Карта сайтаАб парталеРусская версияEnglish version
КІРАЎНІК ДЗЯРЖАВЫ
Статус  Біяграфія  Дакументы 
Прэс-служба  Фотаальбом  Прыёмная 
ПАДЗЕІ
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА
РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ
КАТАЛОГ РЭСУРСАЎ
па сайту па сайтах дзяржорганаў
ГалоўнаяАрхівыАрхіў выступленняўВыступленні2007
border=0 border=0 border=0
border=0 2007 border=0
border=0 border=0 border=0 border=0
Выступленне на парадзе ў азнаменаванне Дня Незалежнасці
Выступленне на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
Пасланне прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу
Вытрымкі з выступлення на Першым з'ездзе вучоных Беларусі
Выступленне на семінары кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў
border=0 border=0
Выступленне на семінары кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў30.11.2007

Краіна без перыферыі

Гэты семінар вельмі важны не толькі з пункту гледжання вучобы, але і з пункту гледжання пастаноўкі задач. Мы іх тут дакладна паставілі і будзем усю нашу адміністрацыйную машыну накіроўваць на рэалізацыю.

На семінары мы паказалі адрасы перадавога вопыту, дзе гэта паглядзець, у якім напрамку трэба дзейнічаць. Мае крытэрыі, па якіх я буду ацэньваць вашу работу, я таксама адкрыта назваў.

Мы папрацавалі даволі плённа. Адзіная заўвага Адміністрацыі Прэзідэнта: нельга парушаць рэгулярнасць правядзення такіх мерапрыемстваў. Тэм для абмеркавання дастаткова, вось ткіх жа актуальных, як сёння. І гэта можа набываць розныя формы, але такі семінар – разам збірацца, вучыцца, абмяркоўваць праблемы – гэта вельмі важна. Усе кіраўнікі, кіраўніцкая эліта нашай краіны атрымалі магчымасць абмяркоўваць пытанні, што датычацца сродкаў масавай інфармацыі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і аховы здароўя, іншых сацыяльных галін. Гэта вельмі важна.

І яшчэ тэма, якую мы сёння абмяркоўваем, важная таму, што ў малых і сярэдніх гарадах жыве больш за 30 працэнтаў насельніцтва краіны. Там нашы людзі. І мы павінны ствараць нармальныя ўмовы для іх жыцця. Вядома, і ў савецкія часы спрабавалі вырашыць гэту праблему, але духу хапіла толькі для пастаноўкі пытання і стварэння нейкіх узораў.

Гэта таксама вельмі важна, гэта добра. Але тады комплекснага вырашэння не было. І сёння, як бы ні было складана, мы вымушаны і павінны вырашыць гэту задачу ў цэлым. І мы можам яе вырашыць. Мы падышлі да вырашэння праблем развіцця глыбінкі комплексна. І гэта з’яўляецца нашым новым дзяржаўным прыярытэтам. Цяпер перад намі стаіць задача рэанімаваць малыя і сярэднія гарады, стварыць умовы для іх паскоранага развіцця. Нельга дапусціць, каб адставанне малых, сярэдніх гарадоў прывяло да сур’ёзнага тармажэння эканамічнага развіцця краіны і пагрозы сацыяльна-палітычнай стабільнасці нашай дзяржавы. Для вырашэння гэтай задачы прынята Дзяржаўная комплексная праграма. Яна нялёгка нараджалася. Я ад Прэм’ер-міністра і Урада запатрабаваў: зрабіце проста, але зразумела, даступна для ўсіх. Калі гэта малыя гарады, то, па-першае, што гэта за малыя гарады, пералік іх. І што канкрэтна трэба зрабіць у канкрэтным горадзе, у малым пасёлку. Вы ў гэтым усе прымалі ўдзел, і з’явілася такая вялікая, але вельмі канкрэтная праграма. Яе вельмі лёгка кантраляваць. Мы падышлі канкрэтна, вызначылі 187 малых, сярэдніх гарадоў і пасёлкаў, для развіцця якіх неабходна дадатковая дзяржаўная дапамога. Па кожнаму з іх на мясцовым узроўні падрыхтавалі асобныя праграмы развіцця, якія леглі ў аснову комплекснай дзяржаўнай праграмы.

Прапрацавалі і ўстанавілі больш ільготныя ўмовы вядзення малога бізнесу. 346 арганізацыям прадаставілі падатковыя прэферэнцыі. У якасці базы для ўздыму эканомікі гэтых гарадоў вычленілі 195 важнейшых інвестыцыйных праектаў, якія падлягаюць першачарговай рэалізацыі. Вызначылі крыніцы іх фінансавання. Агульны аб’ём фінансавання мерапрыемстваў па праграме складзе амаль 2 трл. рублёў, прытым толькі чвэрць гэтай сумы – бюджэтныя сродкі. Астатняе – уласныя сродкі і крэдыты банкаў.

Канкрэтныя меры прадугледжаны, задачы пастаўлены.

Спадзяюся, што яны будуць вырашаны. Калі гаварыць шчыра, сёння мы і вынікі некаторыя падводзім. Так вось, выкананне на першым этапе задач, якія пастаўлены па праграме, было не такім, якім яно павінна быць. Вынікі асабліва не радуюць.

Растлумачваю чаму.

Па-першае, як вы чулі, з 48 інвестыцыйных праектаў, што падлягаюць рэалізацыі ў 2007 годзе, па выніках дзевяці месяцаў поўнасцю завершаны толькі шэсць. Нават з улікам абяцанняў да канца года палепшыць становішча з уводам у строй часткі аб’ектаў 13 важнейшых інвестыцыйных праектаў не будуць рэалізаваны ў тэрмін.

Міністэрства прамысловасці і Гомельскі аблвыканкам да гэтага часу не змаглі пачаць рэалізацыю аднаго з важнейшых праектаў – у гарадскім пасёлку Сасновы Бор на Светлагорскім заводзе сельскагаспадарчага машынабудавання.

Белкаапсаюз і Брэсцкі аблвыканкам да канца года толькі распрацавалі бізнес-план праекта тэхнічнага пераўзбраення хлебазавода Маларыцкага райпо. А яго мадэрнізацыю трэба было б правесці ў бягучым годзе.

У праграму ў якасці важнейшага інвестыцыйнага праекта з уводам у гэтым годзе ўключана вытворчасць па перапрацоўцы і кансерваванню ягад і грыбоў у гарадскім пасёлку Глуск. Фактычна асвоена толькі крыху больш за трэцюю частку ад запланаванага. Хоць там ужо сёння павінны былі атрымаць новую работу 60 чалавек.

Як жа так атрымліваецца, што Дзяржаўную праграму толькі зацвердзілі, а тэрміны рэалізацыі праектаў ужо збіраюцца перанесці на чарговыя гады? Або, што яшчэ горш, ад іх наогул адмаўляюцца інвестары. Гэта ж сведчанне нізкай якасці бізнес-планавання, ды і стылю работы тых, хто рыхтаваў такія прапановы!

У сувязі з гэтым хачу папярэдзіць яшчэ раз. Невыкананне праграмы, пераносы тэрмінаў рэалізацыі праектаў – гэта ж парушэнне нашага заканадаўства і канкрэтна ўказа Кіраўніка дзяржавы з усімі вынікамі. Адказнасць будзе самая строгая!

Па-другое, па выніках дзевяці месяцаў не забяспечваецца выкананне заданняў праграмы.

Не выходзім на параметры па прамысловай прадукцыі. Больш таго, менш, чым летась, выпусцілі спажывецкіх тавараў. Адпаведна і не дасягнулі запланаванага ўзроўню зарплаты ў малых і сярэдніх гарадах.

