Стэнаграма выступлення на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

www.president.gov.by

2 ліпеня 2008 г.

Дарагія суайчыннікі! Паважаныя замежныя госці!

У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя дні і падзеі. Тыя, якія становяцца пунктам адліку новага этапа ў яго гісторыі. Выклікаюць найвышэйшы духоўны ўздым і яднанне ўсіх грамадзян.

У беларускім календары такой датай стала 3 ліпеня 1944 года. Дзень вызвалення ад фашысцкіх акупантаў, які мы адзначаем як галоўнае дзяржаўнае свята - Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Свята, у якім зліліся ў адзінае вялікія, сапраўды святыя паняцці - Вызваленне, Перамога і Незалежнасць.

Нашым продкам не раз даводзілася адбіваць атакі іншаземных захопнікаў. Мужна адстойваць сваю свабоду і самабытнасць. Вытрымаўшы ўсе жорсткія гістарычныя выпрабаванні, наш народ застаўся непакораны, моцны духам і адданы роднай зямлі, якую заўсёды адраджаў з попелу і беззапаветна любіў. Бо нездарма наша Радзіма называецца Белай Руссю - чыстай і свабоднай.

"Мы, беларусы, – мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі...". Гэтыя радкі Дзяржаўнага гімна адлюстроўваюць сутнасць характару нашага мудрага народа, які заўсёды хацеў быць гаспадаром свайго лёсу. Быў ім. І будзе заўсёды!

Менавіта па волі народа, і не міласцю іншаземных акупантаў 90 гадоў таму была ўтворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.

Гэта падзея змяніла ход нацыянальнай гісторыі. Стала пачаткам летапісу ўласна беларускай дзяржаўнасці і важным этапам яе рэальнага станаўлення. Дала штуршок развіццю прамысловасці і сельскай гаспадаркі, фарміраванню літаратурнай мовы, росквіту навукі і культуры, кансалідацыі адзінай беларускай нацыі.

Наш народ упершыню атрымаў права "людзьмі звацца". І гатовы быў змагацца да апошняй кроплі крыві, абараняючы сваю краіну ад любых знешніх замахаў.

Беларусь першая прыняла на сябе вераломны ўдар фашысцкай армады. У людзей яшчэ не астыла пачуццё радасці ад уз'яднання заходніх беларускіх абласцей, як з'явілася пагроза страціць не толькі родную зямлю, але і права на жыццё. Бо сапраўднай мэтай нацыстаў было заняволіць, а затым знішчыць тых, каго Гітлер называў непаўнацэннымі народамі: славян, яўрэяў і шэраг іншых.

І якім жа кашчунствам выглядаюць сцверджанні некаторых сучасных "заступнікаў народа" аб тым, быццам бы фашысты неслі нашым народам свабоду і магчымаць фарміраваць свае нацыянальныя дзяржавы.

Гэту хлусню абвяргаюць не толькі архіўныя дакументы, але і тая палітыка генацыду, якую гітлераўцы праводзілі на практыцы ў Беларусі. Спаленыя зажыва мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці. Закатаваныя ў канцлагерах, забітыя пры бамбёжках і карных аперацыях. Мільёны страчаных жыццяў - амаль трэць насельніцтва краіны.

Сэрца крывёй абліваецца, калі ўявіш усё тое, што перанёс наш народ у гады мінулай вайны!

Людзі, якія абяляюць фашыстаў і іх памагатых, здраджваюць памяці тых, хто загінуў і пакалечаны ў крывавай вайне, хто мужна абараняў родны дом. Подла скажаюць гістарычную праўду аб тым, што барацьба з захопнікамі была сапраўды ўсенародная.

Больш як паўтара мільёна беларусаў змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай і вялі бескампрамісную барацьбу ў шэрагах руху супраціўлення партызан і падпольшчыкаў. Амаль столькі ж працавалі ў тыле, сумеснымі намаганнямі кавалі Перамогу.

Беларусь разам з іншымі рэспублікамі Савецкага Саюза з гонарам выканала свой абавязак. Сусветная супольнасць высока ацаніла яе гераічныя здзяйсненні - яна ўвайшла ў лік заснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Што сталася б з навейшай гісторыяй, калі б не вялікі, ахвярны подзвіг савецкага народа, які зрабіў вырашальны ўклад у знішчэнне фашысцкай кааліцыі. Без яго на свет апусцілася б вечная ноч заняволення.

