Беларусь на сучасным этапе развіцця робіць стаўку на веды, талент і інтэлект, заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 30 мая на сустрэчы з адоранымі навучэнцамі і студэнтамі, лаўрэатамі спецыяльных фондаў Прэзідэнта.
На мерапрыемства, якое стала ўжо традыцыйным, былі запрошаны 72 пераможцы міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэаты спецыяльных фондаў Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі, а таксама 9 педагогаў.
"Стаўка на веды, талент і інтэлект - аснова сучаснай стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Пошук і выхаванне маладых талентаў - найважнейшая дзяржаўная задача", - адзначыў Прэзідэнт, дадаўшы, што энергічныя, працавітыя, адораныя людзі - галоўнае багацце нашай краіны.
Беларусь шчыра ганарыцца маладымі інтэлектуальнымі і творчымі талентамі, ускладае на іх вялікія надзеі, цвёрда верыць, што дасягнутыя поспехі не будуць адзіныя на іх жыццёвым шляху, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
За 12 гадоў работы спецыяльных фондаў Прэзідэнта прэміямі і стыпендыямі адзначана больш як 18 тыс. школьнікаў, студэнтаў, дзеячаў мастацтва і педагогаў, рэалізавана нямала творчых і навуковых праектаў.
У Беларусі робіцца многае для выяўлення і развіцця талентаў юных грамадзян: створаны ліцэі і гімназіі, адкрыты шматлікія школы мастацтваў, гурткі, студыі, секцыі, працуюць самадзейныя калектывы. Паспяхова рэалізуецца дзяржаўная праграма "Маладыя таленты Беларусі".
Паводле слоў Прэзідэнта, па-сапраўднаму масавымі і папулярнымі сталі прадметныя алімпіяды і турніры, фестывалі і конкурсы дзіцячай і маладзёжнай творчасці. Так, у гэтым навучальным годзе ў рэспубліканскай алімпіядзе прынялі ўдзел больш як 600 тыс. школьнікаў.
Значныя поспехі юных беларусаў і на ўсемагчымых міжнародных конкурсах і алімпіядах. У мінулым годзе ўсе 28 беларускіх удзельнікаў сталі прызёрамі міжнародных прадметных алімпіяд, прэстыжных турніраў. Маладыя артысты дабіліся несумненных поспехаў на Міжнародным конкурсе вакалістаў імя Міхаіла Глінкі, а самыя юныя - атрымалі другую перамогу ў дзіцячым конкурсе "Еўрабачанне". "Гэтыя ўражальныя рэкорды наглядна пацвярджаюць высокую эфектыўнасць беларускай сістэмы работы з адоранай моладдзю", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ўручыў юным талентам пасведчанні і нагрудныя знакі лаўрэатаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта. "Няхай гэтыя поспехі і заслужаныя ўзнагароды натхняць на заваяванне новых вяршынь у вучэнні, навуцы і мастацтве, дапамогуць пераадолець цяжкасці, будуць стымулам для прафесійнага і творчага росту", - пажадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў таксама педагогам за энтузіязм і адданасць прызванню і звярнуў увагу маладых талентаў на тое, што ў іх высокіх выніках - немалая заслуга настаўнікаў і бацькоў.
"Не забывайцеся, што вы таленавітыя людзі. Знайдзіце сябе ў гэтым няпростым жыцці, а мы па меры нашых магчымасцей будзем дапамагаць вам у гэтым", - сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка. |