Карта сайтаАб парталеРусская версияEnglish version
КІРАЎНІК ДЗЯРЖАВЫ
ПАДЗЕІ
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА
РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ
Геаграфія  Дзяржава  Рэгіёны  Эканоміка 
Права  Навука  Ахова здароўя  Адукацыя 
Гісторыя і Культура 
Фізкультура і спорт  Чарнобыль 
КАТАЛОГ РЭСУРСАЎ
па сайту па сайтах дзяржорганаў
ГалоўнаяРэспубліка БеларусьГісторыя і КультураГісторыя
border=0 border=0 border=0
border=0 Гісторыя border=0
border=0 border=0 border=0 border=0
Станаўленне дзяржаўнасці
Кароткая гісторыя Беларусі да XVII стагоддзя
Кароткая гісторыя Беларусі ад XVII стагоддзя і да нашых дзён
Гістарычныя даты
Архівы і грамадства
border=0 border=0
Архівы і грамадства

Далёка не ўсе нашы грамадзяне маюць дастаткова дакладнае ўяўленне аб рабоце архіваў. Знаёмячыся з архіўным дакументам, чалавек перажывае асобае пачуццё дотыку да часу. Гартаючы архіўную справу, ён як бы перагортвае жывые старонкі далёкай і адначасова блізкай гісторыі сваёй радзімы. Архіўны дакумент – гэта гістарычная памяць народа, вобразна кажучы паэтычнымі радкамі Янкі Купалы, «памятка дзён, што ў нябыт уцяклі».

Дакументы Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь асвятляюць гісторыю нашай краіны з XIV ст. і да нашых дзён. Найбольш старажытнымі з іх з’яўляюцца сапраўдныя пергаментныя граматы XIV – XVII стст., а таксама актавыя кнігі судовых устаноў XV – XVIII стст. Сярод гэтых дакументаў – «Пацвярджальны прывілей князёў Фёдара і Канстанціна Кар’ятавічаў пану Грынько на горад Сакалец. За верную службу» ад 20 чэрвеня 1391 г., актавая кніга Драгічынскага земскага суда (1431–1444 гг.), універсал Багдана Хмяльніцкага ад 7 мая 1656 г. купцам г. Слуцка на права свабодна гандляваць на тэрыторыі Украіны і іншыя.

У архівах краіны шырока прадстаўлены дакументы па сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі XVI – пачатку XX стст.

Да ліку унікальных дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду адносяцца матэрыялы па гісторыі Паўночнай вайны 1700–1721 гг., Айчыннай вайны 1812 г., руска-турэцкай вайны 1877–1878 гг., руска-японскай вайны 1904–1905 гг., Першай сусветнай вайны 1914–1918 гг.

Дакументы Нацыянальнага архіўнага фонду зберагаюць шматлікія сведчанні подзвігу, здзейсненага беларускім народам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта дакументы аб дзейнасці падпольных органаў і арганізацый, штабоў партызанскіх злучэнняў, брыгад, палкоў, атрадаў, калекцыі лістовак, плакатаў, камплекты газет за 1941–1944 гг., матэрыялы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленню і расследаванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх прыспешнікаў у Беларусі і інш.

Архіўныя дакументы асвятляюць стан і развіццё народнай гаспадаркі, навукі, культуры, аховы здароўя, народнай асветы, фізічнай культуры і спорту ў рэспубліцы.

Важнае месца сярод дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду займаюць матэрыялы цэнтральных органаў дзяржаўнага кіравання, якія адлюстроўваюць эканамічную і сацыяльную палітыку дзяржавы.

Сягоння няма патрэбы даказваць важную ролю архіваў у захаванні нацыянальнага культурна-гістарычнага багацця краіны. Інфармацыя, якая заключана ў архіўных дакументах, на працягу многіх гадоў выкарыстоўваецца ў навуковых, палітычных, эканамічных, сацыяльна-культурных, кіраўніцкіх мэтах. Задача архіваў заключаецца ў забеспячэнні дзяржавы і яе інстытутаў рэтраспектыўнай дакументнай інфармацыяй, захаванні важных для гісторыі дакументаў, абароне законных правоў і інтарэсаў грамадзян краіны.

Дакументы архіваў пастаянна выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве, вытворчасці, навуковых распрацоўках і г. д. У гэтай вобласці асабліва актыўна выкарыстоўваюцца дакументы Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі (БДАНТД).

Так, плошча Перамогі, праспект Незалежнасці ўзноўлены па дакументах архіва. Архіўныя дакументы выкарыстоўваліся для стварэння мемарыялаў у Трасцянцы, Уруччы і інш. Дакументы архіва выкарыстоўваліся і пры будаўніцтве першай чаргі Мінскага метрапалітэну, што дазволіла атрымаць значны эканамічны эфект.

Па архіўных дакументах вывучаюцца пытанні планіроўкі і забудовы абласных цэнтраў, праходзіць масавае абследаванне тэхнічнага стану будаўнічых канструкцый. Асабліва запатрабаваныя акты дзяржпрыёмкі закончаных будаўнічых аб’ектаў, паколькі яны, перш за ўсё, пацвярджаюць права ўласнасці. Маштабныя навуковыя даследаванні праводзяць у архіве архітэктары, рэстаўратары, гісторыкі. Багаты комплекс дакументаў архіва па самых буйных аб’ектах рэспублікі, а таксама захоўваемая ў іх каштоўная інфармацыя ў поўнай меры дазваляе задаволіць попыт карыстальнікаў архіўных дакументаў – ад урадавых структур да камерцыйных арганізацый і асобных грамадзян.

Дзякуючы дакументам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ, г. Мінск) і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гродне (НГАБ у г. Гродне) узноўлены і захаваны ў першапачатковым выглядзе многія унікальныя помнікі беларускай архітэктуры. Сярод іх Сафійскі сабор і Багаяўленская царква ў г. Полацку, касцёл св. Роха на Залатой Горцы, касцёл св. св. Сымона і Алены, Марыінскі касцёл, манастыр бернардынак, гарадская сядзіба мастака Валянціна Ваньковіча ў Мінску, Мірскі замак, замак у Любчы, Успенскі сабор, комплекс іезуіцкага манастыра ў Мсціслаўлі, сабор св. св. Пятра і Паўла ў Гомелі, Троіцкі касцёл у в. Волчын Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці і іншыя. Архіўныя дакументы аказаліся запатрабаванымі таксама і для далейшага ўзнаўлення палаца-сядзібнага комплексу Віслаухаў у в. Перкавічы Драгічынскага раёна, сядзібы мастака Напалеона Орды ў в. Варацэвічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, будынка былой тытунёвай фабрыкі Шэрашэўскага і да т. п.

Адной з важнейшых задач органаў і ўстаноў Дзяржаўнай архіўнай службы Рэспублікі Беларусь з’яўляецца работа са зваротамі грамадзян.

У апошні час важнасць работы са зваротамі грамадзян мнагакратна ўзрасла. У адпаведнасці з указамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 верасня 2005 г. № 432 «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні арганізацыі работы ў дзяржаўных органах і іншых дзяржаўных арганізацыях» і ад 16 сакавіка 2006 г. № 152 «Аб зацвярджэнні пераліку адміністрацыйных працэдур, якія выконваюцца дзяржаўнымі арганізацыямі па зваротах грамадзян за выдачай даведак ці іншых дакументаў», Дырэктывай Кіраўніка дзяржавы ад 27 снежня 2006 г. № 2 «Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата» у органах і ўстановах Дзяржаўнай архіўнай службы праведзена вялікая работа па ўкараненню ў практыку работы са зваротамі грамадзян заявіцельнага прынцыпу «адно вакно», спрашчэнню працэдур афармлення архіўных даведак, атрымання іншых дакументаў, стварэнню зручнага графіка работы дзяржаўных архіваў.

Штогод дзяржаўныя архівы, тэрытарыяльныя (гарадскія і раённыя) архівы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Рэспублікі Беларусь выконваюць каля 35 тысяч сацыяльна-прававых зваротаў. Асноўныя пытанні, якія цікавяць грамадзян пры звароце ў архівы, тычацца пацвярджэння працоўнага стажу, памеру заработнай платы, маёмасных і наследных правоў, фактаў прымянення рэпрэсій і раскулачвання. Вялікая колькасць зваротаў звязана з перыядам Вялікай Айчыннай вайны: пацвярджэнне фактаў знаходжання ў месцах прымусовага ўтрымання, створаных нацыстамі на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі, вывазу на прымусовыя работы ў Германію і іншыя краіны Еўропы, удзелу ў партызанскім руху, пражывання на акупіраванай тэрыторыі, знаходжання ў эвакуацыі і г. д.

Выкананне запытаў сацыяльна-прававога характару – адна з працаёмкіх форм выкарыстання дакументаў. Архівісты добра ведаюць, што якасць выканання запытаў – адна са складаючых грамадскай думкі аб рабоце архіваў. Паколькі за кожным запытам стаяць лёсы людзей, аператыўны разгляд запытаў, шчырае імкненне дапамагчы заявіцелям сталі для архівістаў нормай працы.

У апошні час назіраецца значнае павелічэнне колькасці паступаючых у архівы запытаў генеалагічнага характару. Своеасаблівы ўсплеск інтарэсу да сваіх продкаў, гісторыі сваёй сям’і ў беларускім грамадстве прыйшоўся на пачатак 90-х гг. XX стагоддзя. Усё часцей людзі задаюцца пытаннем: хто мы, хто нашы продкі, з якога яны саслоўя, чым займаліся? Вырашэнне ўсіх гэтых пытанняў ляжыць у сферы дапаможнай гістарычнай дысцыпліны – генеалогіі, якая займаецца вывучэннем паходжання родаў, устанаўленнем сваяцкіх сувязей, складаннем радаводу.

Генеалагічную інфармацыю можна адшукаць у многіх беларускіх архівах, аднак асноўнымі захавальнікамі дакументаў, якія дазваляюць складаць радавод і ўстанаўліваць генеалагічнае дрэва, з’яўляецца Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі і Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродне.

Генеалагічныя даследаванні праводзіліся і раней. Аднак да 1917 г. генеалогія насіла яскрава выражаны саслоўны характар. Вывучаліся толькі дваранскія радаводы. У гэтай сувязі і крыніцы аб дваранскім паходжанні найбольш уладкаваныя ў параўнанні з іншымі саслоўямі. Сярод гэтых крыніц фамільныя фонды, справы аб дваранскім паходжанні, генеалагічныя табліцы дваранскіх родаў, пасямейныя і паслужныя (фармулярныя) спісы дваран і інш.

Адсутнасць аналагічных крыніц па вывучэнню генеалогіі сялян, мяшчан і інш. патрабуе выпрацоўкі іншых метадаў даследавання з прычыны шырокага выкарыстання шматлікіх архіўных матэрыялаў.

Асноўнымі крыніцамі па вывучэнню генеалогіі гэтых груп насельніцтва з’яўляюцца дакументы, якія захоўваюцца ў фондах рэлігійных канфесій (метрычныя кнігі аб нараджэнні, шлюбу, смерці, шлюбныя вобыскі, спавядальныя ведамасці, спісы прыхаджан і інш.), казённых палат (рэвізскія казкі), губернскіх камітэтаў для разгляду і складання інвентароў памешчыцкіх і казённых сядзіб (пасямейныя спісы), канцылярый грамадзянскіх губернатараў (пашпарты для выезда за мяжу), устаноў прамысловасці і будаўніцтва (імянныя спісы, справы аб выдачы пенсій), ваенных устаноў (рэкруцкія і прызыўныя спісы), устаноў гарадскога саслоўнага самакіравання (пасямейныя спісы мяшчан, купцоў) і інш. Выкананне генеалагічных запытаў, як правіла, звязана з працаёмкай аналітычнай работай, якая патрабуе ад архівіста глыбокіх ведаў зместу дакументаў.

Новым напрамкам у дзейнасці архіўнай галіны ў пачатку 90-х гадоў XX ст. стала работа ў вобласці тэрытарыяльнай геральдыкі. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 лютага 1994 г. № 89 «Аб зацвярджэнні палажэння аб Гербавым матрыкулу Рэспублікі Беларусь» перад архівістамі была пастаўлена задача ўзнаўлення гістарычных і стварэння новых гербоў для гарадоў і гарадскіх пасёлкаў.

Тэрытарыяльная геральдыка Беларусі налічвае амаль 500 гадоў і з’яўляецца састаўной часткай нашай гісторыі. У цяперашні час гэта гістарычная дысцыпліна вызывае павышаную цікавасць у шырокіх колаў грамадскасці.

Новы імпульс развіццю тэрытарыяльнай і ведамаснай геральдыкі Беларусі прыдаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 жніўня 2002 г. № 441 «Аб утварэнні Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і некаторых мерах па ўдасканаленні парадку заснавання і дзяржаўнай рэгістрацыі ордэнаў, медалёў і афіцыйных геральдычных сімвалаў».

Згодна з Указам у Дзяржаўны геральдычны рэгістр Рэспублікі Беларусь уносяцца ўсе віды сімволікі, зарэгістраваныя раней і ўстаноўленыя ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а яго вядзенне ўскладзена на Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Геральдычны рэгістр, такім чынам, уяўляе сабой своеасаблівы банк даных па афіцыйных геральдычных сімвалах нашай рэспублікі. У цяперашні час у ім зарэгістравана 153 тэрытарыяльныя гербы, сярод якіх 49 гістарычных, якія атрыманы беларускімі гарадамі ў XVI – XIX стст.

Афіцыйныя геральдычныя сімвалы заўсёды займаюць асобае месца ў любой дзяржаве, паколькі адлюстроўваюць нацыянальную ідэалогію і культуру, з’яўляюцца своеасаблівым «увасабленнем» краіны. Для грамадства з багатай гісторыяй, якое даражыць сваімі дзяржаўнымі сімваламі, гэта палітычны, ідэалагічны і сацыяльна-культурны капітал усёй нацыі. Тут найбольш значнымі з’яўляюцца гербы, сцягі, сімволіка грамадскіх аб’яднанняў, партый і прафсаюзаў.

Спецыялісты адзначаюць, што беларуская геральдыка яскрава нацыянальная, непаўторная і каларытная. Разам з тым за многія стагоддзі яна ўвабрала ў сябе ўсё лепшае, што ёсць у сімволіцы іншых народаў, у першую чаргу славянскіх.

У кожным тэрытарыяльным гербе ў спецыфічнай форме адлюстраваны своеасаблівасць развіцця горада ці краю, гістарычныя падзеі, знакавыя асобы і г. д. Прыродная разнастайнасць Беларусі прадстаўлена ў сучасных гербах гарадоў Расоны, Міёры, Хойнікі і гістарычных – Гомеля, Копыся, Відзы. Водная стыхія рэк і азёраў перададзена сучаснымі геральдыстамі ў гербах Падсвілля, Бешанковічаў і Стаўбцоў, таксама як і ў гістарычных гербах Вілейкі, Давыд-Гарадка, Дзісны, Друі і Полацка. Асобную групу гарадскіх гербоў складаюць тыя, пры стварэнні якіх улічваўся гістарычны фактар. Да прыкладу, на гербе Слаўгарада – гэта капліца, узведзеная ў гонар бітвы каля в. Лясная ў 1708 годзе ў перыяд Паўночнай вайны, а ў гербе Глыбокага дзве перакрыжаваныя шаблі «расказваюць» аб узброенай гарадской варце з мяшчан у XVII ст. Вялікае месца ў тэрытарыяльнай сімволіцы займае геральдыка былых уладароў гарадоў. Напрыклад, чорны мядзведзь, які трымае ў лапах дваранскі герб «Трубы» на гарадскім сімвале Смаргоні, напамінае аб школе па дрэсіроўцы мядзведзяў, якую некалі заснавалі князі Радзівілы.

Для правядзення мнагапланавай работы ў вобласці афіцыйнай дзяржаўнай сімволікі і гарадской геральдыкі прыцягваюцца не толькі спецыялісты ў гэтай сферы, але і работнікі архіўнай галіны. Менавіта ў дзяржаўных архівах наслайваліся дакументальныя крыніцы для вывучэння і рэканструкцыі гістарычных гербоў беларускіх гарадоў, стварэння новых знакаў і эмблем для дзяржаўных органаў. Пацвердзіць ці аспрэчыць інфармацыю аб тым ці іншым гербе, удакладніць выяву пячаткі, на падставе якой гарадскі сімвал часам набывае новае жыццё, дапамагаюць дакументы гарадскіх магістратаў, судоў, рамесных цэхаў. Так, некалькі гадоў назад высілкамі архівістаў быў узноўлены герб нашай сталіцы па архіўных матэрыялах XVII – XIX стст. А нядаўна для Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь былі створаны геральдычныя знакі-эмблемы, увабраўшыя ў сябе элементы сімволікі гэтых ведамстваў дарэвалюцыйнага перыяду.

Усямернае развіццё дзяржаўнай геральдыкі і сімволікі, якая базіруецца на багатым гістарычным мінулым беларускага народа, спрыяе выхаванню маладога пакалення ў духу патрыятызму і любові да Радзімы.

Архівы з’яўляюцца адным з атрыбутаў беларускай дзяржаўнасці. Наша задача – ашчадна зберагаць для дзяцей і ўнукаў дакументальную спадчыну продкаў.

Версія для друку
© 2001-2008 Прэс-служба
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь