Указ № 350 ад 24 чэрвеня 2008 г.

www.president.gov.by

Аб прыцягненні інвестыцый у сельскагаспадарчую вытворчасць

У мэтах стварэння ўмоў для развіцця сельскай гаспадаркі рэспублікі і прыцягнення інвестыцый:

1. Устанавіць, што:

1.1. юрыдычным асобам, якія набылі (набываюць) з 1 студзеня 2006 г. па 31 снежня 2010 г. ва ўстаноўленым парадку шляхам рэарганізацыі, куплі, бязвыплатнай перадачы прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў сельскагаспадарчых арганізацый правы і абавязкі гэтых арганізацый (далей - юрыдычныя асобы), прадастаўляюцца:

1.1.1. на два гады адтэрміноўка пагашэння запазычанасці сельскагаспадарчых арганізацый, правы і абавязкі якіх набыты юрыдычнымі асобамі ў выніку рэарганізацыі, куплі, бязвыплатнай перадачы прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў сельскагаспадарчых арганізацый (далей - сельскагаспадарчыя арганізацыі), па выплаце сум прымененых эканамічных санкцый, накладзеных адміністрацыйных спагнанняў у выглядзе штрафаў і пеняў за парушэнне тэрмінаў і парадку ўнясення плацяжоў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны (далей - Фонд);

1.1.2. растэрміноўка пагашэння запазычанасці сельскагаспадарчых арганізацый па абавязковых плацяжах у Фонд з яе выплатай на працягу двух гадоў штомесячна роўнымі долямі, якая дзейнічае пры ўмове поўнай выплаты ў гэты перыяд бягучых плацяжоў у Фонд па дзейнасці, звязанай з вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі.

Пры адсутнасці, паводле даных уліку органаў Фонду, запазычанасці юрыдычных асоб па выплаце бягучых плацяжоў у Фонд на працягу двух гадоў з названай у частцы другой падпункта 1.2 гэтага пункта даты прадастаўлення адтэрміноўкі і (або) растэрміноўкі і поўным пагашэнні растэрмінаванай у адпаведнасці з часткай першай гэтага падпункта запазычанасці па абавязковых плацяжах у Фонд запазычанасць, названая ў падпункце 1.1.1 гэтага пункта, спісваецца рашэннем Фонду;

1.1.3. на пяць гадоў адтэрміноўка пагашэння запазычанасці, што лічыцца паводле даных уліку падатковых органаў, сельскагаспадарчых арганізацый па выплаце падаткаў, збораў (за выключэннем падатку на дабаўленую вартасць і акцызаў, што спаганяюцца пры ўвозе тавараў на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі) і іншых абавязковых плацяжоў у рэспубліканскі бюджэт, уключаючы дзяржаўныя мэтавыя бюджэтныя фонды.

Пасля заканчэння дзеяння адтэрміноўкі, прадастаўленай у адпаведнасці з часткай першай гэтага падпункта, прадастаўляецца растэрміноўка пагашэння запазычанасці з яе выплатай на працягу пяці гадоў штомесячна роўнымі долямі.

Адтэрміноўка і (або) растэрміноўка пагашэння запазычанасці, прадугледжаныя ў частках першай і другой гэтага падпункта, дзейнічаюць пры ўмове выплаты ў гэты перыяд падаткаў, збораў і іншых абавязковых плацяжоў у рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, уключаючы дзяржаўныя мэтавыя бюджэтныя фонды, па дзейнасці, звязанай з вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі (далей - бягучыя плацяжы ў бюджэт);

1.1.4. на дзесяць гадоў адтэрміноўка пагашэння запазычанасці сельскагаспадарчых арганізацый па выплаце сум прымененых падатковымі органамі эканамічных санкцый, накладзеных адміністрацыйных спагнанняў у выглядзе штрафаў і пеняў.

