3 ліпеня 2007 г.
Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны!
Таварышы салдаты, сяржанты, прапаршчыкі, афіцэры і генералы!
Паважаныя суайчыннікі і госці Беларусі!
63 гады таму, 3 ліпеня 1944 года, Мінск быў вызвалены ад фашысцкіх захопнікаў. І цалкам справядліва, што менавіта гэта гістарычная дата па волі беларускага народа стала галоўным святам беларускай дзяржаўнасці - Днём Рэспублікі.
Кожны раз у гэты дзень мы ўспамінаем тых, хто, ахвяруючы самым дарагім - сваім жыццём, прынёс доўгачаканую свабоду.
Наш народ, які перанёс неймаверныя беды фашысцкай акупацыі і пазнаў радасць Вялікай Перамогі, заўсёды будзе помніць, якая цана заплачана за мір і незалежнасць.
Бо менавіта Беларусь, якая першая прыняла на сябе ўдар фашысцкай армады, панесла самы вялікі ўрон сярод усіх рэспублік былога Савецкага Саюза і дзяржаў сусветнай супольнасці. Наша краіна страціла кожнага трэцяга жыхара. Сотні гарадоў і тысячы вёсак былі поўнасцю знішчаны або разбураны.
Спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе, каб рэспубліка змагла аднавіць агульную даваенную колькасць свайго насельніцтва. З руін і попелу нанава адбудавацца. Дзякуючы гераічным намаганням беларускага народа, брацкіх народаў саюзных рэспублік Беларусь зноў набыла сваё непаўторнае аблічча.
Беларускі народ яшчэ раз даказаў, што ваенная доблесць пры абароне Айчыны і працоўныя подзвігі ў імя стварэння з'яўляюцца неад'емнай часткай нацыянальнага характару.
З кожным годам Вялікая Айчынная ўсё далей адыходзіць у гісторыю. Рэхам мінулай вайны гучыць над беларускай зямлёй набатны бой званоў Хатыні. Гучыць напамінам нашчадкам аб вельмі цяжкіх выпрабаваннях, што выпалі на долю многіх народаў. Вялікая Перамога над нацызмам атрымана агульнымі намаганнямі сусветнай супольнасці. І мы высока цэнім уклад у барацьбу з фашызмам усіх краін антыгітлераўскай кааліцыі.
Здавалася б, памяць аб мільённых ахвярах павінна была прымусіць усіх палітыкаў помніць пра вынікі вайны. Тым не менш, колькасць і маштабы выклікаў і пагроз міжнароднай бяспецы не змяншаюцца. У іх ліку агрэсіўныя ваенныя канфлікты, новы віток гонкі ўзбраенняў, рэлігійны, нацыянальны і палітычны экстрэмізм, міжнародны тэрарызм, гандаль людзьмі, наркатрафік.
Прасоўванне ваеннай інфраструктуры НАТА на ўсход і плануемае размяшчэнне элементаў амерыканскай сістэмы проціракетнай абароны ў сумежных з Беларуссю дзяржавах сур'ёзна ўскладняюць ваенна-палітычную сітуацыю паблізу нашых граніц. Падарвана і фактычна не дзейнічае адна з асноў еўрапейскай бяспекі - адаптаваны Дагавор аб звычайных узброеных сілах у Еўропе. І ўсё гэта пад маўчанне нашых дэмакратычных развітых еўрапейскіх дзяржаў.
Мы не можам не ўлічваць гэтыя фактары ў пабудове ўласнай сістэмы нацыянальнай, і ў першую чаргу ваеннай, бяспекі.
Нельга дапусціць аднабаковага раззбраення, аслаблення бяспекі і абараназдольнасці Саюза Беларусі і Расіі, нашай агульнай прасторы. Нягледзячы на складанасці ў эканамічных адносінах з Расіяй, Беларусь заўсёды будзе верная саюзніцкім адносінам і будзе выконваць падпісаныя пагадненні. З гонарам несці сваю, прычым немалую, долю адказнасці за абарону Саюзнай дзяржавы.
Усямернае ўдасканаленне, умацаванне і развіццё Узброеных Сіл і ўсёй ваеннай арганізацыі дзяржавы будзе і ў далейшым адным з прыярытэтаў кіраўніцтва краіны.
Хачу запэўніць беларускі народ, што сістэма нацыянальнай бяспекі гатова надзейна абараніць канстытуцыйныя ўстоі, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы, мір і спакой грамадзян.
Падзеі гэтага года яшчэ раз паказалі, што ў сучасным свеце бяспека любой дзяржавы не абмяжоўваецца толькі ваеннымі або сілавымі аспектамі.
У міжнародным жыцці ўсё большае распаўсюджванне атрымлівае выкарыстанне інфармацыйнай экспансіі, палітычнага шантажу, санкцый і эканамічных рычагоў для націску на краіны, якія праводзяць незалежную палітыку.
Паважаныя таварышы!
У любых умовах наша дзяржава забяспечыць паслядоўнае ўмацаванне нацыянальнай бяспекі па ўсіх яе складальніках - ад абароннага да харчовага. Суверэнітэт і незалежнасць, мір і стабільнасць на беларускай зямлі і ў далейшым будуць захаваны.
Гістарычны выбар беларускага народа непарушны!
Так было, так ёсць і так будзе заўсёды. Беларускі народ, народ-пераможца, народ-стваральнік прыкладзе ўсе намаганні для абароны і ўмацавання беларускай дзяржаўнасці. Гэта найвышэйшае дасягненне нашай гераічнай гісторыі.
Слава беларускаму народу, які адстаяў незалежнасць Айчыны!
Вечная слава героям, якія загінулі ў баях за Радзіму, аддалі свае жыцці за свабоду і шчасце будучых пакаленняў!
Будзем дастойны іх вялікага подзвігу!
Асаблівыя віншаванні, мае пажаданні ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Тым, хто, не шкадуючы жыцця свайго, змагаўся з ворагамі на фронце. Тым, хто ў тыле каваў зброю Перамогі.
Дзякуй за тое, што вы выстаялі, вынеслі на сваіх плячах цяжар самай страшнай вайны мінулага стагоддзя!
Няхай заўсёды будзе мірным неба, светлая будучыня і працвітанне нашай любімай Радзімы!
Са святам! З Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь!
Слава абаронцам Айчыны!
Ура! |