Па-трэцяе, нават прадастаўленая дзяржаўная падтрымка не змагла кардынальна палепшыць фінансавыя вынікі работы арганізацый, размешчаных у малых і сярэдніх гарадах.

Сярэдні ўзровень рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі на гэтых прадпрыемствах за студзень – верасень 2007 года склаў 8 працэнтаў, што значна ніжэй, чым у сярэднім па краіне (больш за 12 працэнтаў). Прычым прамысловыя прадпрыемствы з колькасцю работнікаў да 100 чалавек спрацавалі значна горш – усяго толькі амаль 4 працэнты рэнтабельнасць.

Словам, складваецца ўражанне, што і ў складальнікаў, і ў выканаўцаў праграмы ўся энергія пайшла на яе складанне. А пасля таго як прынялі – зацішша. Як гавораць, “уся пара пайшла ў гудок”.

Відаць, што нашым кіраўнікам ад малога да вялікага патрэбен дадатковы імпульс. Але часу, як я ўжо сказаў і даказаў вам гэта, у тым ліку па макрапрычынах, часу на раскачку сёння няма.

Таму, паважаныя ўдзельнікі семінара, вы – непасрэдныя выканаўцы праграмы. Яшчэ раз гавару – на раскачку часу няма!

Трэба актыўна і вельмі значна “дабаўляць”, уключаць незадзейнічаныя рэзервы, аб якіх мы тут толькі што гаварылі.

На нядаўняй нарадзе па праекту прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на 2008 год была названа лічба тэмпу росту ВУП, на якую мы павінны выйсці ў наступным годзе, - 111 працэнтаў. Вядома, задача амбіцыйная, але вырашальная. Тым больш што 2008 год будзе стартавым у тым уздыме эканомікі, які мы плануем ажыццявіць да канца пяцігодкі. А наогул, мы назвалі лічбу і ў 120 працэнтаў, калі мы хочам выжыць і больш-менш нармальна потым існаваць.

Нам цяпер абавязкова трэба дабаўляць, калі ёсць рынкі збыту і попыт на нашу прадукцыю. Таму я хацеў бы даручыць сёння Ураду і аблвыканкамам перагледзець асноўныя паказчыкі нашага развіцця і ўнесці адпаведныя змяненні ў бок павышэння. Напружанымі павінны быць нашы заданні. Абавязкова ўстаноўленыя заданні павінны быць максімальна напружанымі! Нядобра, калі дакладваюць, што намечаныя мерапрыемствы Дзяржпраграмы выкананы, прычым больш за палавіну з іх датэрмінова, але ў той жа час адчувальнага эканамічнага эфекту так і было. Гэта яшчэ горш, чым не зрабіць. Гэта значыць, што або даюць справаздачу па фармальных прыметах, або самі мерапрыемствы маюць фармальны характар. Я прашу вас, адкіньце гэты фармалізм і вазьміцеся за работу закасаўшы рукавы. Ніякія прыпіскі, ніякі фармалізм тут не пройдуць.

У праграме прадугледжана будаўніцтва 57 новых прамысловых прадпрыемстваў і вытворчасей, мадэрнізацыя 80 дзеючых, рэканструкцыя 56 аб’ектаў агракомплексу і сферы паслуг. Сёння зразумела, што гэтага вельмі недастаткова. Прычым дзеючую вытворчасць сёння трэба аптымізаваць, з улікам існуючых сыравінных зон, рэгіянальнай спецыялізацыі, магчымых рынкаў збыту, мы таксама аб гэтым гаварылі.

Адраджэнне малых, сярэдніх гарадскіх паселішчаў неабходна разгарнуць у маштабны агульнанацыянальны праект і ставіцца да яго менавіта так, як да важнейшага дзяржаўнага прыярытэту з усёй адказнасцю. Для яго рэалізацыі спатрэбяцца сумесныя намаганні ўсіх органаў улады, усіх нас, прадпрымальнікаў і насельніцтва.

Што канкрэтна трэба будзе зрабіць у бліжэйшы час? Першае. Мы не павінны дапусціць памылак і пралікаў, якія, трэба сумленна прызнаць, у нас былі пры старце праграмы адраджэння вёскі, калі мы паказвалі ААТ “Александрыйскае” і іншыя прадпрыемствы, куды ўкладзена сродкаў вельмі шмат, залішне шмат. Мы прыпынілі гэты працэс, калі вёску (аграгарадок) будуюць і вёску пры гэтым спрабуюць замяніць горадам. Нам гэта абсалютна не трэба. Нельга парушаць уклад вёскі. Вёска павінна заставацца вёскай. Не трэба баяцца – тыя хочуць паехаць, гэтыя хочуць паехаць... Калі яны недзе працаўладкуюцца – няхай едуць, міграцыі не пазбегнуць. Усё роўна ў вёсцы застанецца мінімум тых, хто працуе. Вось жа Леанід Вячаслававіч (Л.В.Русак - Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання) мне сказаў, што на новых фермах застаецца менш за трэць той колькасці, якая існуе на старых. Калі там было 60 члаавек, а то пад 100 “даглядалі”, як у народзе кажуць, 800 галоў кароў, то цяпер на ферме, дзе сканцэнтравана 800 галоў, абыходзяцца трыццаццю работнікамі разам з вартаўнікамі, а даярак усяго 4-5. Таму трэба ствараць новыя падсобныя промыслы, калі людзі не едуць.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на праблемныя гарады і пасёлкі з высокім узроўнем беспрацоўя. На жаль, такіх больш за 70 працэнтаў ад агульнай колькасці паселішчаў, уключаных у Дзяржаўную праграму. Я звяртаюся да губернатараў, старшынь райвыканкамаў: да якога часу можа зашкальваць беспрацоўе ў гарадах і пасёлках Ганцавічы, Мікашэвічы, Іванава, Васілевічы, Краснаполле, Новалукомль, у Акцябрскім? Там складаная сітуацыя з занятасцю не мяняецца ўжо на працягу шэрага гадоў. Ну, у рэшце рэшт, ёсць жа ў вас нейкія амбіцыі і сумленне? Ну трэба прадумаць і “пасадзіць” там нейкае прадпрыемства або два-тры, якія вырашаць усю гэту праблему з беспрацоўем. Горадаўтваральныя арганізацыі, якія стратныя і няўстойліва працуюць, ствараюць пагрозу для сацыяльнай стабільнасці не толькі ў тых населеных пунктах, дзе яны размешчаны, але і ў прылеглых раёнах, для якіх з’яўляюцца адзінай крыніцай даходу.

“Ляжаць” прадпрыемствы ў горадзе Барань, пасёлках Балбасава (Віцебская вобласць) - я там не адзін раз быў, і да гэтага часу не вырашаюцца там праблемы так, як трэба. Ільіч і Капаткевічы (Гомельская), Поразава (Гродзенская). Праблемы горадаўтваральных арганізацый – гэта на вашай адказнасці, Сяргей Сяргеевіч (С.С.Сідорскі – Старшыня Савета Міністраў), і Урада ў цэлым. Далей адкладваць вырашэнне гэтых праблем проста нельга. Таму Ураду і аблвыканкамам у якасці першачарговай задачы да канца 2008 года трэба прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння іх стабільнай работы.

У праграме прадугледжана дзяржпадтрымка такіх гарадоў і размешчаных там прадпрыемстваў. Акрамя таго, там падатковая нагрузка для малога бізнесу ўжо зніжана ў два разы. Гэта наогул беспрэцэдэнтныя льготы. Ні адна дзяржава такіх ільгот не прапануе. У Еўропе толькі марыць аб гэтым могуць. Проста трэба прыцягваць людзей больш сюды, каб яны ведалі, што тут адбываецца.

На гэтай аснове ва ўсіх праблемных паселішчах неабходна дабіцца якаснага эканамічнага росту, павышэння фінансавай устойлівасці арганізацый, комплекснага развіцця вытворчай і сацыяльнай інфраструктуры.

Прадпрыемствы павінны быць мадэрнізаваны.

Бізнес-планы па прапанаваных інвестыцыйных праектах у малых і сярэдніх гарадах з удзелам мясцовых улад трэба перагледзець больш уважліва. Яшчэ раз паўтараю, - першае – вытворчасць, потым жыллё, сацыяльная сферы, камунальная гаспадарка. Выцягнем галоўнае звяно – забяспечым занятасць, дастойны ўзровень жыцця несельніцтва гэтых гарадоў.

Таму што самая вострая сацыяльная праблема – нізкія даходы людзей. Сёння ў малых гарадах узровень зарплаты складае 83 працэнты ад сярэдняга па краіне.

Пры сярэдняй заработнай плаце па краіне ў верасні бягучага года 710 тысяч рублёў, у гарадскім пасёлку Лагішын Пінскага і горадзе Давыд-Гарадок Столінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, гарадскім пасёлку Стрэшын Жлобінскага і пасёлку Беліца Рагачоўскага раёнаў Гомельскай вобласці яна была 300-400 тысяч. Такая ж карціна і ў шэрагу пасёлкаў Гродзенскай вобласці.

Ні Ураду, ні мясцовай уладзе нельга забываць, што ў бліжэйшыя гады нам трэба значна павысіць узровень даходаў насельніцтва. Калі, дапусцім, у суседзяў будзе зарплата тысяча долараў, нам нікуды не дзецца ад гэтага. Мы не павінны адставаць.

Важны інструмент эканамічнага росту рэгіёнаў – рацыянальнае ўнутрырэспубліканскае размяшчэнне вытворчых сіл.

Ураду трэба пашыраць практыку далучэння да прамысловых прадпрыемстваў, якія працуюць устойліва, арганізацый, што размешчаны ў малых населеных пунктах і маюць нездавальняючы фінансавы стан.

Калі неабходна, то прадумайце, як стымуляваць гэтыя працэсы.

Аднак такое размяшчэнне прамысловасці “па гарадах і вёсках“ павінна быць эканамічна абгрунтаваным. Пры гэтым неабходна не дапусціць пагаршэння экалагічнай сітуацыі ў краіне.

Яшчэ аб адным. З вялікім напружаннем мы вышукваем сродкі на будаўніцтва новых і мадэрнізацыю дзеючых прадпрыемстваў, каб нарасціць вытворчы патэнцыял рэгіёнаў, знізіць там узровень беспрацоўя. Аднак у той жа час з-за патурання мясцовых, галіновых органаў дзяржкіравання не зніжаецца колькасць ілжэбанкруцтваў прадпрыемстваў. Гэта значыць з такой упартасцю ствараем прадпрыемствы новыя і ў той жа час амаль столькі ж банкруцім. Прытым без усялякіх на гэта падстаў. “А можна? Ну давайце збанкруцім”. Як быццам бы ад гэтага лягчэй жыць стане. Не стане! Таму я хачу сказаць, што гэта для мяне трывожны сігнал, і я папярэджваю кіраўнікоў рэгіёнаў і міністэрстваў – навесці парадак на месцах. За гэта будзеце адказваць галавой.

Камітэту дзяржкантролю, праваахоўным, судовым органам трэба вельмі ўважліва разглядаць кожную справу аб ліквідацыі прадпрыемстваў. Нельга дапусціць, каб мы адной рукой будавалі новыя заводы, а другой закрывалі дзеючыя.

Другое. Трэба максімальна ўключыць у работу ўсе наяўныя патэнцыяльныя рэзервы. У поўнай меры задзейнічаць механізм уцягнення ў гаспадарчы абарот дзяржаўную маёмасць, якая не выкарыстоўваецца, неэфектыўна выкарыстоўваецца. Колькі можна трымацца за тое, што мы не можам або не хочам выкарыстоўваць? Мы аб гэтым ужо гаварылі. Ёсць праблемы – давайце іх неадкладна вырашым. Гэта ўсё залежыць ад нас. Што датычыцца мяне, я гатовы прыняць такія рашэнні. Але сотні прадпрыемстваў, аб’ектаў сёння не задзейнічаны.

Тое ж датычыцца і ваенных гарадкоў. Рашэнне прынята па 42 ваенных гарадках. Але да гэтага часу перададзены толькі 6 трансфарматарных падстанцый і адзін будынак гарнізоннага Дома афіцэраў. І гэта ў 42 ваенных гарадках, якія падлягаюць перадачы!

Трэба разгортваць там вытворчасць, і ўзоры ёсць. Прыклад таго – Пастаўскі мэблевы цэнтр, дзе працуюць 655 чалавек. Кіраўнікі – былыя ваенныя. Заработная плата вышэйшая, чым ва ўсім раёне!

Паважаныя таварышы!

Нам вельмі неабходна апераджальнымі тэмпамі нарошчваць аб’ёмы інвестыцый. Здавалася б, прынялі прававыя акты для павышэння інвестыцыйнай прывабнасці малых і сярэдніх гарадоў. Аднак гэта асаблівага эфекту не дало. З агульнага аб’ёму капіталаўкладанняў, прыцягнутых у эканоміку рэгіёнаў за дзесяць месяцаў гэтага года, замежныя інвестыцыі складаюць 0,3 працэнта. Мясцовай уладзе трэба больш актыўна працаваць у гэтым напрамку. Як? Мы таксама аб гэтым гаварылі.

Я гатовы разгледзець прапановы аб больш прывабных, больш ільготных умовах для стварэння ў рэгіёнах, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчах новых, сучасных вытворчасцей. Прычым такія льготныя ўмовы павінны быць як для замежных, так і для айчынных інвестараў. Я папрашу і Прэм’ер-міністра, і Старшыню Нацыянальнага банка з гэтымі прапановамі не цягнуць. Галоўны вынік, па якім будзем ацэньваць работу, - гэта прыцягненне прамых замежных інвестыцый, доўгатэрміновых укладанняў у бізнес на беларускай зямлі.

Таму што ў нас ёсць шмат станоўчых прыкладаў. Гэта ўвод у строй з прыцягненнем нямецкага капіталу завода фруктовых напіткаў у горадзе Высокае Брэсцкай вобласці, адкрыццё швейнай вытворчасці ў вёсцы Дзівін Кобрынскага раёна, рэалізацыя ў горадзе Бярозе інвестыцыйных адпаведных праектаў, аб якіх тут гаварыў старшыня райвыканкама. Гэта таксама арганізацыя ў Нясвіжы Мінскай вобласці вытворчасці ін’екцыйных, інфузійных, дыялізных раствораў і кропель для вачэй з прыцягненнем сродкаў латвійскіх прадпрыемстваў.

Адраджэнне малых сярэдніх гарадоў немагчыма без удзелу айчынных прадпрымальнікаў, дробнага і сярэдняга бізнесу. У нас па-ранейшаму пераважная большасць суб’ектаў малога бізнесу засяроджана ў Мінску.

Сёння мясцовай уладзе прадастаўлена права аказання дзяржаўнай падтрымкі за кошт мясцовых бюджэтаў. І я ўжо сказаў – калі вы настойваеце на перадачы вам падаткаў з гэтых прадпрыемстваў, калі ласка, мы прымем адпаведнае рашэнне.

