Карта сайтаАб парталеРусская версияEnglish version
КІРАЎНІК ДЗЯРЖАВЫ
Статус  Біяграфія  Дакументы 
Прэс-служба  Фотаальбом  Прыёмная 
ПАДЗЕІ
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА
РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ
КАТАЛОГ РЭСУРСАЎ
па сайту па сайтах дзяржорганаў
ГалоўнаяАрхівыАрхіў выступленняўВыступленні2007
border=0 border=0 border=0
border=0 2007 border=0
border=0 border=0 border=0 border=0
Выступленне на парадзе ў азнаменаванне Дня Незалежнасці
Выступленне на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
Пасланне прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу
Вытрымкі з выступлення на Першым з'ездзе вучоных Беларусі
Выступленне на семінары кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў
border=0 border=0
Выступленне на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь02.07.2007

2 ліпеня 2007 г.

Беларусь аддае безумоўны прыярытэт раўнапраўнаму супрацоўніцтву з Расійскай Федэрацыяй. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Ён падкрэсліў, што дзякуючы сумесным дзеянням з Расіяй Беларусь зможа паспяхова процістаяць пагрозам і выклікам, што ўзнікаюць у свеце.

Як адзначыў Прэзідэнт, сёння становіцца відавочным, што захаваць незалежнасць і ўстойлівае развіццё дзяржавы можна толькі праводзячы ўзважаную, шматвектарную знешнюю палітыку.

Паводле яго слоў, у апошнія два гады на больш высокі ўзровень выйшлі двухбаковыя сувязі з удзельнікамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У прыватнасці, з'явіліся шматабяцальныя перспектывы ўзаемадзеяння Беларусі з Азербайджанам, Казахстанам, Украінай. Такое двухбаковае супрацоўніцтва развіваецца адначасова з дзейнасцю ў рамках існуючых інтэграцыйных утварэнняў.

За апошнія гады наладжана прадукцыйнае ўзаемадзеянне з краінамі Азіі, Афрыкі, Блізкага Усходу і Лацінскай Амерыкі. Пераканаўчы прыклад - супрацоўніцтва з Кітаем, Іранам, Венесуэлай, Індыяй, В'етнамам, Малайзіяй, дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Для кардынальнага паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі будзе ажыццяўляцца мэтанакіраваная дзейнасць па захаванню традыцыйных сямейных каштоўнасцей, аднаўленню спрадвечных беларускіх традыцый беражлівых адносін да бацькоў, сям’і, дзяцей.

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем падкрэсліў, што ў Беларусі намецілася тэндэнцыя да павелічэння колькасці заключаемых шлюбаў, а таксама нараджальнасці. Прычым не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. У мінулым годзе ўпершыню за апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі павялічылася нараджальнасць і знізілася смяротнасць.

Не выпадкова гэты год у Беларусі аб’яўлены Годам дзіцяці. Такое рашэнне, адзначыў Прэзідэнт, падмацавана цэлым комплексам мер па рэалізацыі мэтавай праграмы "Дзеці Беларусі". Дзяржава пастаянна пашырае віды аказваемай сем’ям сацыяльнай падтрымкі. Так, памер аднаразовай дапамогі пры нараджэнні дзіцяці, асабліва пры нараджэнні другога і наступных дзяцей, пастаянна павялічваецца. Маладая сям’я мае магчымасць атрымаць ільготны крэдыт на жыллёвае будаўніцтва. Шматдзетным сем’ям жыллё прадастаўляецца ў першачарговым парадку і са значнымі скідкамі па аплаце, а малазабяспечаныя сем’і атрымліваюць дзяржаўнае сацыяльнае жыллё ў карыстанне.

"Мы і ў далейшым будзем думаць над тым, як дапамагчы сем’ям, якія нараджаюць дзяцей. Гэта найважнейшае сацыяльнае пытанне на сённяшні дзень. Калі мы яго не вырашым, давядзецца ставіць пытанне аб бяспецы і незалежнасці нашай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускай дзяржавы на справе, а не на словах арыентавана на чалавека.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сацыяльная сфера ў Беларусі развіваецца стабільна. Толькі за 2006 год створана больш як сто тысяч новых рабочых месц. Праводзімая палітыка па павышэнню аплаты працы дала магчымасць амаль на 18 працэнтаў павялічыць рэальную заработную плату і зменшыць долю малазабяспечанага насельніцтва да 11 працэнтаў. Рэальны рост пенсій за год склаў 20 працэнтаў.