Пры адсутнасці, паводле даных уліку падатковых органаў, запазычанасці юрыдычных асоб па выплаце бягучых плацяжоў у бюджэт на працягу сямі гадоў і шасці месяцаў з названай у частцы другой падпункта 1.2. гэтага пункта даты прадастаўлення адтэрміноўкі па прапанове Урада Рэспублікі Беларусь і па рашэнню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь спісваецца палавіна запазычанасці па выплаце сум прымененых падатковымі органамі эканамічных санкцый, накладзеных адміністрацыйных спагнанняў у выглядзе штрафаў і пеняў, а пры адсутнасці такой запазычанасці на працягу дзесяці гадоў з названай даты - астатняя сума гэтай запазычанасці;

1.2. адтэрміноўка і (або) растэрміноўка, прадугледжаныя ў падпунктах 1.1.1 - 1.1.4 гэтага пункта, прадастаўляюцца юрыдычным асобам адносна запазычанасці сельскагаспадарчых арганізацый, якая ўтварылася на дату дзяржаўнай рэгістрацыі створаных юрыдычных асоб і (або) на дату дзяржаўнай рэгістрацыі куплі (бязвыплатнай перадачы) прадпрыемства як маёмаснага комплексу сельскагаспадарчай арганізацыі, а пры рэарганізацыі юрыдычнай асобы ў форме далучэння да яе сельскагаспадарчай арганізацыі - на дату ўнясення ў Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў запісу аб спыненні дзейнасці сельскагаспадарчай арганізацыі.

Названыя адтэрміноўка і (або) растэрміноўка прадастаўляюцца юрыдычным асобам з даты падачы ў орган Фонду і (або) падатковы орган па месцы іх пастаноўкі на ўлік у якасці плацельшчыка пісьмовай заявы;

1.3. пры прадастаўленні юрыдычным асобам у адпаведнасці з гэтым Указам адтэрміноўкі і (або) растэрміноўкі пагашэння запазычанасці сельскагаспадарчых арганізацый працэнты, эканамічныя санкцыі, адміністрацыйныя спагнанні ў выглядзе штрафаў і пеняў на сумы адтэрмінаваных і (або) растэрмінаваных плацяжоў не налічваюцца (не прымяняюцца, не накладаюцца), за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных у частцы трэцяй гэтага падпункта.

Пры нявыплаце юрыдычнымі асобамі ва ўстаноўленыя тэрміны бягучых плацяжоў у бюджэт, у Фонд і (або) плацяжоў у пагашэнне растэрмінаванай у адпаведнасці з падпунктамі 1.1.2 і 1.1.3 гэтага пункта запазычанасці, спыненні дзейнасці па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі дзеянне адтэрміноўкі і (або) растэрміноўкі прыпыняецца і з гэтай даты налічваецца пеня ва ўстаноўленым заканадаўствам памеры на суму непагашанай адтэрмінаванай і (або) растэрмінаванай запазычанасці.

Дзеянне адтэрміноўкі і (або) растэрміноўкі аднаўляецца з дня, наступнага за днём, у якім:

праведзена поўная выплата бягучых плацяжоў у бюджэт, у Фонд, плацяжоў у пагашэнне растэрмінаванай згодна з падпунктамі 1.1.2 і 1.1.3 гэтага пункта запазычанасці, пеняў, налічаных за несвоечасовую выплату бягучых плацяжоў у бюджэт, у Фонд і (або) плацяжоў у пагашэнне растэрмінаванай у адпаведнасці з падпунктамі 1.1.2 і 1.1.3 гэтага пункта запазычанасці, а таксама пеняў, налічаных за перыяд прыпынення дзеяння адтэрміноўкі і (або) растэрміноўкі;

на рахункі юрыдычных асоб паступіла выручка ад вытворчасці і рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі;

1.4. запазычанасць сельскагаспадарчых арганізацый, для пагашэння якой у адпаведнасці з законамі Рэспублікі Беларусь і прававымі актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прынятымі да ўступлення ў сілу гэтага Указа, прадастаўлены адтэрміноўка і (або) растэрміноўка, рэструктурызуецца ў парадку і на ўмовах, вызначаных у гэтым Указе, без уліку тэрмінаў, на якія прадастаўляюцца адтэрміноўка і (або) растэрміноўка;

1.5. умовамі прадастаўлення ў адпаведнасці з падпунктамі 1.1.1 - 1.1.4 гэтага пункта адтэрміноўкі і (або) растэрміноўкі пагашэння запазычанасці сельскагаспадарчых арганізацый з’яўляюцца:

забеспячэнне юрыдычнымі асобамі, у тым ліку створанымі на базе маёмасці сельскагаспадарчых арганізацый, дзейнасці па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі;
накіраванне юрыдычнымі асобамі сродкаў, што вызваляюцца ў выніку прадастаўлення гэтых адтэрміноўкі і растэрміноўкі, на папаўненне ўласных абаротных сродкаў, прызначаных для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, пагашэнне крэдытаў, выдадзеных на названыя мэты, і працэнтаў па іх;

