Сродкі інавацыйных фондаў пераважна будуць сканцэнтраваны на рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Беларусі, навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ, работ па падрыхтоўцы і асваенню вытворчасці новых відаў навукаёмістай прадукцыі. Гэта прадугледжана падпісаным Прэзідэнтам Беларусі Указам № 596 "Аб некаторых пытаннях фарміравання і выкарыстання сродкаў інавацыйных фондаў".
У дакуменце замацаваны статус інавацыйных фондаў, за выключэннем інавацыйных фондаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, грамадскіх аб'яднанняў "Беларускае таварыства глухіх" і "Беларускае таварыства інвалідаў па зроку", як дзяржаўных мэтавых бюджэтных фондаў.
Для распарадчыкаў сродкаў інавацыйных фондаў устанаўліваецца нарматыў адлічэнняў у інавацыйныя фонды ў памеры не больш як 0,25 % ад сабекошту прадукцыі, тавараў (работ, паслуг).
У мэтах фарміравання дадатковых фінансавых рэсурсаў, што накіроўваюцца на вырашэнне важнейшых задач інавацыйнага развіцця краіны, для асобных распарадчыкаў сродкаў інавацыйных фондаў устаноўлены павышаныя памеры адлічэнняў у інавацыйныя фонды, а таксама прадастаўлена магчымасць арганізацыям, падведамным гэтым распарадчыкам, накіроўваць у інавацыйныя фонды частку прыбытку, што застаецца пасля падаткаабкладання.
Істотна скарачаецца колькасць напрамкаў выкарыстання сродкаў інавацыйных фондаў. Акрамя пералічанага ўжо, сродкі таксама будуць накіроўвацца на: фінансаванне праграм па энергазберажэнню, укараненне новых энергаэфектыўных тэхналогій і абсталявання, а таксама рэалізацыю міжнародных праектаў у галіне энергазберажэння; фінансаванне на выплатнай аснове навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ і работ па арганізацыі і асваенню вытворчасці навукова-тэхнічнай прадукцыі праз Белінфонд.
Прыняцце Указа дасць магчымасць сканцэнтраваць дадатковыя рэсурсы для выканання важных дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў, а таксама ўстанавіць дзейсны кантроль за поўным і своечасовым пералічэннем плацяжоў у даходы адпаведных інавацыйных фондаў. |