Вялікабрытанія ў перспектыве можа стаць вядучым інвестарам для эканомікі Беларусі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка на сустрэчы ў Мінску з групай брытанскіх бізнесменаў на чале з членам Палаты лордаў парламента Вялікабрытаніі Сесілам Паркінсанам.
"Хачу запэўніць вас, што ўсё, аб чым мы з вамі дамовімся, будзе выканана няўхільна. Усе дамоўленасці будуць выкананы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Вы атрымаеце поўную падтрымку для работы на беларускім рынку", - дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 2007 годзе аб'ём інвестыцый Злучанага Каралеўства ў эканоміку Беларусі склаў амаль $800 млн. Тавараабарот паміж краінамі ў мінулым годзе дасягнуў $2 млрд. "Гэта не многа, але і не мала", - адзначыў Прэзідэнт.
"Салідны аб'ём экспарту беларускіх тавараў у вашу краіну - гэта добры паказчык, які сведчыць аб тым, што ў Беларусі ёсць значныя перспектывы асваення рынку Вялікабрытаніі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што ў эканамічных узаемаадносінах паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю няма ніякіх праблем.
"Што датычыцца палітыкі, упэўнены, што ўслед за стабільным развіццём эканамічнага дыялога мы наладзім добры палітычны дыялог", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
На думку Кіраўніка дзяржавы, перспектывы ўзаемаадносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам будуць залежаць ад самастойнасці знешняй палітыкі ЕС ад ЗША. "На жаль, перспектывы адносін Беларусі з Еўрасаюзам не ляжаць выключна ў плоскасці Еўропа - Беларусь", - адзначыў Прэзідэнт.
"Не думаю, што ў Вялікабрытаніі ёсць якія-небудзь прэтэнзіі да Беларусі ў палітычным плане, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У нас да Злучанага Каралеўства іх няма адназначна". "Што датычыцца адносін з ЕС, то, лічу, у Еўрасаюзе правільна ўсведамляюць ролю Беларусі ў Еўропе", - дадаў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца для ЕС вельмі важным звяном як у эканоміцы, так і ў палітыцы. Ён нагадаў, што транзітам праз нашу краіну ў Еўропу паступае больш як 20 працэнтаў спажываемага прыроднага газу, а таксама транспартуецца 40 працэнтаў нафты, якая пастаўляецца на еўрапейскія рынкі Расіяй.
"Такім чынам, Беларусь - вельмі важная транспартная артэрыя", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. "Беларусь ніколі не падводзіла Еўропу. І мы хацелі б адпаведных адносін да нас", - падкрэсліў ён.
У сваю чаргу лорд Паркінсан адзначыў, што, знаходзячыся з Беларусі, ён пераканаўся ў тым, што замежныя інвестары ў Беларусі могуць быць упэўнены, што кіраўніцтва краіны выканае ўсе дадзеныя ім гарантыі. "У нас складваецца спрыяльная карціна перспектыў нашага супрацоўніцтва", - сказаў Сесіл Паркінсан. "Моцныя эканамічныя сувязі становяцца асновай цёплых дружалюбных адносін паміж краінамі. Чым больш мы гандлюем, тым лепшыя нашы ўзаемаадносіны, тым мацней усталёўваецца ўзаемаразуменне і ўзаемны давер", - дадаў ён. |