электрычных пліт (ВГУП "Гефест-тэхніка"), газавых пліт (СП "Брэстгазаапарат" ААТ), асвятляльных электралямп напальвання, газаразрадных і дугавых (ААТ "Брэсцкі электралямпавы завод"). Высокім попытам у Беларусі і за мяжой карыстаецца прадукцыя СП "Санта Брэмар" ААТ, ААТ "Савушкін прадукт", ЗАТ "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў".

Сельская гаспадарка вобласці спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні цукровых буракоў, ільновалакна, бульбы, агародніны. Рэгіён поўнасцю забяспечвае свае патрэбнасці ў прадуктах жывёлагадоўлі, а таксама стварае буйныя рэзервы на экспарт.

Геаграфічнае становішча рэгіёна стварае спрыяльныя ўмовы для міжнароднага гандлю. Па Брэсцкай вобласці праходзіць транзітны калідор Берлін – Варшава – Брэст – Мінск – Масква, прамыя шляхі звязваюць рэгіён з Вільнюсам і Кіевам. Праз Брэсцкую вобласць праходзіць 80% сухапутнага экспарту дзяржаў СНД у Заходнюю Еўропу. Тавары брэсцкіх вытворцаў рэалізуюцца больш як у 40 краінах, у тым ліку Расіі, Казахстане, Украіне, Германіі, Польшчы, Літве і інш. У 1996 годзе створана свабодная эканамічная зона "Брэст"

У 2015 годзе тавары брэсцкіх вытворцаў рэалізоўваліся ў 82 краінах, у тым ліку ў Расійскай Федэрацыі, Казахстане, Германіі, Польшчы, Украіне, Літве і інш.

Па тэрыторыі вобласці праходзяць нафтаправод "Дружба" і газаправоды Таржок – Мінск – Івацэвічы і Кобрын – Брэст – Варшава.

З 1988 года Брэсцкая вобласць – член трансгранічнага аб'яднання "Еўрарэгіён "Буг", у якое таксама ўваходзяць Люблінскае ваяводства Польшчы і Валынская вобласць Украіны.

У Брэсцкай вобласці беражліва ставяцца да помнікаў архітэктуры. Візітнай карткай вобласці лічыцца мемарыял "Брэсцкая крэпасць-герой". Пад аховай дзяржавы знаходзяцца Брацкая, Сімяонаўская цэрквы ў Брэсце, Пакроўскі сабор і Крыжаўзвіжанскі касцёл у Баранавічах, касцёл і калегіум езуітаў у Пінску, знакамітая Камянецкая вежа ў горадзе Камянцы, Палацавы комплекс Сапегаў у горадзе Ружаны і іншыя.

У Брэсце працуюць тры тэатры – Брэсцкі акадэмічны тэатр драмыі, тэатр лялек, тэатр танца "Фантазія", а таксама Брэсцкая абласная філармонія. Гарады вобласці прымаюць у сябе шматлікія міжнародныя і рэспубліканскія фестывалі, спартыўныя спаборніцтвы. Сярод іх Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа", Міжнародны фестываль класічнай музыкі "Студзеньскія музычныя вечары".

Брэстчына – цэнтр Беларускага Палесся. Тут размешчаны ўнікальныя прыродныя комплексы, якія аб'ядноўваюць лясныя і балотныя ландшафты. На паўночным захадзе вобласці распасціраецца ўнікальны помнік прыроды, найстарэйшы запаведнік Еўропы – Дзяржаўны нацыянальны парк "Белавежская пушча". У 1992 годзе рашэннем ЮНЕСКА Белавежская пушча ўключана ў Спіс сусветнай спадчыны чалавецтва. Акрамя таго, у вобласці размешчаны 45 заказнікаў і 82 помнікі прыроды. Да паслуг гасцей Брэста і вобласці больш як 140 гасцініц і аналагічных сродкаў размячшэння, санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый.

Віцебская вобласць

Віцебск

Віцебская вобласць – самы паўночны рэгіён краіны. На паўночным захадзе мяжуе з Латвіяй, на захадзе – з Літвой, на поўначы і ўсходзе – з Расійскай Федэрацыяй. У складзе вобласці 21 раён. Працягласць граніц з усходу на захад складае больш як 300 км, з поўначы на поўдзень – 175 км. Плошча – 40,1 тыс.кв.км.

Адміністрацыйны цэнтр вобласці – горад Віцебск. Асноўныя гарады – Браслаў, Верхнядзвінск, Глыбокае, Гарадок, Лепель, Мёры, Новалукомль, Наваполацк, Орша, Полацк, Паставы.

Віцебшчына – высокаразвіты індустрыяльны рэгіён. Аснову прамысловасці складаюць вытворчасць электраэнергіі (Лукомская ДРЭС, Наваполацкая ЦЭЦ), перапрацоўка нафты і хімічная вытворчасць (ААТ "Нафтан", ААТ "Палімір", ААТ "Полацк–Шкловалакно"), вытворчасць прадуктаў харчавання, тэкстыльная і швейная вытворчасць і вытворчасць абутку. У рэгіёне выпускаюць ільняныя тканіны, палімеры этылену, практычна палавіну нафтапрадуктаў, што атрымліваюць у рэспубліцы, і трэць электраэнергіі.

Сельская гаспадарка Віцебшчыны спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і кармавых культур, а таксама лёну, рапсу, бульбы. Развіты азёрна-рыбныя гаспадаркі. Вобласць займае першае месца ў Беларусі па шчыльнасці рачной сеткі, колькасці і агульнай плошчы азёр.

Віцебская вобласць падтрымлівае знешнеэканамічныя сувязі са 110 краінамі свету. Асноўныя гандлёвыя партнёры – Расійская Федэрацыя, Нідэрланды, Украіна, Кітай, Германія, Польшча, Латвія, Літва, Турцыя, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Італія. У жніўні 1999 года створана свабодная эканамічная зона "Віцебск".

Праз рэгіён праходзяць некалькі транспартных калідораў: аўтамабільныя дарогі Берлін – Варшава – Орша – Масква, Хельсінкі – Віцебск – Кіеў – Адэса. Вобласць зручна злучана аўтамабільным і чыгуначным транспартам з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Рыгай, Вільнюсам.

Віцебская вобласць уваходзіць у еўрарэгіён "Азёрны край". Тут знаходзіцца звыш 2800 азёр, больш як 500 рэк. Лес займае больш за 41% тэрыторыі вобласці – амаль 60% яе прыпадае на векавыя хвойныя лясы. У вобласці адкрыты 1 запаведнік, 2 нацыянальныя паркі, 25 заказнікаў рэспубліканскага і 60 мясцовага значэння, знаходзяцца 238 помнікаў прыроды.

Віцебск мае тытул "культурнай сталіцы" Беларусі. Штогод у Віцебскай вобласці праводзяцца каля 50 міжнародных, абласных, гарадскіх і раённых фестываляў з удзелам калектываў блізкага і далёкага замежжа. Візітная картка вобласці – знакаміты Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Сярод асноўных выдатных мясцін рэгіёна: Свята-Благавешчанская царква XII стагоддзя ў Віцебску, Сафійскі сабор XI–XVIII стагоддзяў і Спаса–Ефрасіннеўскі манастыр XII–XVIII стагоддзяў у Полацку, Куцеінскі Успенскі манастыр XVII стагоддзя ў Оршы, Свята-Ражджаства-Багародзіцкі сабор і Троіцкі касцёл XVII–XVIII стагоддзяў у Глыбокім, комплекс касцёла XVIII стагоддзя і ландшафтна-паркавай планіроўкі ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна, касцёл Іаана Хрысціцеля XVII стагоддзя ў вёсцы Камаі і касцёл Святога Антонія Падуанскага XIX–XX стагоддзяў у Паставах.

На тэрыторыі вобласці функцыянуюць 107 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый.

Гомельская вобласць

Гомель. Вуліца Інтэрнацыянальная

Гомельская вобласць – буйнейшы па тэрыторыі рэгіён Беларусі. На ўсходзе мяжуе з Расіяй, на поўдні – з Украінай. У складзе вобласці 21 раён. Тэрыторыя – 40,4 тыс.кв.км.

Адміністрацыйны цэнтр вобласці – горад Гомель. Асноўныя гарады – Ветка, Добруш, Жыткавічы, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск,Тураў, Чачэрск.

Гомельская вобласць мае значны эканамічны патэнцыял і з'яўляецца адным з высокаразвітых індустрыяльных рэгіёнаў Беларусі. Тут сканцэнтраваны 21% прамысловай вытворчасці краіны. У вобласці працуюць 211 буйных і сярэдніх прамысловых прадпрыемстваў. Вядучыя галіны прамысловасці: вытворчасць нафтапрадуктаў, металургічная вытворчасць і вытворчасць гатовых металічных вырабаў, вытворчасць прадуктаў харчавання і напіткаў, хімічная вытворчасць, здабыча паліўна-энергетычных карысных выкапняў, вытворчасць машын і абсталявання, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Далёка за межамі Беларусі вядомы камбайны і іншая ўборачная тэхніка прадпрыемства ААТ "Гомсельмаш", кандытарскія вырабы і шакалад СП ААТ "Спартак", прадукцыя ААТ "Гомельдрэў" і ААТ "Гомельшкло".

Аграпрамысловы комплекс прадстаўлены галінамі: мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва і бульбаводства, ва ўсходняй частцы вобласці – ільнаводства. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі складаюць 1,3 млн.га. Рэгіён не толькі можа задаволіць патрэбы насельніцтва ў асноўных прадуктах харчавання, але і забяспечыць сыравінай перапрацоўчую галіну. Асноўнымі напрамкамі перапрацоўчай прамысловасці з'яўляюцца вытворчасць мяса і мясапрадуктаў, малочных прадуктаў і кармоў для жывёл.

Амаль 70% выпускаемай у рэгіёне прадукцыі ідзе на экспарт. Знешнегандлёвыя аперацыі праводзяцца з 99 краінамі. Найбольш актыўна развіваецца гандаль з Расійскай Федэрацыяй, Германіяй, Кітаем, Украінай, Польшчай, Літвой, Італіяй, Егіптам, Турцыяй, Латвіяй. Дзелавыя сувязі з суседнімі краінамі развіваюцца ў рамках еўрарэгіёна "Днепр". У 1998 годзе створана свабодная эканамічная зона "Гомель-Ратон".

Гомельская вобласць мае развітую дарожную інфраструктуру. Праз вобласць праходзяць буйныя міжнародныя аўтамагістралі, якія злучаюць краіны Еўропы з Расіяй і Украінай. Праз рэгіён праходзяць 90% чыгуначных грузаў краіны і амаль палавіна пасажырскіх паяздоў.

У вобласці беражліва ставяцца да помнікаў архітэктуры. Сярод асноўных выдатных мясцін рэгіёна: Нацыянальны парк "Прыпяцкі", Замкавая гара ў Тураве, палацава-паркавы ансамбль канца XVIII – 2-й палавіны XIX стагоддзя, сабор Святых Пятра і Паўла ў Гомелі, касцёл Святога Міхаіла Архангела XVIII стагоддзя ў Мазыры, Свята-Успенскі сабор XIX стагоддзя і Свята-Троіцкі касцёл пачатку XX стагоддзя ў Рэчыцы.

У Гомельскай вобласці знаходзіцца шмат помнікаў археалогіі, гісторыі, культуры і архітэктуры. У вобласці налічваецца 26 музеяў, 4 тэатры і 2 мастацкія галерэі. На Гомельшчыне функцыянуе Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік і Нацыянальны парк "Прыпяцкі", 56 заказнікаў і 63 помнікі прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння.