Мясцовая ўлада павінна стаць арганізатарам прадпрымальніцтва ў сваім горадзе. Гэта – ваша зона адказнасці. І перш за ўсё трэба бачыць зону вытворчасці. Вельмі важна арганізаваць работу структур, якія аказваюць на бясплатнай аснове паслугі па бізнес-кансультаванню. Менавіта на месцах трэба ствараць спрыяльныя ўмовы для ініцыятыўных і прадпрымальных людзей. Самацёкам гэты працэс, як і ўсе іншыя, ісці не можа. Мясцовыя органы ўлады проста абавязаны прадугледзець эфектыўныя арганізацыйныя меры па развіццю малога бізнесу. Улічыць, што з наступнага года не менш за два працэнты даходаў мясцовых бюджэтаў трэба сфарміраваць за кошт падаткаў ад работы новых вытворчасцей, арганізаваных на сваёй тэрыторыі. Менавіта такое палажэнне закладзена ў праекце бюджэту на 2008 год.

Пытанне працоўнай занятасці ў рэгіёнах трэба вырашаць у комплексе. Акрамя развіцця прамысловасці, трэба больш актыўна ўцягваць людзей у сферу будаўніцтва, гандлю, бытавога абслугоўвання і турызму.

Я не буду на гэтым падрабязна спыняцца. Вельмі шмат ёсць прыкладаў. Гэта Тураў, Нясвіж, Мір, Мсціслаў, Заслаўе. Цэнтры адпачынку – Нарач, Браслаў, Лепель. Малыя гарады павінны стаць цэнтрам аздараўлення насельніцтва нашай краіны. Блізка ад многіх з іх выяўлены і лячэбныя воды. Гэта Глыбокае, Верхнядзвінск, Расоны, Відзы. Але тут важная ініцыятыва мясцовых улад. Напрыклад, па прапановах сташынь аднаго з сельсаветаў і Браслаўскага райвыканкама сёння рэальна можа быць адроджаны курорт у гарадскім пасёлку Відзы. Але мы паварочваемся ў гэтым напрамку вельмі марудна. І аб гэты тут таксама гаварылася.

Таму Мінспорту і турызму, Міністэрству інфармацыі, аблвыканкамам на больш высокім якасным узроўні неабходна рэкламаваць мясцовыя выдатныя мясціны, дапамагаць у распрацоўцы маршрутаў сельскага, краязнаўчага, экалагічнага турызму.

Тут засяроджана значная доля культурных аб’ектаў. Нягледзячы на шматлікія войны і разбурэнні, больш за 100 малых гарадоў захавалі каштоўныя помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва розных эпох, у тым ліку 42 гарады маюць помнікі нацыянальнага значэння.

Але нельга забываць, што ўсе праекты павінны быць акупнымі!

Не магу не закрануць яшчэ адно важнае пытанне – забеспячэнне кваліфікаванымі кадрамі прадпрыемстваў і арганізацый, размешчаных у глыбінцы.

Цяпер узроставая і прафесійная структура насельніцтва малых і сярэдніх гарадоў не адпавядае сучасным патрабаванням. Як гэта робіцца, аб гэтым таксама сёння з гэтай трыбуны гаварылі.

Самае, вядома, галоўнае пытанне, акрамя таго, што і для душы трэба, і спорт развіваць, і іншае, - гэта пытанне жылля. Таму трэба браць прыклад з праграмы адраджэння вёскі і трэба ў гэтых гарадах будаваць, будаваць, будаваць.

Трэба навесці парадак з дысцыплінай, захаваннем нарматыўных (дагаворных) тэрмінаў будаўніцтва і якасцю жылля.

Нядаўна па тэлебачанню ўбачыў, як Андрэйчанка (У.П.Андрэйчанка – старшыня Віцебскага аблвыканкама) здае дамы. Людзі гавораць: новы дом, чалавек засяляецца, рамонт зрабіў, а назаўтра ўсё паадвальвалася. Хіба гэта нармальна? Даўно трэба было публічна запатрабаваць з тых, хто гэта рабіў. Больш бы нікому так не захацелася.

Сітуацыю ў гэтай частцы трэба пераламаць!

І перш за ўсё сітуацыю з заработнай платай.

Галоўнае цяпер – максімальна актывізаваць энергію і ініцыятыву насельніцтва малых гарадоў і пасёлкаў.

Важную ролю тут павінна адыграць добра наладжаная сістэма ідэалагічнай работы.

Ідэалогія беларускай дзяржавы дае магчымасць бачыць праграму развіцця малых гарадоў як частку цэласнай дзяржаўнай палітыкі па фарміраванню добрага і камфортнага асяроддзя пражывання людзей.

Кожны чалавек павінен разумець, што дзяржава канцэнтруе на дасягненні гэтай мэты вялікія рэсурсы. І гэта ўсё можа быць створана толькі самімі людзьмі. Гэта двухбаковы працэс. З аднаго боку – дзяржава, з другога боку – насельніцтва.

У нас вельмі слаба развіта інфармацыйна-рэкламная дзейнасць па прапагандзе патэнцыялу нашых малых гарадоў, ды і асобных рэгіёнаў. А сродкаў дастаткова: ад газет, тэлебачання да Інтэрнэту.

Час настойліва патрабуе кардынальнага павышэння якасці кіраўніцкай дзейнасці, яе эфектыўнасці і рэальнага аўтарытэту ў людзей. Наша сістэма кіравання павінна кваліфікавана забяспечыць баланс інтарэсаў усіх сацыяльных слаёў і рэгіёнаў краіны, іх раўнамернае развіццё.

Неабходна паўсюдна настойліва ўкараняць дзелавы стыль, даступнасць і мабільнасць усіх органаў кіравання. А мясцовых органаў улады гэта датычыцца ў першую чаргу. Сацыялагічныя даследаванні аб гэтым гавораць.

Таму цяпер як ніколі трэба запатрабаваць з кіраўнікоў за даручаны ўчастак работы. Трэба памятаць, што за кожнай праваленай справай стаяць канкрэтныя людзі.

Менавіта персанальная адказнасць павінна стаць асноўным механізмам, які дапаможа змагацца з негатывам і паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы.

Пры гэтым хачу папярэдзіць, што скардзіцца на Прэм’ер-міністра, на Урад за жорсткае запатрабаванне катэгарычна забараняецца. Я буду слухаць вас па ўсіх пытаннях, але толькі не па пытанню жорсткага запатрабавання і давядзення больш высокіх паказчыкаў. Трэба сёння ажыццявіць правыў. Ёсць момант, і яго трэба скарыстаць!

Заканчваючы сваё выступленне, хачу сказаць, што мы выйшлі на вельмі складаны і адказны этап развіцця нашай маладой дзяржавы. Шлях будзе складаны. Але мы дакладна ведаем, што на гэтым шляху нам трэба зрабіць. Вельмі важна для гэтага пяцігоддзя паспяховае вырашэнне дзвюх узаемазвязаных маштабных задач – гэта адраджэнне вёскі і малых гарадскіх паселішчаў.

Іх вырашэнне бачыцца ў канструктыўным ўзаемадзеянні органаў дзяржаўнага кіравання розных узроўняў, супрацоўніцтва з людзьмі. Таму сёння аднолькава небяспечны як чыноўніцкая цяганіна, так і абыякавасць радавых грамадзян.

Асноўная нагрузка па развіццю малых гарадоў і пасёлкаў усё ж такі кладзецца на старшынь выканкамаў. Хоць сур’ёзныя абавязкі па вырашэнню гэтай праблемы ўскладзены і на рэспубліканскія органы ўлады, і на Урад.

Запатрабаванне за вынікі дзейнасці будзе, яшчэ раз падкрэсліваю, жорсткае, жорсткае, але аб’ектыўнае. Нічыю ініцыятыву мы не будзем ушчамляць, але і правалаў у рабоце мы не прапусцім. Іх дапусціць нельга.

Помніце, што паспяховае адраджэнне малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў – справа нашага гонару.

Я вам жадаю ў гэтым поспехаў!

(Апладысменты).

Версія для друку
© 2001-2009 Прэс-служба
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь