Карта сайтаАб парталеРусская версияEnglish version
КІРАЎНІК ДЗЯРЖАВЫ
ПАДЗЕІ
Паведамленні прэс-службы 
 Выступленні  Інтэрв'ю  Вiншаваннi 
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА
РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ
КАТАЛОГ РЭСУРСАЎ
па сайту па сайтах дзяржорганаў
ГалоўнаяПадзеіВыступленні
border=0 border=0 border=0
border=0 Выступленні border=0
border=0 border=0 border=0 border=0
Выступленне на парадзе ў азнаменаванне Дня Незалежнасці і 65-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
Выступленне на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 65-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
Выступленне на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі 9 мая
Вытрымкі з Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь
border=0 border=0
Выступленне на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 65-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь 02.07.2009

Дарагія суайчыннікі! Паважаныя замежныя госці!

У гэтыя ліпеньскія дні мы адзначаем 65-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І з заміраннем душы зноў і зноў вяртаемся да трагічных і гераічных старонак Вялікай Айчыннай вайны. Аналізуем яе маральныя і палітычныя ўрокі. Шукаем у гісторыі рэальныя адказы на выклікі сучаснасці.

Што значыць для кожнага з нас гэта дата?

Перш за ўсё, гэта гістарычная святыня і вялікае свята. Сімвал перамогі жыцця над смерцю, свабоды над рабствам, дабра над злом.

Яна стварае той светапоглядны і маральны фундамент, на якім мы будуем сваю суверэнную дзяржаву. Бо ў кожнага народа ёсць знамянальныя падзеі, якія навекі застаюцца ў яго памяці, жывяць пачуцці гонару і нацыянальнай годнасці.

Менавіта барацьба за вызваленне ад фашызму набыла лёсавызначальнае значэнне для беларускага народа. Выкавала лепшыя рысы нацыянальнага характару - партыятызм, свабодалюбства, веру і аптымізм, якія дапамагалі і дапамагаюць пераадольваць любыя цяжкасці.

Разумеючы гэта, наш народ на рэспубліканскім рэферэндуме вызначыў 3 ліпеня галоўным дзяржаўным святам - Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Гэта гістарычная дата - нагода для нас успомніць аб тым, што літаральна ўся краіна была ператворана фашысцкімі агрэсарамі ў руіны. Былі разбураны больш як дзве сотні гарадоў і раённых цэнтраў. Знішчаны амаль дзесяць тысяч вёсак і пасёлкаў, сотні з іх спалены разам з людзьмі. На месцы сённяшняга святочнага Мінска стаяла толькі некалькі паўразбураных будынкаў.

Акупанты ўчынілі на беларускай зямлі страшэнны канвеер смерці, стварыўшы 260 канцэнтрацыйных лагераў і 110 гета. Правялі звыш 140 карных аперацый супраць партызан і мірнага насельніцтва.

Гэта - падстава ўспомніць аб тых вялікіх і незаменных стратах, якія панёс народ Беларусі ў час вайны. Яны адчувальныя да гэтага часу, трагедыя закранула практычна кожную сям'ю. У пажары вайны згарэла жыццё кожнага трэцяга нашага земляка.

Нас магло б быць 30 мільёнаў. Багатая беларуская зямля пракарміла б усіх. Але на працягу больш як паўстагоддзя нам не ўдаецца папоўніць панесеныя людскія страты.

Мы толькі цяпер падыходзім да таго, каб колькасць насельніцтва не скарачалася, а расла.

Сёння, адзначаючы свята, мы аддаём даніну памяці ўсім загінуўшым - героям-вызваліцелям і бязвінным ахвярам гэтай крывавай бойні.

І, нарэшце, гэта нагода ўспомніць аб тым, што беларускі народ не быў зламаны і пакораны.

Фашысцкія войскі не змаглі затрымаць ні магутная французская лінія Мажыно, ні глыбокія галандскія каналы, ні высокія грэчаскія горы. Смерць захопнікам неслі беларускія лясы, балоты і раўніны.

З ворагам змагаліся ва ўсіх кутках краіны. Беларускія гарады і пасёлкі ператварыліся ў рубяжы абароны. Цуды мужнасці і гераізму праявілі гарнізон Брэсцкай крэпасці і байцы пагранатрада пад Гроднам. Савецкія войскі пры падтрымцы мясцовага насельніцтва да апошняга процістаялі ворагу пад Бабруйскам, Жлобінам, Рагачовам, Гомелем, Віцебскам і Оршай.

Прыкладам усенароднай барацьбы стаў Магілёў. 40 тысяч жыхароў узводзілі абарончыя рубяжы вакол роднага горада. 23 дні адчайна супраціўляліся варожаму кальцу, што сціскалася вакол іх. А некаторыя ж еўрапейскія сталіцы здаваліся захопнікам без адзінага выстралу.

Акупіраваная, але непакораная Беларусь праявіла сябе як небывалы ў свеце феномен усенароднага супраціўлення агрэсару.

На барацьбу з ворагам узняліся ўсе - ад малога да вялікага, незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання. Паводле даных аўтарытэтных замежных ваенных крыніц, беларускія партызаны і падпольшчыкі за час Другой сусветнай вайны нанеслі гітлераўцам большы ўрон, чым саюзніцкія войскі ў Еўропе. Такога магутнага патрыятычнага парыву не было ні ў адной з захопленых фашыстамі дзяржаў.

Памяць аб перажытых народам пакутах, яго мужнасці і стойкасці і сёння надае нам мудрасці і светаразумення. Яна падказвае, як пераадольваць цяжкасці, атрымліваць урокі са складаных сітуацый. І ў выніку - перамагаць.

Дарагія сябры! 65 гадоў для гісторыі - гэта адно імгненне. Але для нас гэта вельмі цяжкія гады пасляваеннага адраджэння рэспублікі, аднаўлення яе эканамічнага і чалавечага патэнцыялу, набыцця незалежнасці і дастойнага месца ў сусветнай супольнасці. Мільёны людзей, аб'яднаныя агульным імкненнем зрабіць жыццё лепшым, здзяйснялі не менш значныя подзвігі на працоўным фронце.

Дзякуй Богу, жывы яшчэ тварцы гэтай Вялікай воінскай і працоўнай Перамогі, якія могуць расказаць пра той суровы і гераічны час.

Нам гэта неабходна. Таму што наша задача як нашчадкаў і наследнікаў пакалення пераможцаў - атрымаць урокі з гісторыі. Зрабіць так, каб трагедыя больш не паўтарылася, каб краіна жыла ў міры і дабрабыце.

Асэнсоўваючы сёння гэту вялікую гістарычную дату, якая дала адлік нашай сапраўднай незалежнасці, я хацеў бы падзяліцца з вамі некаторымі разважаннямі. Магчыма, яны выходзяць за рамкі агульнапрынятых святочных прамоў, але мы не зможам зберагчы дзяржаву, калі цвёрда не засвоім запаведзі гісторыі.

Самая галоўная з іх у тым, што веліч і стойкасць народа вызначаюцца не матэрыяльнымі рэсурсамі, а яго сілай духу і згуртаванасцю.

Менавіта дзякуючы гэтаму беларусы дастойна вытрымалі вельмі цяжкія выпрабаванні ваеннага ліхалецця. Перажылі чарнобыльскую катастрофу, геапалітычную трагедыю развалу СССР. Выбралі і адстаялі свой шлях развіцця, не спалохаўшыся санкцый, палітычнага і эканамічнага націску з боку звышдзяржаў і некаторых міжнародных арганізацый. Не паддаўшыся паніцы глабальнага крызісу, па-дзелавому пераадольваюць яго негатыўныя наступствы.

Усё гэта не адбываецца само па сабе. Беларусы пераканаўча паказалі свету, што мы - адзіная згуртаваная сям'я, якая зможа справіцца з любымі праблемамі.

Вядома, было б саманадзейна гаварыць аб тым, што ў нас няма ніякіх цяжкасцей.

Сёння беларусам у гэтым навязаным звонку крызісе вельмі няпроста. Аднак дзякуючы антыкрызіснай дзяржаўнай палітыцы ні адно айчыннае прадпрыемства мы не закрылі. Няхай і ў невялікім памеры, але нам удаецца забяспечваць прырост валавога ўнутранага прадукту. І гэта на фоне яго рэзкага зніжэння ў многіх краінах свету.

Людзі захоўваюць рабочыя месцы, мы спрабуем утрымліваць беспрацоўе на дакрызісным узроўні. У дамы і кватэры бесперабойна паступаюць святло і цяпло. Дзяржава сумленна выконвае ўсе абавязацельствы перад маладымі і шматдзетнымі сем'ямі, сацыяльна не абароненымі грамадзянамі.

Другі не менш важны завешчаны нам урок - гэта неабходнасць захавання гістарычнай памяці. Бясцэнны вопыт Вялікай Перамогі - духоўная аснова выхавання грамадзян.

На жаль, сёння знаходзіцца нямала жадаючых сказіць падзеі Другой сусветнай вайны і тым самым украсці Вялікую Перамогу і выбіць маральную аснову ў нашага народа. Самае агіднае кашчунства - гэта тэзіс аб тым, што на тэрыторыі Беларусі нібыта мела месца не ўсенародная вызваленчая барацьба, а грамадзянская вайна паміж абаронцамі савецкай улады і прыхільнікамі "новага еўрапейскага парадку".

Такія лжывыя сцвярджэнні ніколі не знойдуць падтрымку на шматпакутнай беларускай зямлі. Мы будзем процістаяць спробам зняславіць Вялікую Перамогу і сказіць гераічны летапіс нашай краіны.

Нам, на шчасце, не трэба ствараць спецыяльныя камісіі па захаванню гістарычнай памяці. Таму што мы нікому ў свой час не дазволілі ўзняць руку на нашу Перамогу, на ветэрана з ордэнскімі планкамі, на чалавека ў ваеннай форме.

Беларусь сёння - адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе ў школах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах вывучаецца курс "Вялікая Айчынная вайна". Ужо адзін гэты факт гаворыць сам за сябе.

Дзесяткі тысяч піянераў і членаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі па добрай волі дапамагаюць ветэранам, падтрымліваюць парадак на мемарыялах і ў месцах воінскіх пахаванняў, удзельнічаюць у патрыятычных акцыях.

Новае пакаленне беларусаў мае актыўную грамадзянскую пазіцыю і здольна даць рашучы адпор прапагандыстам неанацысцкіх і расісцкіх поглядаў. Мы ніколі не змірымся з тым, што недзе ў суседніх краінах ушаноўваюць фашысцкіх памагатых як герояў. Гэта нязмыўная ганьба для любой нацыі.

Павага да мінулага Айчыны, непарыўная сувязь і пераемнасць пакаленняў - вось тыя традыцыйныя асновы, на якіх трымалася і трымаецца стабільнасць і дабрабыт Беларусі.

Каб увекавечыць подзвіг абаронцаў нашай краіны, напярэдадні свята Вызвалення дваццаць два населеныя пункты былі ўпершыню ўзнагароджаны вымпелам "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны".

Паважаныя таварышы! Наўрад ці ў каго-небудзь з прысутных у зале ўзнікне праблема з адказам на пытанне: чаму Савецкі Саюз вытрымаў удар і перамог перавышаючыя сілы агрэсара? Таму што СССР быў сапраўдным аб'яднаннем рэспублік, заснаваным на прынцыпах вельмі цеснага адзінства, роўнасці, узаемадзеяння і ўзаемадапамогі брацкіх народаў.

Сёння, цалкам падтрымліваючы і развіваючы інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы, мы павінны дакладна ўсведамляць, што не штучныя ўтварэнні змогуць зблізіць нашы брацкія народы і забяспечыць іх дабрабыт. Да гэтай высакароднай мэты прывядуць канкрэтныя захады ў эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай і іншых сферах. Захады, якія павінны быць сцэментаваны рэальнай палітычнай воляй кіраўніцтва адпаведных дзяржаў. Гэты вопыт мы таксама атрымалі з асэнсавання нашага мінулага.

Незалежная Беларусь будзе самым актыўным удзельнікам тых саюзаў, якія грунтуюцца на ўзаемапавазе, раўнапраўных, шчырых адносінах, адзінстве мэт. Але ні ў якім выпадку не на дыктаце, манапалізме або шантажы.

"І гэта датычыцца ўсіх міжнародных і рэгіянальных аб'яднанняў, ці гэта ААН, Еўрасаюз, Савет Еўропы, СНД або іншыя структуры.

З нашага гістарычнага мінулага вынікае яшчэ адзін урок, ад засваення якога залежыць лёс краіны. Беларусь вельмі часта ператваралася ў арэну войнаў і канфліктаў розных дзяржаў. Полчышчы захопнікаў прыходзілі то з Захаду, то з Усходу. І наша зямля часам станавілася разменнай манетай у геапалітычных спрэчках.

Мы не хочам, каб так было ў далейшым!

Беларусь знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Еўропы. І гэтым усё сказана. Нам самім лёсам наканавана быць сувязным мостам паміж Усходам і Захадам.

Для нас непрымальна любая кан'юнктура, жаданне дружыць з кімсьці супраць кагосьці, спекуляваць на міждзяржаўных супярэчнасцях. Таму мы супрацоўнічаем з нашымі традыцыйнымі партнёрамі, але працягваем руку і тым, хто хоча бачыць у нас добрых і шчырых сяброў.

Аб гэтым сведчаць нашы ўзаемаадносіны з Кітаем, Індыяй, дзяржавамі Сярэдняй Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

Адкрыты характар нашай краіны, яе эканоміка, гісторыя і культура патрабуюць, перш за ўсё, цеснага і збалансаванага ўзаемадзеяння з усімі суседзямі.

Я не раз гаварыў, што суседзяў не выбіраюць, яны дадзены нам ад Бога. І нам трэба жыць з імі ў міры і згодзе. Падрэкслю: з усімі суседзямі!

Расія - наш стратэгічны партнёр, і мы будзем імкнуцца да развіцця сапраўды саюзніцкіх адносін з ёю. Сапраўды саюзніцкіх раўнапраўных адносін! Ставячы іх вышэй за "цукровыя", "малочныя" і да таго падобных дробязных спрэчак.

Далейшае развіццё атрымлівае праграматычнае супрацоўніцтва з дзяржавамі Еўрасаюза.

За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў Еўропа змагла сканцэнтраваць каласальныя фінансавыя, вытворчыя і інтэлектуальныя рэсурсы. І гэта адбылося ў многім дзякуючы таму, што перыяд халоднай вайны змяніўся паскораным і маштабным аб'яднаннем. Аднак гэты станоўчы па сваёй сутнасці працэс мае і адваротны бок.

Магчыма, камусьці з нашых еўрапейскіх партнёраў не спадабаецца тое, што я цяпер скажу, але, прынамсі, гэта будзе сумленна і шчыра з майго боку.

На жаль, у гэтай новай, аб'яднанай, Еўропе ў пагоні за геаграфічным пашырэннем стала страчвацца жаданне разумець іншыя народы, іх нацыянальныя асаблівасці, культуры і існуючыя дзяржаўныя традыцыі. Сёння там думаюць больш аб нейкіх фармальных рамках працэсу, чым аб яго змесце.

Часта ацэнку нашай краіне даюць тыя, хто нават не можа паказаць яе на карце. Не гаворачы ўжо аб тым, што яны зусім не ведаюць аб тых пакутах, якія перажыла Беларусь у час Другой сусветнай вайны, якія наступствы чарнобыльскай аварыі мы адчуваем да гэтага часу.

Нельга высакамерна ставіцца да іншых народаў і дзяржаў і лічыць, што толькі уніфікаваны еўрапейскі шлях развіцця правільны, а астатнія - непаўнацэнныя.

Народы розныя, і шляхі ў іх павінны быць розныя. Але з гэтага не трэба рабіць праблему і падганяць усіх пад адзін шаблон. Гісторыя ведае бесперспектыўнасць і небяспеку такіх памкненняў.

Успомнім, што рэжым фашызму ў Германіі ўстанаўліваўся праз дэмакратычныя працэдуры, праз свабоду слова і мітынгаў. Але калі ў таго грамадства быў бы імунітэт супраць такога развіцця падзей, то не было б акупацыі Парыжа, варварскіх бамбардзіровак Лондана. Не было б Асвенціма, Бухенвальда, Трасцянца. Значыць, ёсць рэчы больш важныя, чым фармальнае выкананне абстрактных дэмакратычных прынцыпаў. Гэта - чалавечае жыццё.

Сёння для ўсіх еўрапейцаў галоўным павінна быць разуменне агульных мэт і задач, імкненне рухацца ад іх дасягнення.

Відавочным становіцца, што Беларусь не павінна капіраваць заходнюю палітычную сістэму.

Больш прадукцыйны шлях у агульны еўрапейскі дом - сумесны ўдзел у папярэджанні новых выклікаў і пагроз часу. У вырашэнні сусветных фінансава-эканамічных праблем, у барацьбе з тэрарызмам, наркатрафікам, гандлем людзьмі і ў цэлым шэрагу іншых пытанняў, якія самым непасрэдным чынам закранаюць інтарэсы мільёнаў і мільёнаў людзей. А перапалкі наконт таго, чый парламент лепшы, дзе больш дэмакратыі і правоў чалавека, - гэта шлях у нікуды, у тупік.

Канфрантацыя нікому карысці не прынясе. Яна толькі паставіць пад пагрозу магчымасць стварэння справядлівага светапарадку.

Радуе, што апошнім часам ў Еўрасаюзе пачынаюць разбурацца стэрэатыпы прадузятых адносін да Беларусі. Прыходзіць разуменне, што наша краіна - неад'емная частка Еўропы, прычым з уласным голасам. Шчыра спадзяюся, што гэтыя станоўчыя тэндэнцыі знойдуць сваё далейшае развіццё.

І яшчэ адна думка аб гістарычных уроках. Шмат апошнія гады гаворыцца аб глабалізацыі. Маўляў, яна прынясе ўсім краінам роўныя магчымасці для дынамічнага развіцця, а народам - даброты заходняй цывілізацыі.

І што мы маем у сапраўднасці?

Бедныя сталі яшчэ бяднейшымі, а багатыя як былі багатымі, так і засталіся. Ніякія транснацыянальныя карпарацыі не прыўнеслі ў сусветную супольнасць шчасце і дабрабыт. У кожнай з іх галоўным быў прыватны інтарэс захавання свайго прыбытку, а не лёсы людзей, якія сталі беспрацоўнымі.

Менавіта глабалізм спарадзіў ланцуговую рэакцыю, што ўцягвае ўсе краіны ў сусветны крызіс.

Сусветныя антыкрызісныя саміты, якія ўвайшлі апошнім часам у моду, толькі пацвярджаюць фальшывасць пафасных заяў аб існуючай глабальнай салідарнасці. На словах заклікаючы адзін аднаго аб'ядноўваць намаганні і сумесна пераадольваць крызіс, на справе ўсе кінуліся ўзводзіць міждзяржаўныя бар'еры і аб'яўляць гандлёвыя войны.

Аналіз гэтых рэалій пераконвае ў правільнасці выбранага намі прынцыпу - апірацца трэба толькі на свае сілы, а не спадзявацца на некага збоку.

Формула суверэнітэту Беларусі складаецца з двух раўназначных паняццяў - адказнасці і свабоды.

На іх аснове мы змаглі пабудаваць моцную дзяржаву, забяспечыць дастойны ўзровень жыцця насельніцтва, захаваць грамадскі мір і згоду. Зарэкамендаваць сябе надзейным і прыстойным міжнародным партнёрам.

І тое ліхалецце, якое мы перажываем цяпер, мы пераадолеем. Я ў гэтым цвёрда перакананы.

Дарагія ветэраны!

Сучасная Беларусь знаходзіцца ў неаплатным даўгу перад вамі за тое, што вы выратавалі свет ад карычневай чумы, аднавілі нашу краіну, падарылі жыццё цяперашняму і будучым пакаленням. У гэта светлае свята мы абяцаем вам, што зберажом самую каштоўную спадчыну Вялікай Перамогі - нашу свабодную і незалежную Беларусь. (Апладысменты).

Зробім усё, каб Беларусь была працвітаючай дзяржавай. Каб наша грамадства служыла ўзорам грамадзянскага міру і спакою, дзе няма месца сацыяльнаму, нацыянальнаму і рэлігійнаму разладу. Каб і ў далейшым ветэраны Вялікай Айчыннай, усе пажылыя людзі карысталіся пашанай і ўвагай, маглі разлічваць на дапамогу дзяржавы ў вырашэнні сваіх праблем.

Нізкі вам, паважаныя ветэраны, паклон і ўдзячнасць за ўсё, што вы зрабілі для нас. Жывіце як мага даўжэй і шчасліва. (Апладысменты).

Дарагія сябры!

Вялікае ў нас свята. У няпросты час, але вялікае свята. І мы цвёрда прынялі рашэнне адзначыць яго, як належыць славянскаму народу.

І я ад усяго сэрца віншую вас з 65-годдзем Вызвалення і Днём Незалежнасці Беларусі.

Вялікі дзякуй замежным ветэранам, якія змагаліся за Беларусь, замежным сябрам і партнёрам, якія разам з намі сустракаюць вялікае свята.

Няхай гэтыя ўрачыстасці ўвойдуць у навейшую гісторыю краіны як сімвал народнага адзінства, уздыму патрыятычнага духу і згуртаванасці грамадзян.

Моцнага вам здароўя, новых працоўных дасягненняў, шчасця і сямейнага дабрабыту.

Са святам, дарагія сябры! (Апладысменты).

Версія для друку
© 2001-2009 Прэс-служба
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь