У мэтах стварэння спрыяльных умоў для прыцягнення ў рэспубліку замежных інвестыцый Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 30 чэрвеня падпісаў Указ № 356 "Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання даходаў замежных арганізацый".
У адпаведнасці з дакументам прыцягненне грашовых сродкаў ад замежных арганізацый будзе ажыццяўляцца праз выпуск і размяшчэнне гэтымі замежнымі арганізацыямі каштоўных папер (еўрааблігацый) у сваёй краіне і прадастаўлення атрыманых ад іх размяшчэння грашовых сродкаў беларускім арганізацыям у выглядзе крэдытаў і пазык; а таксама ў рамках сіндыкаванага крэдытнага дагавора (дагавора пазыкі) - адзінага дагавора, які заключаецца беларускай арганізацыяй з некалькімі замежнымі арганізацыямі; і пры кансарцыяльным крэдытаванні - калі замежныя банкі аб'ядноўваюць свае сродкі ў беларускім банку-агенце, які заключае дагавор з беларускай арганізацыяй.
Замежныя арганізацыі вызваляюцца ад выплаты падатку на даходы, якія яны атрымліваюць у якасці працэнтных плацяжоў па крэдытах ад беларускіх арганізацый пры выпуску каштоўных папер ў мэтах крэдытавання гэтых арганізацый і сіндыкаваным крэдытаванні.
Змяняецца парадак падаткаабкладання пры кансарцыяльным крэдытаванні беларускіх арганізацый. У сувязі з гэтым Указам устаноўлена, што замежныя ўдзельнікі простага таварыства, якія не ажыццяўляюць дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва, выплачваюць праз падатковага агента толькі падатак на даходы, а іншыя ўдзельнікі (беларускія і замежныя, якія ажыццяўляюць дзейнасць на тэрыторыі рэспублікі) самастойна выконваюць свае падатковыя абавязацельствы па падатках (зборах) у адпаведнасці з заканадаўствам.
Акрамя таго, беларускім банкам дазваляецца ўключаць у затраты, што ўлічваюццца пры падаткаабкладанні, расходы на аплату паслуг (юрыдычных, рэйтынгавых, біржавых, аўдытарскіх), якія яны пералічваюць замежным арганізацыям, што выпускаюць еўрааблігацыі.
Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь |