Таварышы салдаты і афіцэры!
Дарагія ветэраны!
Паважаныя суайчыннікі і госці Беларусі!
Роўна 65 гадоў таму беларуская сталіца была вызвалена ад гітлераўскіх акупантаў. Глыбока сімвалічна, што менавіта 3 ліпеня мы адзначаем Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, тым самым звязваючы разам святыя для кожнага з нас паняцці - Свабода і Незалежнасць.
Вызначыўшы гэту дату галоўным дзяржаўным святам, беларускі народ чарговы раз даказаў сваю мудрасць. Бо крыніцай нашага суверэнітэту з'яўляюцца не папяровыя дэкларацыі, не заявы так званых нацыянальных лідэраў, а воля народа, яго павага да сваёй гераічнай гісторыі, да таго вельмі цяжкага і незабыўнага подзвігу мільёнаў салдат і афіцэраў, партызан і падпольшчыкаў, мірных грамадзян, якія перамаглі карычневую чуму.
Хоць гітлераўцам усё ж удалося прыйсці на нашу зямлю, але паставіць на калені беларускі народ яны так і не змаглі. Супраціўленне ворагу набыло сапраўды ўсенародны характар.
Акупантам процістаялі больш як 1тыс. 200 партызанскіх атрадаў, 4 тыс. падпольных арганізацый, якія аб'ядноўвалі звыш 400 тыс. чалавек.
Амаль паўтара мільёна ўраджэнцаў рэспублікі змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Больш як трыста з іх былі ўдастоены вышэйшага звання Героя Савецкага Саюза.
Узорам ваеннага майстэрства і адной з самых яркіх старонак усёй Другой сусветнай вайны стала стратэгічная наступальная аперацыя "Баграціён". Яе паспяховае правядзенне дало магчымасць не толькі выгнаць фашыстаў з беларускіх зямель, але і стварыць умовы для поўнага вызвалення еўрапейскага кантынента.
Мы памятаем і ганарымся подзвігам пакалення Пераможцаў.
Ветэраны Вялікай Айчыннай былі і застаюцца самымі паважанымі і шануемымі грамадзянамі нашай краіны. У ваенныя гады, нягледзячы на аб'ектыўна існуючыя супярэчнасці і розныя палітычныя ўстоі, заходнія краіны ў барацьбе з нацызмам знаходзіліся ў адным страі з савецкім народам.
Мы з цеплынёй успамінаем лётчыкаў легендарнай эскадрыллі "Нармандыя-Нёман", польскіх, славацкіх, чэшскіх, югаслаўскіх партызан-антыфашыстаў.
Гады Другой сусветнай вайны паказалі, што няма нічога больш каштоўнага, чым згуртаванасць і яднанне краін і народаў.
Сёння для пераадолення глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу, прадухілення распаўсюджвання ядзернай зброі, барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам міжнароднай супольнасці неабходна аб'ядноўваць намаганні, паслядоўна праводзіць справядлівую і міралюбівую палітыку.
У свеце не павінна быць звышдзяржаў, якія самі сябе надзялілі правам дыктаваць умовы, як жыць суверэнным і незалежным дзяржавам.
Кожны народ, кожная краіна маюць права на ўласны выбар свайго шляху развіцця. Гэта асноватворны прынцып міжнародных адносін.
Таму Беларусь як адна з заснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый імкнецца да збліжэння народаў. Мы катэгарычна супраць вырашэння любых канфліктаў ваенным шляхам.
Значнасць ролі нашай краіны ў гарантаванні бяспекі, падтрыманні міру ў еўрапейскім рэгіёне ні ў каго не павінна выклікаць сумненняў.
Вельмі важна, каб кожная дзяржава ўсведамляла сваю адказнасць перад сусветнай супольнасцю.
Беларусь нязменна верная традыцыям міру і добрасуседства. Мы лічым сваімі жыццёва важнымі інтарэсамі развіццё ўсебаковага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі, захаванне і ўмацаванне існуючых сістэм міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. Паслядоўна праводзім збалансаваную шматвектарную знешнюю палітыку.
На жаль, апошнім часам з'явіліся спробы трактаваць прынцып шматвектарнасці амаль што як здрадніцтва саюзнікаў з боку Беларусі.
Не слабее імкненне праціўнікаў беларуска-расійскай інтэграцыі ўбіць клін у нашы адносіны.
Я неаднаразова гаварыў і яшчэ раз падкрэслю - і хачу, каб гэта пачулі, перш за ўсё, расіяне і кіраўніцтва Расіі: Беларусь не гандлюе дружбай з Расіяй. Мы - брацкія народы. Мы - адзін народ.
Наша агульная Вялікая Перамога і сённяшні юбілей, якія сімвалізуюць сумесны ўклад у разгром агрэсара, у вызваленне нашых народаў і ўсяго чалавецтва ад фашысцкага заняволення, тысячаразова перавышаюць узаемныя рознагалоссі і прэтэнзіі. Разам мы вырашалі і вырашым любыя праблемы.
За апошнія 15 гадоў рэспубліцы неаднаразова прадказвалі эканамічны крах і сацыяльныя ўзрушэнні. Але наш запас трываласці дастатковы.
На фоне сучасных канфліктаў, тэрарыстычных актаў, якія адбываюцца на розных кантынентах планеты, у Беларусі надзейна забяспечваюцца спакой і згода ў грамадстве, адзінства народа, абарона ад ваенных пагроз і іншых знешніх выклікаў.
Для таго каб так было і ў далейшым, мы паслядоўна і настойліва ўмацоўваем сваю нацыянальную бяспеку, у тым ліку абараназдольнасць.
Я хачу, каб беларускі народ ведаў, што наша армія добра ўзброена і падрыхтавана для абароны сваёй краіны.
Нашы сыны, якія аддаюць воінскі доўг Радзіме, - гэта эліта грамадства. І мы павінны зрабіць усё, каб яны мелі самую сучасную зброю, былі сацыяльна абаронены, і самае галоўнае, каб салдацкія маці былі ўпэўнены ў іх шчаслівым лёсе.
Людзі ў пагонах у нашай краіне нязменна карыстаюцца даверам і павагай. Мы дабіліся таго, што служыць у беларускай арміі стала пачэсна і прэстыжна. Дарагія ветэраны!
Нізкі паклон, шчырыя словы ўдзячнасці ўсім, хто на шкадаваў сябе на фронце ў тыле, хто адрадзіў з руін і попелу родную зямлю, аднавіў народную гаспадарку.
Вы сумленна выканалі свой абавязак, вы адстаялі наша права быць грамадзянамі свабоднай краіны.
Няхай вечна гарыць агонь, запалены ў гонар бяспрыкладнага гераізму, гуманізму і духоўнай велічы савецкага салдата.
Дарагія суайчыннікі!
Сённяшняе свята - сімвал адзінства, мужнасці, велічы і стойкасці нашага народа, пераемнасці пакаленняў, вернасці абавязку.
Ён яшчэ раз нагадвае нам пра тое, што лёс Радзімы, яе сучаснае і будучае залежаць ад кожнага з нас. І свой абавязак перад Айчынай вы выканаем з гонарам. Гэтак жа, як нашы бацькі і дзяды.
Ад усёй душы віншую вас са знамянальнай датай нашай гераічнай гісторыі!
Слава беларускаму народу, які адстаяў незалежнасць краіны!
Вечная слава героям, якія палі ў баях з ворагам і аддалі свае жыцці за свабоду і шчасце будучых пакаленняў!
Гонар і слава абаронцам Айчыны!
Ура! |