Да паслуг гасцей Гомельскай вобласці – больш за 115 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый.

Гродзенская вобласць

Гродна. Бернардзінскі касцёл

Гродзенская вобласць – адна з шасці абласцей Беларусі. На захадзе мяжуе з Польшчай, на поўначы – з Літвой. У складзе вобласці 17 раёнаў. Плошча – 25,1 тыс.кв.км.

Адміністрацыйны цэнтр вобласці – горад Гродна. Асноўныя гарады – Ваўкавыск, Ліда, Масты, Навагрудак, Ашмяны, Слонім, Смаргонь, Шчучын.

Гродзенская вобласць – рэгіён з развітой прамысловасцю. Найбольш буйныя прадпрыемствы знаходзяцца ў Лідзе, Слоніме, Ваўкавыску, Навагрудку, Смаргоні. Вытворчасць прадуктаў харчавання, тытуню і хімічная вытворчасць з'яўляюцца дамінуючымі галінамі ў Гродзенскай вобласці. Асноўныя вытворчыя магутнасці размешчаны ў Гродне і Лідзе. Сярод іншых значных галін прамысловасці – вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, тэкстыльная і швейная вытворчасць, апрацоўка драўніны і вытворчасць вырабаў з дрэва, машынабудаванне.

Далёка за межамі краіны вядома прадукцыя буйнейшых прадпрыемстваў вобласці – акцыянерных таварыстваў "Гродна Азот", "Белкард", "Лакафарба", "Краснасельскбудматэрыялы", "Кіруючая кампанія холдынга "Лідсельмаш", "Шклозавод "Нёман" і іншых.

Па тэрыторыі вобласці пракладзены магістральныя газаправоды: Ямал – Еўропа, Івацэвічы – Слонім – Ліда – дзяржаўная граніца Літвы, Івацэвічы – Слонім – Гродна.

Эканоміка Гродзенскай вобласці арыентавана на сельскую гаспадарку. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі – малочная і мясная жывёлагадоўля, птушкагадоўля.

Знешнеэканамічнае супрацоўніцтва ажыццяўляецца са 119 краінамі свету. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі вобласці з'яўляюцца Расійская Федэрацыя, Польшча, Германія, Украіна, Кітай, Літва, Італія, Францыя, Казахстан, Індыя і інш. У 2002 годзе ў рэгіёне створана свабодная эканамічная зона "Гроднаінвест".

Гродзенская вобласць уваходзіць у склад еўрарэгіёна "Нёман".

Гродна – адзін з самых прыгожых гарадоў Беларусі. Сярод асноўных выдатных мясцін рэгіёна: Царква святых Барыса і Глеба (Каложская, XII ст.), Бернардзінскі касцёл (XVI–XVIII стст.), Касцёл святога Францішка Ксаверыя (Фарны), Навагрудскі і Лідскі замкі, царква-крэпасць у Сынковічах (XV ст.), Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр (XVII і XIX стст.).

У Гродзенскай вобласці размешчаны Мірскі замак, гістарычны помнік XVI стагоддзя.

На тэрыторыі вобласці часткова размешчаны нацыянальныя паркі "Белавежская пушча" і "Нарачанскі", а таксама 43 заказнікі і 221 помнік прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння. Праз Гродзенскі раён праходзіць Аўгустоўскі канал – помнік гідратэхнічнага будаўніцтва пачатку XIX стагоддзя.

Штогод у Гродне і вобласці праводзяцца больш як 25 міжнародных, рэспубліканскіх і абласных фестываляў і конкурсаў. Найбольш вядомыя з іх – Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, рэгіянальныя фестывалі мастацтваў "Мірскі замак" і "Навагрудскі замак".

Да паслуг гасцей Гродна і вобласці 110 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый.