Тады лідэры дзяржаў-саюзніц праявілі мудрасць і празорлівасць. Здолелі згуртаваць Савецкі Саюз, Еўропу, Злучаныя Штаты і іншыя краіны ў барацьбе супраць агульнага ворага. Гэта быў найвялікшы гістарычны ўрок для ўсяго чалавецтва - урок, які ніколі нельга забываць!

І сёння палітыкі павінны аб'ядноўваць, а не раз'ядноўваць народы. Бо толькі разам мы можам утаймаваць міжнародны тэрарызм, вырашыць харчовыя, энергетычныя, экалагічныя і іншыя глабальныя праблемы.

Не гонка ўзбраенняў, не падзел на блокі, не пагрозы і ваенныя канфлікты патрэбны сёння сусветнай супольнасці, а ўзаемаразуменне і супрацоўніцтва, паважанне права кожнага народа выбіраць свой шлях развіцця і лад жыцця.

Беларусь - міралюбівая і адкрытая краіна, якая нікому не пагражае і не стварае праблем ні блізкім, ні далёкім суседзям. Наадварот, гэта аплот стабільнасці і дружалюбнасці. Яна абараняе заходні свет ад нелегальнай міграцыі, гандлю людзьмі, незаконнага перамяшчэння наркотыкаў, зброі і радыеактыўных матэрыялаў.

А што ж узамен? Непрыкрыты эканамічны і палітычны націск.

Аднак шантажыраваць нас і душыць якімі-небудзь санкцыям, як вы бачыце, - бесперспектыўна. Гісторыя зрабіла беларускі народ стойкім, загартаваным і мужным.

Пераадоленне цяжкасцей згуртоўвае людзей, яшчэ больш аб'ядноўвае нацыю. Да таго ж, мы не застаёмся ў ізаляцыі. У нас дастаткова саюзнікаў і сяброў.

Калі непрадузята ацэньваць вынікі знешнепалітычнай і эканамічнай дзейнасці, з якімі мы сустракаем наша галоўнае дзяржаўнае свята, то трэба адзначыць шэраг станоўчых тэндэнцый.

Па-першае, у новых умовах атрымлівае добры імпульс развіццё саюзніцкіх адносін з брацкай Расіяй.

Нядаўна ў ходзе нашай сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі дакладна было выказана ўзаемнае імкненне дзвюх краін да цеснага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах дзейнасці. І, што асабліва каштоўна, пацверджана вернасць прынятым пагадненням і дагаворам аб будаўніцтве Саюзнай дзяржавы.

Па-другое, умацоўваюцца пазіцыі Беларусі ў сусветнай супольнасці. Нашы ініцыятывы падтрымліваюцца ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Пашыраецца эканамічная прысутнасць у найбольш перспектыўных рэгіёнах планеты.

З задавальненм адзначу прынцыпова новы падыход, які выяўляецца ў тым, што наша краіна не толькі прымае ўсё большы паток замежных інвестыцый, але і сама становіцца актыўным суб'ектам на міжнародным інвестыцыйным рынку. Нашы капіталаўкладанні ў выглядзе абсталявання, тэхналогій і ідэй пайшлі ў многія краіны свету.

Само па сабе гэта ўжо красамоўна сведчыць пра нашы магчымасці і перспектывы.

І па-трэцяе, нягледзячы на пэўныя праблемы ў палітычных адносінах з краінамі Захаду (асабліва ЗША), эканамічнае супрацоўніцтва з Еўрасаюзам з году ў год пашыраецца. І мы спадзяёмся, што рэальныя эканамічныя інтарэсы нашых заходніх партнёраў возьмуць верх над палітычнымі спекуляцыямі, якія ўжо ўсім нагналі аскому.

Для пашырэння партнёрскіх адносін са сваімі суседзямі па агульнаеўрапейскаму дому мы робім усё, што залежыць ад нас, і першымі працягваем руку дружбы і супрацоўніцтва.

Паказальна, што наша імкненне супадае з жаданнямі простых грамадзян сумежных дзяржаў. Красамоўны прыклад - Польшча. Пакуль яе кіраўнікі выношвалі планы размяшчэння амерыканскіх ракет, самі палякі адраджаюць конкурс рускай песні, іншыя добрыя, вядомыя ўжо пачынанні. Хіба гэта не лепшае пацвярджэнне таго, што народ мае памяць?..

Я перакананы, што воля народаў паступова растопіць лёд. На змену палітыцы націску і двайных стандартаў прыйдуць добрасуседства і супрацоўніцтва.

І самі па сабе адпадуць тыя інсінуацыі па пытаннях правоў чалавека і асноў дэмакратыі, якія сёння перашкаджаюць дружалюбным адносінам. Бо дэмакратыя - гэта не мэта, а метад. Не народ для дэмакратыі, а дэмакратыя для народа!

Несумненна, што самы лепшы крытэрый дэмакратычнай дзяржавы - стабільнае, спакойнае і бяспечнае жыццё яго грамадзян. І магчымасці рэальнага ўдзелу людзей у кіраванні грамадскімі працэсамі. А па гэтых паказчыках Беларусь не ўступіць ніводнай з еўрапейскіх краін.

Любыя стратэгічныя рашэнні ў нас прымаліся і будуць прымацца з улікам думкі народа шляхам адкрытага яго волевыяўлення.

Маючыя адбыцца восенню парламенцкія выбары будуць пацвярджэннем адкрытасці і дэмакратычнасці палітычнай сістэмы краіны. Прынцыпова новым аспектам іх правядзення стане пашырэнне правоў палітычных партый, як таго патрабуе і наша так званая апазіцыя, і Захад. І хоць яны не карыстаюцца вялікім аўтарытэтам у беларускім грамадстве, мы пайшлі насустрач іх лідэрам і замежным арганізацыям, прыняўшы нядаўна Дэкрэт Прэзідэнта, які пашырае іх правы.

Наша ўлада працуе і будзе працаваць па волі і на карысць народа. І гэта дае рэальныя бачныя вынікі.

У 2007 годзе наша краіна ўвайшла ў групу краін з высокім узроўнем развіцця. Гэта не мы аб гэтым заявілі.

Беларуская эканоміка становіцца ўсё больш прывабнай для айчынных і замежных інвестараў. Сродкі ўкладваюцца ў новыя вытворчасці, якія выпускаюць канкурэнтаздольную прадукцыю. У мінулым годзе беларускія тавары пастаўляліся на рынкі 140 дзяржаў свету.

Мы пачалі новы этап у развіцці энергетыкі, ушчыльную падышлі да будаўніцтва ўласнай атамнай электрастанцыі. Распрацоўваем і рэалізуем маштабныя агульнадзяржаўныя інвестыцыйныя праекты, якія дапамогуць дабіцца прарыву да новых тэхналогій і новай высокай якасці жыцця.

А памятаеце, як смяяліся дамарослыя рэфарматары, калі мы ўзнімалі з каленяў вёску, калгасы, саўгасы? Маўляў, навошта закопваць грошы ў зямлю, калі можна ўсё купіць за мяжой?

Але мы слухалі і жылі сваім розумам. Кіраваліся векавой сялянскай мудрасцю: людзей слухай, а свой розум май.

Таму сёння ў нас ёсць, як кажуць, і хлеб, і да хлеба. Беларуская вёска корміць усю краіну. І гэта самы важкі аргумент правільнасці нашай стратэгіі развіцця.

Ва ўмовах, калі ва ўсім свеце абвастраецца праблема недахвату прадуктаў харчавання, наш аграпрамысловы комплекс не толькі забяспечвае ўласную харчовую бяспеку, але і паспяхова асвойвае знешнія рынкі. Нам ужо не трэба бегаць па суседзях з працягнутай рукой у пошуках прадуктаў харчавання. Мы самі прапануем іх, з выгадай для краіны выкарыстоўваючы спрыяльную сусветную кан'юнктуру.

Для беларусаў зямля заўсёды была свяшчэнным і каштоўным здабыткам. Цяпер нам трэба завяршыць навядзенне на ёй парадку і больш энергічна ўкараняць новыя тэхналогіі, дабіваючыся высокай эфектыўнасці гаспадарання і самаакупнасці.

