Дарагія суайчыннікі!
Паважаныя воіны і ветэраны Узброеных Сіл!
Ад усёй душы віншую вас са слаўным юбілеем - 90-годдзем Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Няма вышэйшага гонару, чым служба Радзіме. Так спрадвеку павялося на беларускай зямлі - у Армію ішлі самыя дастойныя і адважныя, і таму яна заўсёды была сапраўднай гордасцю народа.
Мы помнім гераічнае пакаленне Вялікай Айчыннай. Нашы дзяды і бацькі насмерць стаялі ў Брэсцкай крэпасці і Сталінградзе, бязлітасна грамілі ворага пад Масквой, на Курскай дузе, ва ўкраінскіх стэпах і беларускіх лясах. Мы нізка схіляем галаву перад памяццю тых, хто загінуў за родную зямлю.
Сцягі Савецкай, Чырвонай Арміі навечна авеяны славай. Наша Армія вызваляла Берлін і Варшаву, Вену і Будапешт. Наша Армія прынесла свабоду Еўропе і выратавала свет.
Мы захавалі народную армію, адмовіўшыся ад "наёмнага войска", вярнулі прэстыж воінскай службы і самую глыбокую павагу да абаронцы Айчыны.
Нашы Узброеныя Сілы здольныя зберагчы Рэспубліку Беларусь і стаць надзейнай апорай для саюзнікаў.
У гэты святочны дзень сардэчна жадаю ўсім, хто крочыў і крочыць у армейскім страі, моцнага здароўя, шчасця, поспехаў у службе і працы на карысць роднай Беларусі!
Аляксандр Лукашэнка |