Мінская вобласць

Нясвіжскі замак

Мінская вобласць – другі па велічыні рэгіён, у склад якога ўваходзяць 22 раёны. Размешчана ў цэнтральнай частцы краіны. Плошча вобласці – 39,8 тыс.кв.км.

Адміністрацыйны цэнтр вобласці – горад Мінск. Асноўныя гарады – Барысаў, Вілейка, Дзяржынск, Заслаўе, Жодзіна, Лагойск, Маладзечна, Мядзел, Нясвіж, Слуцк, Салігорск.

Мінская вобласць уяўляе сабой буйнейшы рэгіён Беларусі з высокаразвітым прамысловым і сельскагаспадарчым патэнцыялам і ў многім вызначае асаблівасці эканамічнага развіцця нашай рэспублікі. Значная доля прамысловасці вобласці сканцэнтравана ў гарадах Салігорску, Барысаве, Жодзіне, Дзяржынску, Слуцку, Маладзечне. Вядучымі прадпрыемствамі рэгіёна з'яўляюцца: ААТ "Беларуськалій" – вытворчасць калійных угнаенняў, ААТ "БелАЗ" – выпуск велікагрузных самазвалаў і іншай кар'ернай, дарожнай і будаўнічай тэхнікі. Высокім попытам карыстаецца прадукцыя акцыянерных таварыстваў "Гарадзейскі цукровы камбінат", "Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат", "Маладзечанскі малочны камбінат", , "Здравушка-мілк, "Агракамбінат "Дзяржынскі".

Мінская вобласць – буйнейшы сельскагаспадарчы рэгіён Беларусі. У большасці раёнаў развіта мяса-малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, вытворчасць збожжа, бульбаводства ў спалучэнні з ільнаводствам, а на паўднёвым захадзе – з буракаводствам. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы каля буйных гарадоў дадаткова спецыялізуюцца на вырошчванні агародніны і садавіны.

Знешнегандлёвае супрацоўніцтва ажыццяўляецца больш як са 160 дзяржавамі свету. Асноўныя гандлёвыя партнёры - Расійская Федэрацыя, Кітай, Бразілія, Украіна, Індыя, Турцыя, Германія, Польшча.

Мінская вобласць размешчана на скрыжаванні асноўных транспартных маршрутаў, якія злучаюць Заходнюю Еўропу і Усход, рэгіёны Чарнаморскага ўзбярэжжа і краіны Балтыі.

Чыгуначная сетка вобласці злучае Расію і Еўропу, краіны Балтыі і паўднёвыя дзяржавы СНД. Каля горада Смалявічы дзейнічае галоўная паветраная гавань краіны – Нацыянальны аэрапорт Мінск.

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны 665 нерухомых аб'ектаў спадчыны, размешчаных на тэрыторыі Мінскай вобласці. Галоўнымі выдатнымі мясцінымі рэгіёна з'яўляюцца Уваскрасенскі сабор XIX стагоддзя ў Барысаве, старажытнае гарадзішча, парк і царква XIX стагоддзя ў Лагойску, замак і Спаса-Праабражэнская царква XVI–XVII стагоддзяў у Заслаўі, манастыр бернардзінцаў XVII стагоддзя ў вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна, драўляная царква XVIII стагоддзя ў Слуцку, палацава-замкавы комплекс XVI стагоддзя ў Нясвіжы, гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна", Курган Славы, Мемарыяльны комплекс "Хатынь".

У межах Мінскай вобласці размешчаны частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, якому прысвоены статус міжнароднага, асноўная частка нацыянальнага парку "Нарачанскі" і шэраг заказнікаў і помнікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння.

Дакрануцца да мінулага краіны можна ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Нясвіж", Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо, Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, музейным комплексе старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі".

У Мінскай вобласці праходзіць значная колькасць культурна-масавых мерапрыемстваў не толькі рэгіянальнага, але і рэспубліканскага маштабу. Сярод іх Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, рэспубліканскія фестывалі беларускай камернай музыкі ў Заслаўі, "Музы Нясвіжа" і іншыя святы мастацтваў.

У рэгіёне знаходзяцца два буйнейшыя ў рэспубліцы гарналыжныя цэнтры: "Лагойск" і "Сілічы". Гасцей вобласці гатовы прыняць больш як 250 гасцініц і аналагічных устаноў, санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый.

Магілёўская вобласць

Магілёўская ратуша

Магілёўская вобласць – самы ўсходні рэгіён Беларусі – мяжуе з Расійскай Федэрацыяй. У складзе вобласці 21 раён. Плошча вобласці – 29,1 тыс.кв.км.

Адміністрацыйны цэнтр вобласці – горад Магілёў. Асноўныя гарады – Бабруйск, Быхаў, Горкі, Кіраўск, Клімавічы, Крычаў, Мсціслаў, Слаўгарад, Асіповічы, Чэрыкаў, Шклоў.

Магілёўская вобласць – галоўны вытворца ў Рэспубліцы Беларусь шын, ліфтаў, электрарухавікоў, цэменту, тканін з хімічных валокнаў і інш. Вядучымі галінамі вобласці з'яўляюцца: вытворчасць прадуктаў харчавання і напіткаў, вытворчасць гумавых і пластмасавых вырабаў, вытворчасць машын і абсталявання, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, хімічная вытворчасць. Доля двух буйнейшых прамысловых прадпрыемстваў – ААТ "Магілёўхімвалакно" і ААТ "Белшына" - складае каля 20% аб'ёмаў ад усёй выпускаемай у вобласці прадукцыі. Цяпер у вобласці налічваецца больш за 150 буйных і сярэдніх прамысловых прадпрыемстваў. Буйнейшымі прамысловымі цэнтрамі вобласці з'яўляюцца гарады Магілёў, Бабруйск, Крычаў, Касцюковічы, Асіповічы.

Важнейшая галіна эканомікі вобласці і галоўная састаўная частка аграпрамысловага комплексу – сельская гаспадарка. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя (пераважна ячмень, жыта, пшаніца), бульба, кармавыя культуры. На высокім узроўні знаходзіцца льнаводства. У жывёлагадоўлі ў асноўным гадуецца буйная рагатая жывёла для вытворчасці малака і мяса, а таксама свінні і птушка.

Магілёўская вобласць ажыццяўляе актыўную знешнегандлёвую дзейнасць. Вырабы з маркай магілёўскіх таваравытворцаў пастаўляюцца ў 99 краін свету і ў 75 расійскіх рэгіёнаў. У 2002 годзе створана свабодная эканамічная зона "Магілёў".

У горадзе Горкі знаходзіцца найстарэйшая аграрная ВНУ сярод краін СНД і Еўропы (заснавана ў 1840 годзе) – Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, якая ўяўляе сабой цэласны архітэктурны ансамбль, што складваўся на працягу больш як 150 гадоў і з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспублікі.

Сярод асноўных выдатных мясцін: ансамбль Свята-Нікольскага манастыра XVII стагоддзя ў Магілёве, езуіцкі касцёл з кляштаром пачатку XVII стагоддзя ў Мсціславе, палацава-паркавы ансамбль XVIII стагоддзя ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, палац князя Пацёмкіна XVIII стагоддзя ў Крычаве, Бабруйская крэпасць XIX стагоддзя, Ратуша XVIII стагоддзя ў Шклове.

У вобласці размешчаны 70 заказнікаў і 90 помнікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння.

У Магілёўскай вобласці праводзяцца яркія мерапрыемствы: міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" ў Клімавічах, фестываль народнага мастацтва "Вянок дружбы" ў Бабруйску, абласны фестываль сямейнай творчасці "Сузор'е талентаў" у Глуску, Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер у Магілёве”, Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "M@rt.кантакт" у Магілёве і іншыя.

У вобласці працуюць 49 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. Да паслуг гасцей Магілёва і Магілёўскай вобласці – больш як 50 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь