Развіццё айчынных даследаванняў у сферы ядзернай энергетыкі павінна прынесці адчувальную карысць беларускай эканоміцы, сацыяльнай сферы, навуковаму патэнцыялу, а таксама ваеннай бяспецы краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 мая, наведваючы дзяржаўную навуковую ўстанову "Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Дзякуючы прамой падтрымцы Кіраўніка дзяржавы ў 1990-я гады інстытут удалося выратаваць ад развалу. Прэзідэнт бываў тут у 1998 і 2002 гадах. На гэты раз Аляксандр Лукашэнка агледзеў і правёў афіцыйны запуск даследчага ядзернага міні-рэактара - крытычнага стэнда "Гіяцынт", створанага па яго даручэнню і пры садзейнічанні Міжнароднага агенцтва па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ). Прэзідэнт таксама азнаёміўся з унікальнымі найноўшымі тэхналогіямі і абсталяваннем, распрацаванымі беларускімі вучонымі.
Аляксандру Лукашэнку была прадстаўлена падрабязная інфармацыя аб развіцці гэтага міжнароднага праекта. Інстытут стварыў крытычны стэнд "Гіяцынт" для даследаванняў нейтронных размнажальных сістэм і выканання розных работ у інтарэсах эканомікі Беларусі. Паводле слоў Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіла Мясніковіча, "Гіяцынт" з’яўляецца унікальным комплексам па ядзерных даследаваннях, які, разам з комплексам "Яліна", што таксама размешчаны ў Соснах, уваходзіць у вядучую сусветную дзесятку аналагічных сістэм. "Гіяцынт" - гэта аб’ект вышэйшага тэхналагічнага ўкладу (да гэтага ўкладу адносяцца касмічныя, ядзерныя і нанатэхналогіі)", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.
Новы крытычны стэнд дасць магчымасць ажыццяўляць нязгасную ядзерную рэакцыю без знешніх крыніц. Комплекс прызначаны для адпрацоўкі пытанняў, звязаных з канструяваннем атамных рэактараў, работ з аптымізацыяй паліва (павышэнне ККД), выпрабаванняў тэхнікі на ядзерную ўстойлівасць, падрыхтоўкі і стажыроўкі кадраў для галіны ядзернай энергетыкі, а таксама ўзаемавыгаднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з ядзернымі цэнтрамі замежных краін.
Ажыццяўленне гэтага праекта з’яўляецца індыкатарам інавацыйнага характару развіцця беларускай эканомікі. Адзначаецца высокая цікавасць ядзерных дзяржаў (у прыватнасці ЗША і Расіі) да выкарыстання беларускага патэнцыялу для сумесных праектаў у сферы даследаванняў ядзернай энергетыкі. Паводле інфармацыі НАНБ, на адзін долар сродкаў, укладзеных у комплекс "Яліна", прыпадае чатыры долары інвестыцый, атрыманых з-за мяжы. Вельмі важна, што ўсе работы, якія праводзяцца інстытутам, былі ўзгоднены з МАГАТЭ, а рэалізацыя праекта "Гіяцынт" праходзіла з міжнароднай падтрымкай.
Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, Беларусь мае самыя перадавыя пазіцыі ў свеце па ядзерных даследаваннях. "Гэта не толькі наша сцвярджэнне, але і меркаванне замежных калег, якія супрацоўнічаюць з намі па комплексах "Яліна" і "Гіяцынт", - сказаў ён.
Цяпер беларускія вучоныя працуюць над пытаннямі ўкаранення вадародных энергетычных тэхналогій, якія прыйдуць на змену выкарыстанню энергіі ядзернага распаду. Да гэтых распрацовак вялікую цікавасць праяўляюць замежныя вучоныя: з Японіі, Кітая, ЗША і іншых краін.
У ходзе наведвання інстытута ў Соснах Аляксандр Лукашэнка выслухаў даклады аб развіцці ядзернай энергетыкі Беларусі. У прыватнасці, Кіраўніку дзяржавы была прадстаўлена інфармацыя аб ходзе работ па будаўніцтву першай беларускай атамнай электрастанцыі, развіцці адпаведнай інфраструктуры.
Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны" НАН Беларусі створаны ў 2001 годзе і з’яўляецца правапераемнікам Інстытута ядзернай энергетыкі Акадэміі навук БССР. На момант стварэння інстытута на яго пляцоўцы былі ўведзены ў эксплуатацыю даследчы атамны рэактар ІРТ-2000, стэндавы корпус з цеплафізічнымі эксперыментальнымі ўстаноўкамі, створана лабараторыя рэактараў фізічнай магчымасці. Гэта адзіная ў краіне ўстанова, якая мае вопыт навуковага суправаджэння, праектавання ядзерных рэактараў, крытычных зборак і іншых ядзерных і радыяцыйных установак, а таксама навуковага кіраўніцтва праектаў стварэння перасовачнай АЭС. |