Мінулы год стаў для Беларусі ва ўсіх сэнсах спрыяльным і ўраджайным. Асабліва радуе тое, што нараджальнасць павялічылася на 7 працэнтаў, а смяротнасць скарацілася амаль на 5 працэнтаў. Гэта вынік нашых намаганняў па падтрымцы маці і дзяцей, ахове жыцця і здароўя кожнага чалавека.

Паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі - бясспрэчны індыкатар паспяховай эканомікі і павышэння ўзроўню жыцця людзей.

У Беларусі расходы на ахову здароўя з'яўляюцца самымі высокімі сярод краін Садружнасці. У гэту сферу накіроўваецца амаль 5 працэнтаў ад валавога ўнутранага прадукту.

Гэты год аб'яўлены Годам здароўя. І ўжо многае робіцца, каб ён даў добрыя вынікі для людзей і дзяржавы.

Не толькі ў сталіцы, але і ў абласных і раённых гарадах узводзяцца сучасныя спартыўныя аб'екты, даступныя людзям любога ўзросту і ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі.

Цяпер самае галоўнае - прыкласці намаганні самім людзям, каб быць здаровымі і паспяховымі ў жыцці. Каб не азмрочвалі сем'і п'янства, наркаманія і іншыя злоўжыванні.

Нашы грамадзяне могуць добра працаваць і зарабляць. Ужо ў гэтым годзе рост даходаў у два разы апярэджвае рост цэн. Цяпер актуальнай становіцца задача давесці зарплату да 700, а ў перспектыве і да 1000 долараў. Іншага выйсця ў нас пры такім росце цэн няма.

Але, падкрэсліваю, зарплату трэба зарабляць, а не проста атрымліваць. Таму першачарговае значэнне мае рост прадукцыйнасці працы, укараненне інавацый і скарачэнне матэрыяльных затрат.

Вядома, у святочнай абстаноўцы не прынята гаварыць аб недапрацоўках і нявырашаных праблемах, якіх, на жаль, яшчэ нямала і ў эканоміцы, і ў сацыяльнай сферы.

Мы не замоўчваем, мы цвяроза іх ацэньваем, стараемся спакойна і ўдумліва іх вырашаць.

Галоўнае тое, што ў нас ёсць праграмы развіцця краіны, рэгіёнаў і канкрэтных прадпрыемстваў. Мы ведаем, што і як рабіць, каб пастаянна і няўхільна паляпшалася жыццё беларускага народа. Каб кожны чалавек быў упэўнены ў заўтрашнім дні, адчуваючы сваю запатрабаванасць, дачыненне да спраў і клопатаў дзяржавы.

Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны!

У гэтыя святочныя дні мы з асаблівай цеплынёй і любоўю думаем пра вас - воінаў-пераможцаў. Вы здзейснілі вялікі подзвіг Вызвалення. Нізкі вам за гэта паклон. Дзякуй за тое, што і сёння вы з'яўляецеся нашым надзейным аплотам і духоўнай апорай.

Будзьце здаровыя! Жывіце доўга і шчасліва пад гэтым мірным небам!

І ведайце, што сучаснае пакаленне захавае і ўмацуе заваяваныя вамі ў баях свабоду і незалежнасць.

Паважаныя замежныя госці!

Я сардэчна вітаю вас, а таксама кіраўнікоў дыпламатычных місій, якія падзяляюць з намі радасць галоўнага нацыянальнага свята.

Моцная, свабодная Беларусь упэўнена ідзе і будзе ісці па выбраным шляху. Мы - беларусы - згуртаваная, энергічная і працавітая нацыя. І пакуль мы адзіныя, нам не страшныя любыя выпрабаванні.

Няхай кожны дзень прыносіць нам новыя поспехі і добрыя справы. Няхай у сем'ях пануюць згода і дастатак, звіняць галасы дзяцей і ўнукаў.

Здароўя, шчасця і дабрабыту табе, беларускі народ!

З Днём Незалежнасці вас, дарагія сябры!

Са святам Вызвалення!

Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
www.president.gov.by

© Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Дакумент апублікаваны 02.07.2008