Прэс-канферэнцыя для прадстаўнікоў СМІ рэгіёнаў Расіі | ||
| www.president.gov.by | ||
|
У Расіі павінна быць дакладная інфармацыя аб жыцці ў Беларусі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі рэгіёнаў Расіі. Паводле слоў беларускага лідэра, з мэтай большага інфармавання расіян аб жыцці беларусаў і было прынята такое рашэнне - рэгулярна праводзіць вялікія прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў. І ў першую чаргу для тых, хто прадстаўляе СМІ рэгіёнаў Расіі, дзе аб'ектыўная інфармацыя аб Беларусі сёння асабліва запатрабавана. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што саюз Беларусі і Расіі цэментуюць менавіта міжрэгіянальныя сувязі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што гэта прэс-канферэнцыя - ужо шостая па ліку. Паколькі з часу папярэдняй сусрэчы прайшоў амаль год, у Саюзнай дзяржаве і за яе межамі адбылося шмат падзей, накапілася нямала пытанняў па беларускай тэматыцы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з задавальненнем адкажа на ўсе пытанні, якія цікавяць журналістаў. У Беларусі не вядзецца размова аб размяшчэнні расійскай ядзернай зброі. "На Захадзе будуюць розныя варыянты развіцця падзей, аж да таго, што мы размесцім расійскія сродкі ППА або ядзерную зброю. Ніхто сёння аб гэтым размову не вядзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у Беларусі і так дастаткова ваеннай моцы для забеспячэння ўласнай бяспекі і бяспекі Саюзнай дзяржавы на сваім участку. "Мы многаму за гэты час навучыліся, проціпаветраная абарона ў нас добрая, таму расіяне і просяць нас падпісаць дагавор аб проціпаветранай абароне, юрыдычна стварыць адзіную ППА, хоць практычна яна ў нас існуе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён, у прыватнасці, расказаў расійскім журналістам, што нядаўна разлікі ППА Беларусі вярнуліся з расійскага палігона Ашулук у Астраханскай вобласці, дзе правялі на "выдатна" вучэнне з рэальнымі пускамі ракет. Будаўніцтва Саюзнай дзяржавы знаходзіцца ў замарожаным стане, заявіў Прэзідэнт Беларусі. "Мы, вядома, зрабілі вельмі многае ў адносінах Беларусі і Расіі. Але, з іншага боку, мы маглі дабіцца гэтага і без Саюзнай дзяржавы, проста ў рамках двухбаковых адносін брацкіх дзяржаў", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што апошнія падзеі на Каўказе пацвярджаюць непрымальнасць праекта ўключэння Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі. "Вы ведаеце, у свой час былі такія павевы. Сёння ўжо многія палітыкі, няхай не ўслых, але ціха гавораць, што я меў рацыю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. "Гэта зусім не патрэбна - ні Беларусі, ні Расіі. У адваротным выпадку Расія проста страціць надзейнага саюзніка і суб'ект міжнароднага права", - лічыць Прэзідэнт. Беларускі лідэр нагадаў прыклад адносін СССР і Балгарыі, якая была гатова ўступіць у склад Савецкага Саюза. "Але тады савецкае кіраўніцтва зрабіла мудра. Балгарыя і так фактычна была 16-я савецкая рэспубліка. Навошта ж пазбаўляцца саюзніка на міжнароднай арэне, пазбаўляцца аднаго голасу ў ААН і іншых арганізацыях", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт Беларусі перакананы, што ў саюзным будаўніцтве было зроблена даволі шмат. Перш за ўсё - падпісаны дагавор аб будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. "Сёння мы лічым, што гэты дагавор трэба выконваць, - падкрэсліў ён. - Калі патрэбна яго карэкціроўка, мы не супраць. Але я праціўнік таго, каб гэты дагавор карэкціраваць у бок аслаблення. У адваротным выпадку - які сэнс?" Паводле слоў Кіраўніка беларускай дзяржавы, абодва народы ўспрымаюць адназначна станоўча гэты працэс. "Напэўна, віна ляжыць на нас, палітыках. Штосьці мы не падзялілі, штосьці мы недагаварылі, дзесьці няправільна зрабілі, не тыя ацэнкі давалі", - лічыць Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што падзеі ў свеце развіваюцца настолькі дынамічна, што "ў бліжэйшы час свет прымусіць нас вярнуцца да гэтай праблемы, абмеркаваць яе прынцыпова, і дакладна сказаць людзям, што мы будзем рабіць далей". "Пакуль іншыя праблемы - я лічу, больш дробныя - выцясняюць гэта пытанне на другі план," - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы. У Беларусі адкрыты дзверы для прыходу ў краіну салідных інвестараў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго ў расійскіх СМІ крытыкуюць, маўляў, Прэзідэнт Беларусі няўступчывы і не хоча прадаваць беларускую ўласнасць расійскім кампаніям. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым запярэчыў: "Бо калі дзяржаўнае прадпрыемства, створанае намаганнямі ўсяго народа, выдатна працуе і прыносіць добры прыбытак, то навошта яго прадаваць?" Пры гэтым ён падкрэсліў, што для прыходу ў Беларусь салідных інвестараў дзверы адкрыты: "Стварайце новыя вытворчасці, валодайце імі, сумленна працуйце, атрымлівайце прыбытак, плаціце падаткі. У нас прыватны бізнес вітаецца. Але прыватызаваць і прадаць за бясцэнак высокарэнтабельны завод для нас нявыгадна, таму што ніякай карысці ад гэтага народ і дзяржава не атрымаюць. І пасля, любое прадпрыемства - гэта сотні, тысячы людзей. Іх лёсы, лёсы іх сем'яў - для нас галоўнае. Паклаўшы руку на сэрца, адкажыце мне сумленна, ці многіх новых уласнікаў клапоцяць лёсы людзей. Адказ вядомы. Раз-пораз даведваемся аб звальненнях, аб людзях, выкінутых на вуліцу новымі ўладальнікамі прадпрыемстваў. Хоць і кажуць, што бізнес павінен быць сацыяльна адказным". Прэзідэнт адзначыў, што не беларусы прыдумалі сацыяльную арыентацыю эканомікі. На Захадзе аб гэтым сур'ёзна даўно задумаліся многія дзяржавы, якія заклапочаны захаваннем стабільнасці і дабрабыту ў грамадстве і імкнуцца не дапусціць сацыяльных узрушэнняў. Ідучы за сусветным вопытам, мы таксама імкнёмся вучыць уласнікаў прадпрыемстваў нормам і правілам сацыяльнай адказнасці, клопату аб людзях, аб краіне, сказаў Кіраўнік дзяржавы. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў нядаўна адкрыты ў Салігорску новы шматфункцыянальны лядовы палац. Дзве трэці сродкаў, укладзеных у яго будаўніцтва, - з прыбыткаў "Беларуськалія". Прадпрыемства штогод траціць вялікія грошы на "сацыялку". А магла б быць альтэрнатыва - усе прыбыткі ішлі б на чый-небудзь асабісты рахунак у захоўднім банку, ва ўсялякім выпадку, у сярэдзіне 90-х да таго справа ішла. Беларусь разам з Расіяй будзе прыкладаць намаганні для забеспячэння бяспекі грамадзян дзвюх краін. "Гэта пытанне ў нашым парадку дня стаіць пад нумарам адзін - як адказваць на выклікі і пагрозы, і што будзем рабіць у бліжэйшы час і ў агляднай будучыні, каб нас не папракалі ў непрапарцыянальнасці, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы будзем рэагаваць, і гэта не павінна быць сакрэтам. Але будзем рэагаваць прапарцыянальна, адэкватна, для таго, каб абараніць інтарэсы нашых дзяржаў і нашых народаў". Прэзідэнт адзначыў: "Толькі трэба гэта рабіць сумленна, адкрыта і гаварыць аб гэтым загадзя, а не тады, калі нешта здарыцца і потым у нас пачынаецца аўрал. У ваенных гэтага быць не павінна". Беларусь і Расія знялі цэлы шэраг эканамічных праблем, якія востра стаялі год таму і перашкаджалі развіццю гандлёва-эканамічных сувязей. Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што беларуска-расійскі тавараабарот па выніках гэтага года перасягне $30 млрд. У 2007 годзе аб'ём узаемнага гандлю склаў $26 млрд. Расійскія журналісты пабывалі на вытворчым аб'яднанні "Беларуськалій" у Салігорску. Яго прадукцыю прадае Беларуская калійная кампанія - сумеснае дзецішча "Беларуськалія" і расійскага " Уралкалія", найбуйнейшы ў свеце пастаўшчык калійных угнаенняў. Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі, "прадукцыя настолькі запатрабавана, што не паспявае папасці на склад". І прыбыткі тут вялікія. Але гэта сёння, калі ёсць БКК. А калі б беларускія і расійскія вытворцы калійных угнаенняў дзейнічалі не сумесна, а паасобку? Не было б гэтых прыбыткаў, усё аддалі б на водкуп канкурэнтам, як гэта і было раней, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, паказальны і той факт, што паспяховаму супрацоўніцтву зусім не перашкаджае прыналежнасць прадпрыемстваў розным формам уласнасці: "Беларуськалій" - дзяржаўнае, а "Уралкалій" - прыватнае. Яны добра ўжываюцца і разам дабіваюцца выдатных вынікаў. Галоўнае, каб былі адзіныя мэты і ўзаемная гатоўнасць да сумленных партнёрскіх адносін, лічыць Прэзідэнт Беларусі. Пытанне прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі больш складанае, чым падтрымка або непадтрымка пазіцыі Расіі. "Прызнаць або не прызнаць Абхазію - для нас гэта не толькі падтрымаць або не падтрымаць пазіцыю Расіі, - сказаў Прэзідэнт. - Прыйдзе час, і мы разгледзім гэта пытанне ў Беларусі. Напэўна, так, як яго разгледзела Расійская Федэрацыя, - у парламенце". "Я лічу, што нашы дэпутаты звернуцца да гэтага пытання. Замоўчаць, прамаўчаць мы не можам - не маем права. Гэта будзе несумленна ў адносінах і да Расіі, і да Абхазіі. Аналагічна і з Паўднёвай Асеціяй", - адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Мы з абхазскім народам і гэтай рэспублікай даўно маем вельмі добрыя адносіны. Яны пачаліся з таго, калі 7-8, можа, 10 гадоў таму прэзідэнтам Грузіі было пастаўлена пытанне аб тым, каб эканамічна блакіраваць Абхазію і прымусіць яе адмовіцца ад прэтэнзій на незалежнасць". "Заблакіраваў тады гэту рэзалюцыю - я, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нездавальненне кіраўніцтва Грузіі было жудаснае, але я прама сказаў, што Беларусь у гэтым удзельнічаць не будзе". Ён таксама нагадаў, што Беларусь неадкладна пасля ўзброенага канфлікту накіравала ў Паўднёвую Асецію гуманітарны груз. Аляксандр Лукашэнка адзначае высокую ступень даверу ў існуючых адносінах паміж прэзідэнтамі Расіі і Беларусі. Кіраўнік беларускай дзяржавы канстатаваў, што ў ходзе праведзеных двухбаковых сустрэч на вышэйшым узроўні былі дасягнуты дамоўленасці па многіх прынцыповых пытаннях. Аляксандр Лукашэнка не выключае, што да канца бягучага года адбудзецца яшчэ дзве сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым: у рамках пасяджэння Вышэйшага Дзяржсавета, а пры неабходнасці - і напярэдадні гэтага мерапрыемства. "Дай Бог, каб нашы адносіны - і асабістыя, і як кіраўнікоў дзвюх дзяржаў - і далей так развіваліся. Калі б узнікла неабходнасць, мы знайшлі б час у графіку і сустрэліся б неадкладна ў любым месцы. Аб гэтым мы дамовіліся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Трэба імкнуцца да таго, каб АДКБ стала паўнацэннай ваеннай арганізацыяй. На гэты час існуе яшчэ шмат нюансаў, якія могуць не задавольваць у АДКБ. Такі пункт гледжання выказаў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні расійскіх журналістаў у Мінску. "Хацелася б, каб АДКБ была сапраўднай арганізацыяй, як НАТА. У іх ёсць дакладны дагавор: калі нейкая краіна з НАТА зведала агрэсію, то ваююць усе. У нас гэты пункт нават не ўсе ўдзельнікі ратыфікавалі. Але да гэтага трэба ісці", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Калі Беларусь і Расія, з'яўляючыся саюзнікамі, гатовы да гэтага, трэба праводзіць такую палітыку, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Калі ж да нас будуць гатовы далучыцца іншыя, напрыклад Казахстан, то трэба ўсё прапісаць і строга выконваць", - падкрэсліў беларускі лідэр. Беларусь зможа праз 1-2 гады замяніць імпарт сельгастэхнікі ўласнымі трактарамі і камбайнамі. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў гэтым годзе наша краіна сабрала рэкордны ўраджай збожжа і ён забяспечаны за кошт айчыннай сельскагаспадарчай тэхнікі. "Мы адыходзім ад імпарту многіх прадуктаў. Нам яшчэ патрэбен час, каб гэтыя пазіцыі замацаваць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, неабходна яшчэ "год-два, каб давесці якасць тэхнікі да патрэбнага ўзроўню, стварыць свой рухавік для магутнага трактара". Пры гэтым энерганасычаныя трактары магутнасцю 350-420 к.с. у Беларусі ўжо ёсць. Яны ў будучыні і змогуць замяніць імпартныя аналагі. Аляксандр Лукашэнка таксама канстатаваў, што Беларусь закупляе імпартную сельгастэхніку вядомых сусветных брэндаў, каб бачыць, на якім узроўні цяпер развіваецца гэта вытворчасць. "Мы закупілі гэту тэхніку, але ў асноўным карыстаемся беларускімі трактарамі", - падкрэсліў Прэзідэнт. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, за апошнія 10 гадоў у Беларусі створана лінейка новых высокатэхналагічных камбайнаў, у той час як раней адна мадэль распрацоўвалася па 12 гадоў. "Цяпер на беларускую тэхніку на МТЗ, МАЗе чэргі на год наперад з перадаплатай, мы не паспяваем выконваць заказы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Разам з тым беларуская прамысловасць імкнецца выканаць заказы спажыўцоў". Прэзідэнт адзначыў, што цяпер у Беларусі наладжваецца вытворчасць многіх збожжавых і зернебабовых культур, якія раней імпартаваліся. Напрыклад, сланечніку, соі, рапсу. Поўнасцю забяспечана патрэбнасць ва ўласным цукры. Гэтай прадукцыі Беларусь выпускае больш, чым неабходна для ўнутранага рынку. Рэспубліка адмовілася ад закупак цыбулі, часнаку, іншых відаў агародніны. Створана ўласная вытворчасць насення кукурузы. "У гэтым годзе мы атрымалі ўраджай збожжавых большы, чым у Краснадарскім краі", - сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь у перапрацоўчай прамысловасці імкнецца вырабляць натуральныя прадукты з натуральнай сыравіны. А для таго, каб яны былі канкурэнтаздольныя на рынку, вырашаны і многія праблемы ўпакоўкі тавараў. Беларусь будзе наладжваць адносіны з Захадам, аднак не ва ўрон адносінам з Расіяй. "Мы будзем наладжваць адносіны з Захадам, у нас няма іншага выйсце, у нас агульная граніца. Але інтарэсы Беларусі і Расіі, свае абавязацельствы мы будзем свята выконваць, таму што мы ў самым цесным саюзе з Расійскай Федэрацыяй і ў эканамічных, і ў палітычных, і ў ваенных адносінах", - падкрэсліў беларускі лідэр. "Захад нашу пазіцыю ведае, што мы не можам сябраваць, напрыклад з Амерыкай, за кошт Расіі. Я даўно сказаў: я дружбай з рускімі не гандлюю. Гэта наша прынцыповая пазіцыя", - адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў наяўнасць у мінулым многіх праблем як у адносінах з Захадам, так і з Расіяй. "Мы не збіраліся ўстройваць канфрантацыю з Захадам. Мы проста будавалі сваю краіну. Часам мы траплялі ў клешчы і з боку Расіі, і з боку Захаду. Аднак мы не загінулі, мы спакойна развіваліся, нават пасля таго, як у 2,5 раза Расія павысіла аднамомантна цэны на газ і ўвяла пошліну на нафту, што ніяк не вяжацца з нашымі саюзніцкімі адносінамі", - сказаў Прэзідэнт. Аднак, паводле яго слоў, у гэтай сітуацыі "самае страшнае не сам рост цэн, а тое, што такім чынам Беларусь можа быць выштурхнута з гандлёва-эканамічнага поля Расіі". "Як у такіх умовах канкурыраваць беларускай прадукцыі?" - задаўся пытаннем Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што геапалітычнае становішча Беларусі абавязвае падтрымліваць адносіны як з Усходам, так і з Захадам. "Мы ні з кім сварыцца не збіраемся. Мы мост паміж Усходам і Захадам. І мы павінны выкарыстаць наша геапалітычнае становішча", - сказаў беларускі лідэр. Ён таксама заўважыў, што ў выпадку неабходнасці Беларусь гатова абараняць Расію на сваёй тэрыторыі. "Калі тут успыхне пажар і гэта будзе накіравана супраць Расіі, мы будзем тут ваяваць за агульныя інтарэсы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт таксама дадаў: "Мы ў амерыканцаў павінны вучыцца, як трэба абыходзіцца з саюзнікамі. Не трэба баяцца абараняць свае інтарэсы". "Мы бачым, як развіваецца свет, бачым узнікаючыя ў свеце выклікі, і адсядзецца ціха нікому не ўдасца, у тым ліку і ў ціхай спакойнай Беларусі", - рэзюмаваў Прэзідэнт. Экалогія - адзін з найважнейшых прыярытэтаў беларускай дзяржавы, заявіў Прэзідэнт Беларусі. "Мой галоўны прынцып - ні ў якім выпадку не разбураць прыродную гармонію, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - У Беларусі любы чыноўнік ведае: калі нехта недзе пачне бяздумна высякаць дрэвы, ён будзе мець справу з Прэзідэнтам". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на тэрыторыі Беларусі "лёгкія" Еўропы - балоты Палесся. Акрамя таго, у краіне хуткімі тэмпамі зараўноўваюцца выкарыстаныя кар'еры, прымаюцца своечасовыя меры па належнай утылізацыі смецця. "У выніку чарнобыльскіх падзей беларусы вельмі чула ставяцца да экалагічнай праблематыкі. Кожны чалавек у нас мае да гэтага ўсхваляваныя адносіны, і перш за ўсё - Прэзідэнт", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на тое, што пры мадэрнізацыі прадпрыемстваў былі ўкладзены вялікія сродкі ў абсталяванне, якое забяспечвае выкананне самых сучасных экалагічных патрабаванняў. "Мы хочам застацца чыстай краінай, нават наперакор Чарнобылю". - рэзюмаваў Прэзідэнт. Вопыт Беларусі па адраджэнню і рэфармаванню вёскі запатрабаваны ў Расіі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускіх спецыялістаў, кіраўнікоў гаспадарак запрашаюць у расійскія рэгіёны і просяць падзяліцца вопытам стварэння аграгарадкоў, буйнатаварных жывёлагадоўчых комплексаў, у цэлым аднаўлення сельскай гаспадаркі. "Мы паступова пераносім гэты вопыт у расійскія рэгіёны і цесна з імі супрацоўнічаем", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. У Беларусі прыватызавана чвэрць сельскіх гаспадарак: тры гады таму было прынята рашэнне 500 неэфектыўна працуючых гаспадарак прапанаваць бізнесу. Былыя калгасы былі далучаны да прамысловых прадпрыемстваў. Паводле слоў Прэзідэнта, не ўсе тады віталі такія рашэнні, "мала хто ахвотна ішоў на гэта". Але ім была захавана дзяржаўная падтрымка, прадастаўлены ўмовы для работы. "Цяпер ужо ніхто не хоча адмаўляцца ад гэтых зямель, яны іх нікому не аддадуць. Тым больш цяпер, калі ў свеце павышаецца попыт на прадукты харчавання", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Мы не супраць прыватнай уласнасці ў вёсцы, але там гэта трэба рабіць вельмі акуратна, што мы і робім". Гэты вопыт Беларусь таксама перадае расійскім рэгіёнам. У Беларусі захаваецца ўзважаны падыход да прыватызацыі прадпрыемстваў, заявіў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. "Абвальнай прыватызацыі не будзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што гэтыя мерапрыемствы будуць ажыццяўляцца кропкава, па канкрэтных аб'ектах. "Так, мы заявілі аб тым, што акцыяніруем. Калі прыйдзе цікавы інвестар, жадаючы набыць 10 працэнтаў акцый, разгледзім гэту прапанову, але кантроль над прадпрыемствам мы не страчваем", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. "Акцыяніраванне не азначае, што мы заўтра аддадзім камусьці газа- і нафтаправоды", - падкрэсліў Прэзідэнт, не выключыўшы пры гэтым магчымасць супрацоўніцтва з інвестарам пры выкананні пэўных умоў беларускага боку. "Мы не супраць прыватнай уласнасці, не супраць прыватызацыі. Але мы хочам гэта рабіць па-гаспадарску, на карысць усім людзям - у гэтым сэнс сацыяльна арыентаванай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, на прадпрыемствах з прыватным капіталам ёсць свае перавагі, напрыклад больш развіта ініцыятыва персаналу, аднак ёсць і свае мінусы. "Прыватнік атрымаў прыбытак - і ўвесь вывез. А мы ўвесь гэты прыбытак рэінвесціруем у развіццё вытворчасці", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Прыватнік не змог бы рэалізаваць такія шырокамаштабныя праграмы тэхпераўзбраення, якія рэалізуюцца, напрыклад, на МТЗ (у развіццё завода інвесціравана $680 млн., яшчэ $1,2 млрд. будзе ўкладзена ў адпаведнасці з новай праграмай на перыяд да 2013 года). Такім чынам, дзяржава мае магчымасць падтрымаць прадпрыемства і на перспектыву. Акрамя таго, пазіцыя дзяржавы ў тым, што неабходна захаваць кадравы патэнцыял на прадпрыемствах. Галоўнае - не абсталяванне, а людзі, падкрэсліў Прэзідэнт. Беларуская сістэма ўлады заснавана не на аўтарытарызме, а на зладжанай рабоце органаў кіравання, пры важкім аўтарытэце Прэзідэнта. Такую думку выказаў сёння кіраўнік дзяржавы ў час прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ. "Сёння ўлада працуе як адзіная каманда", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Я ніколі не прымаю рашэнні ні з сяго ні з таго. Так, знешне я магу секануць, жорстка сказаць і пракантраляваць. Але да гэтага мы калегіяльна дзесяткі разоў усё гэта пракруцім, абмяркуем. А потым, зразумела, - жорсткае рашэнне і жорсткі кантроль. Вось у чым сутнасць так званага аўтарытарызму, як я яго разумею", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што без аўтарытэту Прэзідэнта не можа быць выбудавана эфектыўная сістэма кіравання дзяржавай. Аляксандр Лукашэнка лічыць праведзеныя ў Пекіне Алімпійскія Гульні Алімпіядай упушчаных магчымасцей для Беларусі. Нягледзячы на 19 медалёў - ніколі яшчэ такой колькасці наша краіна не заваёўвала, беларускія спартсмены маглі б выступіць значна лепш і ўзяць яшчэ 5 узнагарод вышэйшай вартасці, заявіў Кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанні расійскіх журналістаў у Мінску. "Упушчаны магчымасці па пяці відах спорту. І ў бягучым годзе, і ў мінулым нашы спартсмены паказвалі лепшыя вынікі, а на Алімпіядзе праваліліся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым ён дадаў, што ў Беларусі ўдзяляецца сур'ёзная ўвага вялікаму спорту. "Зрухі ў лепшы бок ёсць. Мы бачым свае рэзервы і можам спаборнічаць. Лічу, што ў Вялікабрытаніі беларускія спартсмены выступяць лепш", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. Паляпшэнне якасці расійскіх аўтамабіляў зможа павялічыць аб'ём іх продажаў у Беларусі. "Чаму мала машын? Дык гэта пытанне не да мяне, калі іх мала. Па-мойму, мы дастаткова купляем у ВАЗа аўтамабіляў. Я не думаю, што іх мала, але для таго, каб іх было больш, трэба каб машына была добрая, тады людзі будуць іх купляць", - сказаў Прэзідэнт, адказваючы на пытанне журналіста. "Я за тое, каб гэтых машын было больш і каб аўтарытэт гэтай маркі быў нармальным", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт Беларусі стараецца далучыць да горных лыжаў усё сваё асяроддзе. "Калі мы ляцім у Казахстан, то як не заехаць на Чымбулак і не пракаціцца там. Або ў Краснай Паляне, у Сочы з кім-небудзь сустракаюся - усе на лыжы і наперад", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, на горныя лыжы ўстаюць усе суправаджаючыя. "Умеешь, не ўмееш - уставай і ідзі. Потым дзякуюць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. Гутарка з журналістамі - экзамен для любога палітыка, у тым ліку Прэзідэнта. Аб гэтым заявіў сёння Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі рэгіёнаў Расіі. "Падрыхтавацца да прэс-канферэнцыі практычна немагчыма, спытаць могуць што хочаш, і калі ты не ведаеш нечага, не зможаш з імі весці размову. Таму гутарка з журналістамі - экзамен для любога палітыка, кім бы ён ні быў", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўражанні розныя ад сустрэчы з рознымі журналістамі. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ён "з'яўляецца прыхільнікам шчырай палітыкі, наколькі гэта магчыма". Прэзідэнт падкрэсліў, што выкараніць хлусню асобных журналістаў і выданняў немагчыма, таму цяпер спакойна ставіцца да таго, што пішуць пра Беларусь і асабіста пра яго. Прэзідэнт заўважыў, што апазіцыя гаворыць, вось, маўляў, Лукашэнка сабраў усіх сваіх прыхільнікаў з Расіі, і яны напішуць, што трэба. У сувязі з гэтым Прэзідэнт сказаў: "Я заўсёды прашу запрасіць усе выданні на такія прэс-канферэнцыі, у тым ліку і тыя, якія крытыкуюць або наогул толькі дрэннае пра нас пішуць. Няхай журналісты пабудуць тут і ўсё ўбачаць на свае вочы. І не так важна, што яны напішуць. Важна, што чалавек правільна ацэніць убачанае незалежна ад таго, дадуць яму магчымасць напісаць гэта ці не. Я разумею, што не ўсё ад яго залежыць. Яны ўбачаць жыццё і тое, што на самай справе адбываецца ў Беларусі, шчыра раскажуць сваім сябрам, сваякам. Таму я заўсёды настойваю, каб журналісты былі розныя, у тым ліку і тыя, хто на дух не пераносіць Беларусь і Лукашэнка". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яму прыемна размаўляць з журналістамі, у тым ліку з расійскіх рэгіёнаў, якія заўсёды знаходзяцца ў гушчы падзей. "Калі я прыязджаю ў які-небудзь рэгіён Расіі, да мяне нармальна ставяцца людзі, у большасці выпадкаў з вашай падачы. Яны прачыталі нармальную інфармацыю пра Беларусь", - растлумачыў Прэзідэнт. "Журналістаў я вельмі паважаю, гэта мае прыхільнікі. Не было б журналістаў - ніхто б не ведаў, што хоча Лукашэнка, чым ён займаецца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Беларусь і Кітай наладзілі добрыя ўзаемаадносіны ў сферы спорту. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паміж нашымі краінамі актыўна развіваюцца адносіны ў многіх галінах, асабліва ў эканоміцы. Вялікія перспектывы мае і ўзаемадзеянне ў спартыўнай галіне. Паводле слоў Прэзідэнта, гэта супрацоўніцтва будзе развівацца на ўзаемавыгаднай аснове. У прыватнасці, кітайскія спецыялісты будуць дапамагаць рыхтавацца беларускім спартсменам, якія выступаюць у водных відах спорту. У сваю чаргу, беларускія спецыялісты дапамогуць кітайскім калегам у падрыхтоўцы спартсменаў у складаных у тэхнічным выкананні дысцыплінах, напрыклад, такіх як кіданне молата і штурханне ядра. Перспектыўным з'яўляецца і супрацоўніцтва спецыялістаў дзвюх краін у хакеі, які пачынае развівацца ў Кітаі. У краіне павінна быць забяспечана свабодная канкурэнцыя і поўная свабода перамяшчэння тавараў і паслуг. "Нядаўна быў тэлерэпартаж, дзе журналісты вельмі правільна крытыкавалі ўлады за тое, што кожны рэгіён спрабуе абысціся сваім таварам і не пускае на рынак прадукцыю іншых рэгіёнаў, неафіцыйна ствараючы перашкоды ў форме падаткаў і іншых замарочак", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Гэта недапушчальна. У бліжэйшы час наконт гэтага будуць прыняты вельмі жорсткія меры", - падкрэсліў Прэзідэнт. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не з'яўляецца прыхільнікам забаронных мер у барацьбе з п'янствам і алкагалізмам. "Трэба людзей з вуліцы выцягваць, трэба ў сем'ях працаваць, трэба маладому чалавеку паказваць каштоўнасць адукацыі. Я хоць і не п'ю сам і вельмі балюча перажываю праблему, але ў мяне тармазы працуюць, я наводмаш не сяку", - сказаў Кіраўннік дзяржавы. Пры гэтым ён адзначыў: "Мы, славяне, наўрад ці пераможам гэта зло. Галоўнае, каб злачынстваў на гэтай глебе на ўчынялася і п'яны чалавек не перашкаджаў цвярозаму жыць". На працягу 5 гадоў у Беларусі плануецца закрыць усе дзіцячыя дамы, а дзяцей перасяліць у дзіцячыя вёскі. "У рэспубліцы дзіцячых дамоў амаль 30 тыс., - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Замест іх мы будуем дзіцячыя вёскі". Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што сёння хутка пайшоў працэс усынаўлення ўнутры краіны. Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава клапоціцца і аб тых дзецях, якія растуць у няўдалых сем'ях. "Мы забіраем дзяцей з такіх сем'яў. Пры гэтым бацькі абавязаны аплаціць іх утрыманне. Калі не хочаш - мы цябе прымусім. Аж да самых жорсткіх прымушальных мер", - адзначыў беларускі лідэр. Паводле яго слоў, сёння за ўтрыманне дзяцей ужо плацяць каля 40 працэнтаў бацькоў, некаторыя гатовы забраць іх назад дадому. Аднак, як заўважыў Прэзідэнт, вяртаючы дзіця, дзяржава будзе жорстка кантраляваць, як з ім абыходзяцца ў сям'і. "Мы толькі ў пачатку шляху, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы прымаем меры самага жорсткага характару. І нас многія за гэта крытыкавалі, але іншага выйсця няма. Дзеці - гэта галоўнае, вакол іх усё жыццё павінна круціцца". Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што ў бліжэйшы час на ўзроўні Прэзідэнта будзе разгледжана сітуацыя з кампенсацыяй нядбайнымі бацькамі затрат дзяржаве на ўтрыманне іх дзяцей. Тры гадзіны доўжылася прэс-канферэнцыя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі расійскіх рэгіёнаў, якая праходзіла сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы. Кіраўнік дзяржавы адказаў на 25 пытанняў расійскіх журналістаў. Рэпарцёры цікавіліся, у прыватнасці, перспектывамі беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў святле апошніх падзей на Каўказе, будаўніцтвам Саюзнай дзяржавы, сувязямі Беларусі з расійскімі рэгіёнамі, сітуацыяй на Каўказе і пытаннямі забеспячэння калектыўнай бяспекі, узаемаадносінамі з краінамі Захаду. Прагучалі таксама пытанні, якія датычацца сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, у тым ліку аграпрамысловага комплексу, прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў і інвестыцый у эканоміку краіны, а таксама выступлення беларускіх спартсменаў на Алімпійскіх гульнях у Пекіне і іншыя. У сустрэчы прынялі ўдзел журналісты з 44 расійскіх рэгіёнаў, якія працуюць на аўдыторыю ў дзесяткі мільёнаў чалавек. | ||
|