1.6. абавязковай умовай рэарганізацыі сельскагаспадарчых арганізацый з набыццём юрыдычнымі асобамі іх правоў і абавязкаў, куплі, бязвыплатнай перадачы прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў гэтых арганізацый з’яўляецца пагашэнне юрыдычнымі асобамі запазычанасці такіх сельскагаспадарчых арганізацый па выплаце падаткаў, збораў, пеняў, эканамічных санкцый, штрафаў, іншых абавязковых плацяжоў у рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, уключаючы дзяржаўныя мэтавыя бюджэтныя фонды, у парадку і тэрміны, устаноўленыя ў гэтым Указе.

2. Ускласці персанальную адказнасць за выкананне ўмоў прадастаўлення ў адпаведнасці з гэтым Указам адтэрміноўкі і (або) растэрміноўкі пагашэння запазычанасці сельскагаспадарчых арганізацый на кіраўнікоў юрыдычных асоб, старшынь аблвыканкамаў, Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, Намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, які курыруе пытанні аграпрамысловага комплексу.

3. Абароты па рэалізацыі прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў сельскагаспадарчых арганізацый вызваляюцца ад абкладання падаткам на дабаўленую вартасць. Падатковая база для вылічэння падаткаў (збораў) юрыдычных асоб змяншаецца на суму выручкі, атрыманай ад гэтага продажу.

4. Юрыдычныя асобы маюць права штогод на працягу трох гадоў з даты, названай у частцы першай падпункта 1.2 пункта 1 гэтага Указа, набываць сельскагаспадарчую тэхніку, абсталяванне і запасныя часткі да іх (далей - тэхніка і запасныя часткі да яе), са змяншэннем памеру збору ў рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, прадуктаў харчавання і аграрнай навукі, які падлягае выплаце на працягу каляндарнага года, на суму набытых тэхнікі і запасных частак да яе.

Юрыдычныя асобы, якія выплачваюць у адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 1999 г. нумар 27 "Аб увядзенні адзінага падатку для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., нумар 54, 1/481) адзіны падатак для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, маюць права штогод на працягу трох гадоў з даты, вызначанай у частцы першай падпункта 1.2 пункта 1 гэтага Указа, набываць тэхніку і запасныя часткі да яе са змяншэннем адзінага падатку для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, які падлягае выплаце ў бюджэт на працягу каляндарнага года, на такую суму, але не больш за 50 працэнтаў сумы гэтага падатку, разлічанага па ўстаноўленай стаўцы.

Датай набыцця тэхнікі і запасных частак да яе з’яўляецца дата прыняцця іх юрыдычнымі асобамі ва ўстаноўленым парадку на ўлік.

5. Удзельнікі або ўласнікі маёмасці юрыдычных асоб пры перадачы гэтым юрыдычным асобам тэхнікі і запасных частак да яе на працягу двух гадоў з даты іх набыцця не страчваюць права на прымяненне льготы па выплаце падатку на прыбытак, устаноўленай у падпункце "в" пункта 2 артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 22 снежня 1991 года "Аб падатках на даходы і прыбытак" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., нумар 4, арт.77).

6. Рэкамендаваць мясцовым Саветам дэпутатаў прадаставіць юрыдычным асобам адтэрміноўку і (або) растэрміноўку па выплаце падаткаў, збораў, пеняў у адпаведныя мясцовыя бюджэты ў парадку і на ўмовах, аналагічных устаноўленым у гэтым Указе.

7. На пакупнікоў, якія набылі маёмасныя комплексы стратных дзяржаўных сельскагаспадарчых арганізацый да 31 снежня 2010 г., не распаўсюджваецца дзеянне падпунктаў 1.13 - 1.17 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 лютага 2008 г. нумар 113 "Аб парадку і ўмовах продажу юрыдычным асобам прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў стратных дзяржаўных арганізацый" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2008 г., нумар 54, 1/9509).

8. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін прыняць меры па рэалізацыі гэтага Указа.

9. Гэты Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка


 

Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
www.president.gov.by

© Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Дакумент апублікаваны 25.06.2008