Паводле слоў Прэзідэнта, паўсюднае ўкараненне сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў, будаўніцтва аграгарадкоў, развіццё рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадоў забяспечваюць выраўноўванне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі рэспублікі.
Як заявіў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь актыўна інвесціруе грошы ў здароўе людзей. Сёння жыхару глыбінкі не трэба ехаць у сталіцу для правядзення абследавання або лячэння. Усе без выключэння рэгіёны маюць медыцынскія цэнтры, бальніцы, сетку амбулаторый і паліклінік, аснашчаных па апошняму слову тэхнікі.

У рэгіёнах рэспублікі прадаўжаецца будаўніцтва спартыўных комплексаў еўрапейскага і сусветнага ўзроўню. "Безумоўна, гэта – база для развіцця нацыянальнага спорту. Стадыёны, басейны і спартыўныя пляцоўкі даступныя таксама ўсім жадаючым мясцовым жыхарам – ад дзяцей да людзей сталага ўзросту", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён з задавальненнем адзначыў, што сёння ўжо не гучаць, як некалькі гадоў таму, папрокі ў адрас кіраўніцтва краіны ў тым, што на ўзвядзенне спартыўных аб’ектаў выдзяляюцца значныя сродкі. "Каб моладзь была здаровай і сапраўды стала дастойнай зменай, у гэта трэба ўкладваць рэальныя грошы, таму што словамі гэту праблему ў свеце яшчэ ніхто не вырашыў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі наводзіцца элементарны парадак у прадастаўленні льгот.

Рэалізуючы моцную і маштабную сацыяльную палітыку, наша дзяржава застаецца руплівым і справядлівым "гаспадаром", падкрэсліў Прэзідэнт. Ён растлумачыў, што мэта сацыяльнай дапамогі не ў раздачы, як кажуць у народзе, "усім сястрыцам - па завушніцах". Сістэма дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі грунтуецца на прынцыпе адраснай накіраванасці. "Таму мы наводзім элементарны парадак у прадастаўленні льгот розным катэгорыям насельніцтва. Зэканомленыя сродкі пойдуць менавіта ў сацыяльную сферу. У першую чаргу на падтрымку дзяцей", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што сёння, як ніколі, дзяржава наблізілася да чалавека. Штодзённы клопат аб грамадзянах праяўляецца ў імкненні максімальна аблягчыць ім вырашэнне жыццёвых пытанняў пры звароце па атрыманню даведак або іншых дакументаў.

Прэзідэнт назваў недапушчальным праяўленні фанабэрыі і бюракратызму ў беларускім грамадстве ."Чалавек не павінен хадзіць і кланяцца чыноўнікам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што для выкаранення бюракратызму была выдадзена Дырэктыва нумар 2. За яе выкананне адказваюць канкрэтныя вышэйшыя службовыя асобы краіны, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ідэалогія беларускай дзяржавы з’яўляецца найважнейшым фактарам кансалідацыі нацыі, неад’емнай умовай, што забяспечвае гарманізацыю грамадскіх адносін, выхаванне патрыятызму, грамадзянскай актыўнасці і адказнасці, захаванне культурна-гістарычнай пераемнасці і нацыянальнай годнасці.

"Мы жывём у няпросты час. Многае вызначаецца тым, як дзяржава рэалізуе заканамерныя імкненні грамадзян, апраўдвае іх спадзяванні. Калі мы хочам быць адзіным народам, які пражывае ў паспяховай дзяржаве (а мы, несумненна, хочам гэтага), нам неабходна пастаянна думаць аб умацаванні і развіцці духоўна-маральных і ідэалагічных асноў грамадства. Сучасныя тэхналогіі маніпуляцыі масавай свядомасцю, рэцэпты "каляровых" рэвалюцый, знешнія інфармацыйныя і ваенныя пагрозы робяць надзвычай актуальнай праблему выхавання патрыятычнай, духоўна багатай асобы, чалавека, адданага ідэалам і маральным каштоўнасцям сваёй краіны і свайго народа", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што беларускі народ зрабіў свой выбар. Гэты выбар забяспечвае глыбінную гістарычную сувязь з нацыянальнымі духоўнымі вытокамі і каранямі, грунтуецца на фундаментальныя духоўныя каштоўнасці нацыі, захоўвае яе адзінства. Ён выключае агрэсіўнасць і экспансію, што пагражаюць праву іншых народаў на самастойнае вызначэнне свайго сацыяльнага ладу, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Вядома, у нас хапае нявырашаных праблем. Але сумеснымі намаганнямі, сваёй стваральнай працай беларускі народ здольны пераадолець існуючыя цяжкасці, дабіцца высокага ўзроўню жыцця, істотна павысіць міжнародны аўтарытэт, значна ўмацаваць суверэнітэт і незалежнасць нашай Беларусі", - перакананы Прэзідэнт.

Наша стратэгічная мэта пабудовы эканамічна моцнай, сацыяльна справядлівай, незалежнай дзяржавы на аснове яе паступальнага развіцця застаецца нязменнай, дадаў ён.

У Беларусі шануюць і помняць тых, хто набліжаў Вялікую Перамогу. Іх імёны, жывых і загінуўшых, навечна ўпісаны ў беларускую гісторыю.

Паводле яго слоў, у той вайне савецкі народ быў асноўным шчытом, які адстаяў не толькі Еўропу, але і ўсю сусветную супольнасць ад прыгнёту. "І мы ганарымся тым, што часткай гэтага народа і вялікай краіны былі мы – беларусы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што больш як мільён ураджэнцаў беларускай зямлі ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны ў складзе Чырвонай Арміі і Ваенна-марскога флоту плячо ў плячо з прадстаўнікамі брацкіх народаў Савецкага Саюза. "Яны стаялі насмерць пад Кіевам, Масквой, Ленінградам і Сталінградам, вызвалялі Украіну, Малдову, Прыбалтыку, Польшчу і іншыя краіны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, дабівалі нацызм у яго логаве", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ўклад Беларусі ў Перамогу быў рэальна ацэнены сусветнай супольнасцю – рэспубліка стала адным з заснавальнікаў ААН.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што сапраўдны працоўны гераізм праявіў наш народ у пасляваенныя гады. Беларусь у складзе СССР упэўнена ўтрымлівала лідзіруючыя пазіцыі па многіх эканамічных і сацыяльных паказчыках. Але краіну, якая стала на ногі і памацнела, чакаў яшчэ не адзін удар гісторыі. Спачатку самая вялікая тэхнагенная катастрофа – Чарнобыль, затым геапалітычная – развал Савецкага Саюза яшчэ раз паставілі рэспубліку на самы край прорвы. "Аднак у гэтых умовах беларускі народ не здаўся, а зноў паказаў сваю мудрасць, працавітасць, трываласць і аптымізм, але ўжо паасобку. З’яднаўшыся адзінай мэтай (пераадолець бяду і выйсці з крызісу), ён змог дабіцца поспеху. Беларусь першая сярод постсавецкіх рэспублік выйшла на дакрызісны ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэта з поўным правам можна назваць Перамогай, дастойным працягам слаўнай гісторыі народа", - сказаў Прэзідэнт.

"Свята Незалежнасці – гэта даніна павагі многім пакаленням беларускага народа, якія цаной вельмі вялікіх намаганняў і ахвяр заваявалі свабоду сваёй краіны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы адказныя за лёс нашай Радзімы. Нас аб’ядноўвае вялікая мэта: пабудаваць моцную і квітнеючую Беларусь – дзяржаву для народа. У гэтай складанай і адказнай справе нам надае сілы спадчына пакалення пераможцаў. Сёння дзяржава імкнецца да таго, каб талент і здольнасці кожнага чалавека былі запатрабаваныя і выкарыстаны на карысць Айчыны", - сказаў Прэзідэнт.

Ён павіншаваў усіх прысутных з Днём Рэспублікі і выказаў упэўненасць у тым, што адзінства беларускага народа, аптымізм і вера ў паспяховую будучыню дапамогуць пераадолець цяжкасці, што ўзнікаюць на шляху, і дасягнуць пастаўленых мэт.

Беларусь перажыве пазбаўленне еўрапейскіх гандлёвых прэферэнцый.

"Мы не прапалі пад прэсам шалёнага павышэння цэн на энерганосьбіты і не памром ад 20-30 млн. долараў, якія можам страціць у выніку гэтых санкцый", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што пазбаўленнем Беларусі прэферэнцый Еўрасаюз "паказаў свой твар". "Адной рукой вядуць з намі перагаворы, а другой спрабуюць нас задушыць. Не Лукашэнку, а беларускі народ і нашу дзяржаву", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, яны гэта робяць "не таму, што ў нас мала дэмакратыі, як яны кажуць". "Няхай сваёй дэмакратыяй спачатку зоймуцца. Мы ні адзін народ не ставілі на калені, не пасылалі сваіх салдат забіваць чужых дзяцей і маці. Мы займаемся сваёй справай у сваёй краіне. А прычына гэтага націску ў тым, што ніхто не хоча бачыць на карце свету спакойную, цывілізаваную дзяржаву, якая хутка расце і эканамічна развіваецца, ды яшчэ не схіляецца ні перад кім. Нас так і не змаглі паставіць на калені, як яны гэтага ні хацелі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Дзяржава зробіць усё, каб беларускі народ не адчуў наступствы павышэння цэн на расійскія энергарэсурсы. "Гэта было шалёнае павышэнне цэн, такога прэцэдэнту гісторыя не помніць",- сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у грамадстве пайшлі размовы аб тым, што кіраўніцтву краіны давядзецца згарнуць сацыяльную праграму.

"Прайшло паўгода, нічога страшнага не адбылося і не адбудзецца. Па вялікім рахунку наша насельніцтва нічога і не заўважыла", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Гэта не проста пераадолець, але гэта не катастрофа. Мы павінны выстаяць і дасягнуць тых параметраў і мэт, якія сабе паставілі", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для Беларусі праблема дыверсіфікацыі паставак энергарэсурсаў выйшла на першае месца. "Мы вымушаны шукаць шчасце за краем свету, дагаворвацца з іншымі краінамі. Будзьце ўпэўнены, мы гэта зробім і зробім у бліжэйшы час", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Беларускі народ не мае намеру паддавацца дыктату сілы і націску.

"Гістарычны шлях нашай краіны ніколі не быў лёгкім і гладкім. І сёння не спыняюцца спробы навязаць беларусам сваю волю, прымусіць падпарадкавацца чужым інтарэсам. Але як у часы Вялікай Айчыннай вайны, так і цяпер наш народ не мае намеру паддавацца дыктату сілы і націску", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што Беларусь упэўнена ідзе сваім уласным курсам, у аснове якога інтарэсы ўсіх сваёў насельніцтва, а не нейкіх кланаў або кучкі алігархаў. У Беларусі паслядоўна вырашаюцца пытанні пабудовы прававой дзяржавы, справядлівага і адкрытага грамадства, забяспечваецца сацыяльна-палітычная стабільнасць, мір, спакой і парадак.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь у няпростых умовах дабіваецца эканамічнага росту, што служыць асновай пастаяннага паляпшэння дабрабыту народа. Пашыраюцца магчымасці свабоднага прадпрымальніцтва, дзелавой актыўнасці, і ў той жа час умацоўваецца сацыяльная абароненасць простых людзей, захоўваюцца прынцыпы сацыяльнай справядлівасці ў грамадстве. Як адзначыў прэзідэнт, у краіне паспяхова развіваецца сацыяльна-культурная сфера, узмацняецца дзяржаўная падтрымка сям’і і дзяцей. Уражваюць вынікі, што дасягаюцца ў мастацтве і спорце.

За кароткі гістарычны тэрмін наша маладая дзяржава здолела ўмацаваць міжнародны аўтарытэт, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Праз зладжана працуючую сістэму замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў наладжана цеснае супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і рознымі краінамі. Пры дапамозе механізмаў калектыўнай і рэгіянальнай бяспекі забяспечана абароненасць краіны.
"Усё, чаго мы дасягнулі, - гэта вынік агульных намаганняў, любові да Айчыны і самаадданай працы беларускага народа", - сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.

СТЭНАГРАМУ выступлення можна прачытаць у рускай версіі Партала.

Версія для друку
© 2001-2009 Прэс-служба
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь