Карта сайтаАб парталеРусская версияEnglish version
КІРАЎНІК ДЗЯРЖАВЫ
ПАДЗЕІ
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА
РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ
Геаграфія  Дзяржава  Рэгіёны  Эканоміка 
Права  Навука  Ахова здароўя  Адукацыя 
Гісторыя і Культура 
Фізкультура і спорт 
КАТАЛОГ РЭСУРСАЎ
па сайту па сайтах дзяржорганаў
ГалоўнаяРэспубліка БеларусьГісторыя і КультураРэлігія
border=0 border=0 border=0
border=0 Рэлігія border=0
Рэлігійныя канфесіі на тэрыторыі Беларусі

У Беларусі традыцыйна існуюць хрысціянскія (праваслаўе, каталіцтва, стараверства, пратэстантызм) і нехрысціянскія (іслам, іудаізм) канфесіі.

Дзевяностыя гады ХХ стагоддзя ў Беларусі адзначаны бурнымі, складанымі і супярэчлівымі працэсамі. Сярод іх варта выдзеліць працэс рэлігійнага адраджэння. Многія людзі пачалі шукаць для сябе новыя марадьныя каштоўнасці.

У 2004–2005 гадах рэлігійная сітуацыя ў рэспубліцы заставалася стабільнай, прагназуемай і кіруемай. Намаганнямі ўлады не было дапушчана якіх-небудзь канфліктаў на рэлігійнай аснове, манапалізацыі духоўнага жыцця і расколу грамадства па канфесіянальнай прымеце.

Падпісанае ў чэрвені 2003 года Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой паслужыла перадумовай да далейшага развіцця і ўдасканалення адносін дзяржаўных органаў і рэлігійных арганізацый, умацавання ўплыву рэлігійных інстытутаў у грамадстве і аўтарытэту дзяржавы як гаранта канстытуцыйных правоў грамадзян на свабоду сумлення і веравызнання і яе ролі ў захаванні гістарычнай, культурнай і духоўнай спадчыны беларускага народа.

Рэалізацыя прынятага ў 2002 годзе Закона Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” дазволіла ўмацаваць дзяржаўныя прыярытэты ў канфесіянальнай палітыцы, не дапусціць распаўсюджвання псеўдарэлігійных, дэструктыўных арганізацый у рэспубліцы.

На 1 верасня 2006 года ў рэспубліцы дзейнічаюць 3030 рэлігійных арганізацый, у тым ліку 2886 рэлігійных абшчын, 144 рэлігійныя арганізацыі рэспубліканскага і агульнаканфесіянальнага значэння (епархіі, манастыры, брацтвы, місіі, духоўныя навучальныя ўстановы) 25 канфесій і рэлігійных напрамкаў.

Праваслаўе з’яўляецца старажытнейшай хрысціянскай канфесіяй на беларускіх землях. Яно прыйшло сюды ў канцы Х ст. са станоўленнем Полацкай епіскапскай кафедры (992 г.). На пачатку другога тысячагоддзя вызначыліся асноўныя сферы дзейнасці праваслаўнай царквы, узнікла царкоўнае землеўладанне, сфарміравалася епархіяльная структура. Полацкая, Тураўская і іншыя епархіі, у склад якіх у розныя часы ўваходзілі беларускія землі, былі падпарадкаваны Кіеўскай мітраполіі, якая да сярэдзіны XV ст. захоўвала адноснае адзінства. У 1472 г. праваслаўная царква Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы атрымала кананічнае прызнанне Канстанцінопальскага патрыярха.

У канцы ХІІІ — сярэдзіне XVI стагоддзяў на тэрыторіі Беларусі заснавана каля 40 праваслаўных манастыроў, некаторыя з іх сталі цэнтрамі царкоўна-рэлігійнага жыцця, адукацыі, іканапісу. Пасля заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі (1596 г.) праваслаўная царква на беларускіх землях апынулася ў цяжкім становішчы. Затым вальны сейм Рэчы Паспалітай 1632 г. і прывілеі караля Уладзіслава IV санкцыяніравалі афіцыйнае ўзнаўленне дзейнасці праваслаўнай беларуска-украінскай духоўнай іерархіі. Былі створаны праваслаўныя епархіі з цэнтрамі ў Луцку, Пярэмышлі, Львове і Магілёве. Апошняя з сярэдзіны XVII ст. часта называлася Беларускай і да пачатку XVIII ст. заставалася адзінай праваслаўнай епархіяй у Рэчы Паспалітай. Пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі ў адносінах праваслаўнай царквы пачынаюць дзейнічаць агульнарасійскія законы. У пачатку ХХ ст. ў Беларусі было 5 праваслаўных епархій: Гродзенская, Мінская, Магілёўская, Літоўская (ахоплівала Віленскую і Ковенскую губерніі), Полацкая.У 1914 г. меліся 3552 царквы, 470 капліц, 21 мужчынскі і 14 жаночых манастыроў.

Устанаўленне Савецкай улады значна аслабіла ролю праваслаўнай царквы ў грамадстве. Дэкрэтам “Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы” (23.10.1918) рэлігійныя арганізацыі ператвараліся ў прыватныя абшчыны веруючых, існуючыя выключна на свае сродкі. У 1930-я гады праваслаўнае духавенства Беларусі, як і духавенства іншых канфесій, падверглася рэпрэсіям. Закрываліся храмы, святары, абвінавачаныя ў антысавецкай дзейнасці, высылаліся ў Сібір, Казахстан, іншыя ссыльныя месцы. На тэрыторыі Заходняй Беларусі да 1939 года дзейнічала Польская аўтакефальная праваслаўная царква.

Актывізацыя царкоўна-рэлігійнага жыцця, што назіралася ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у 50–60-я гады змянілася новай хваляй наступлення на царкву. І толькі з канца 80-х гадоў пачалося новае рэлігійнае адраджэнне. У 1989 г. створаны Экзархат Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Утворана 10 епархій.

У цяперашні час Беларуская праваслаўная царква аб’ядноўвае 1349 прыходаў. У 2005 годзе была заснавана новая Бабруйска-Быхаўская епархія. У склад епархій уваходзяць 26 манастыроў, 12 брацтваў і 8 сястрычастваў. Дзейнічаюць 1159 праваслаўных храмаў, яшцэ 188 знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва. За апошняе дзесяцігоддзе Беларускай праваслаўнай царкве перададзена 810 культавых і іншых будынкаў. Беларуская праваслаўная царква ажыццяўляе вялікую работу па духоўна-маральным адраджэнні беларускага грамадства. Сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі і дзяржаўнымі органамі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, якія сталі ўжо традыцыйнымі: Свята-Еўфрасіньеўскія педагагічныя чытанні, Міжнародныя Кірыла-Мяфодзьеўскія чытанні, царква ўдзельнічае ў штогодніх Днях беларускага пісьменства і друку. Рэалізуюцца 14 праграм узаемадзеяння з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання.

Праваслаўная царква аказвае вялікую дапамогу дзіцячым дамам, дамам для састарэлых і інвалідаў, а таксама тым, што маюць патрэбу ў дапамозе на даму. Гэтай дзейнасцю займаюцца рэлігійныя брацтвы, сястрычаствы. Пры Беларускім Экзархаце створана праваслаўнае брацтва ўрачоў, яно аказвае бясплатную медыцынскую дапамогу інвалідам і састарэлым. Праваслаўнае брацтва пры Віцебскай епархіі займаецца духоўным акармленнем і рэабілітацыяй асоб, што знаходзяцца ў месцах зняволення.

Праваслаўная царква, якая аб’ядноўвае больш за 80 % веруючых у рэспубліцы, складае аснову рэлігійнага жыцця краіны, канфесіянальнай стабільнасці, верацярпімасці і бесканфліктнасці.

Рымска-каталіцкая царква — з’яўляецца другой па колькасці веруючых канфесіяй. Каталіцтва афіцыйна прыйшло на Беларусь у канцы XIV ст. У 1387 г. прывілеяй Ягайлы было заснавана Віленскае біскупства, якое ахоплівала, разам з іншымі, амаль усе беларускія землі. З канца XIV ст. было створана 259 парафій (прыходаў). Узнікаюць першыя каталіцкія манаскія ордэны: францысканцаў (Ліда, Старыя Ашмяны, Пінск), аўгусцінцаў (Брэст, Быстрыца), бернардынцаў (Полацк). У XVI — XVIII стагоддзях на Беларусі дзейнічалі 18 мужчынскіх і 7 жаночых каталіцкіх ордэнаў, сярод якіх асабліва выдзяляўся ордэн езуітаў.

Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі была створана ў 1773 г. Беларуская каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве. Каталіцкае духавенства прымала актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху ХІХ ст., за што падвяргалася рэпрэсіям з боку урада Расійскай імперыі: адбывалася закрыццё каталіцкіх касцёлаў і мананстыроў, прымусовы перавод веруючых каталікоў у праваслаўе, ссылка і пакаранне смерцю ксяндзоў-удзельнікаў паўстанняў і інш.

Пры Савецкай уладзе прававое становішча каталіцкай царквы не адрознівалася ад праваслаўнай. Каталіцкае духавенства, як і праваслаўнае, моцна пацярпела ад рэпрэсій. Што да Заходняй Беларусі, якая знаходзіцца пад уладай Польшчы, тут становішча каталіцкай царквы было іншым да 1939 г. У гады Вялікай Айчыннай вайны каталіцкае духавенства падтрымлівала Армію Краёву. Пасля вайны больш за 300 ксяндзоў, ратуючыся ад пераследу Савецкай улады, выехалі ў Польшчу. У канцы 1980-х гадоў пачалося кананічнае афармленне каталіцкай царквы ў Беларусі. У 1989 г. была ўтворана Беларуская каталіцкая епархія. У 1991 г. на тэрыторыі Беларусі створаны 3 рымска-каталіцкія епархіі: Гродзенская, Пінская, Мінска-Магілёўская.

У цяперашні час рымска-каталіцкая царква аб’ядноўвае 438 абшчын. У рэспубліцы дзейнічаюць 4 рымска-каталіцкія епархіі і Канферэнцыя каталіцкіх епіскапаў, 8 манастыроў, 9 рэлігійных місій. Акрамя гэтага, працуюць дзве вышэйшыя каталіцкія духоўныя семінарыі.

На сённяшні час епархіі маюць у наяўнасці 427 культавых збудаванняў, з якіх 194 з’яўляюцца помнікамі гісторыі і архітэктуры, значная колькасць касцёлаў рэстаўрыруецца і рамантуецца, будуюцца больш за 40 касцёлаў. Каталіцкая царква актыўна займаецца дабрачыннасцю. Важную ролю ў гэтым адыгрывае арганізацыя «Карытас», аддзяленні якой адкрыты ва ўсіх епархіях. Яны дзейнічаюць па спецыяльных праграмах: праект «Дзеці», праект «Калядныя канікулы», праект «Тыдзень міласэрнасці» і інш.

Пратэстантызм з другой палавіны XVI ст. адыгрываў своеасаблівую ролю ў палітычным, царкоўна-рэлігійным і культурным жыцці Беларусі. Разнастайнасць сацыяльных сіл, уцягнутых у Рэфармацыю, і іх палітычных мэт абумовілі розныя рэфармацыйныя рухі ў Вялікім Княстве Літоўскім – кальвінізм, лютэранства, антытрынітарызм. На тэрыторыі Беларусі першыя рэфармацыйныя абшчыны з’явіліся ў Брэсце, Нясвіжы, Клецку, Заслаўі, Мінску, Полацку. Да сярэдзіны XVII ст. было створана каля 85 кальвінісцкіх, 7 арыянскіх, некалькі лютэранскіх абшчын. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі становішча пратэстанцкай царквы змянілася мала. Кальвіністы аб’ядноўваліся вакол Віленскага евангеліка-рэфармацкага Сінода (да 1840 г. – Літоўскі), лютэране – Курляндскай евангеліка-лютэранскай кансісторыі. З канца XIX ст. у Беларусі распаўсюджваецца пратэстанцкае сектанцва: баптызм, штундызм, евангелічнае хрысціянства, адвентызм 7-га дня і інш.

Пратэстантызм у рэспубліцы на сённяшні дзень прадстаўлены 14 напрамкамі, якія аб’ядноўваюць 972 рэлігійныя абшчыны (33,6 працэнта ад агульнай колькасці абшчын у рэспубліцы), колькасць прыхільнікаў якіх складае каля 2 працэнтаў ад колькасці веруючых у краіне. Сярод іх найбольш шматлікімі з’яўляюцца хрысціяне веры евангельскай (488 абшчын).

Стараверства . Першыя звесткі аб стараверах у Беларусі адносяцца да другой палавіны XVII ст. Уцёкшыя з Расіі стараверы заснавалі ў 1685 г. стараверскую слабаду ў Ветцы, якая ў хуткім часе становіцца цэнтрам стараверства папоўскага (беглапапоўскага) напрамку. У 1764 г. Ветка была спустошана і гэта яе роля перайшла да Старадуб’я. Беспапоўскі напрамак у Беларусі быў прадстаўлены 3 толкамі: паморскім, федасееўскім і філіпонаўскім. У савецкі перыяд у стараверстве ў Беларусі адбываюцца істотныя змены: скрачаецца колькасць абшчын, назіраецца адток веруючых, адбываецца сціранне адрозненняў паміж стараверскімі толкамі і напрамкамі. Стараверства страчвае сваю традыцыйную апазіцыйнасць. У апошнія гады назіраецца некаторая актыўнасць старавераў. Цяпер у рэспубліцы ёсць стараверскае Старажытнаправаслаўнае рэлігійнае аб’яднанне, у якое ўваходзяць 27 абшчын паморскага кшталту і 10 стараверскіх абшчын рознага кшталту, якія дзейнічаюць аўтаномна.

Іслама ў Беларусі прытрымліваецца татарскае насельніцтва. Пранікненне татар-мусульман на тэрыторыю Беларусі пачалося ў канцы XIV ст., калі вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Вітаўт запрасіў іх на ваенную службу. У той жа час з’яўляюцца і першыя мячэці. Татары ў Беларусі прытрымліваюцца галоўным чынам ісламу суніцкага напрамку. У 1591 г. у Рэчы Паспалітай пражывала каля 100 тысяч татар, дзейнічала каля 400 мячэцей. Да пачатку XVIII ст. колькасць татар-мусульман у выніку працэсу асіміляцыі скарацілася да 30 тысяч. Згодна з перапісам 1897 г., у Беларусі пражывала каля 9,6 тыс. мусульман. Пасля 1917 г. і савецка-польскай вайны большасць татар апынулася на тэрыторыі Заходняй Беларусі. У 1925 г. у Вільні яны ўтварылі Муфтыят і аб’явілі аўтакефалію. Пасля Вялікай Айчыннай вайны савецкія ўлады пачалі закрываць мячэці. Засталася дзеючай толькі адна мячэць – у Іўі. З канца 1980-х гадоў назіраецца ажыўленне рэлігійнага і грамадска-культурнага жыцця татар-мусульман. У 1994 годзе створаны самастойны Муфтыят Рэспублікі Беларусь.

Сёння ў рэспубліцы зарэгістравана 27 мусульманскіх абшчын і адно мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне.

Іудаізм – нацыянальная рэлігія яўрэяў, якія асталяваліся ў Беларусі ў XIV ст. Першыя звесткі аб пасяленні яўрэяў – гэта акты аб прывілеях 1388–1389 гг. вялікага князя Вітаўта, дадзеныя 5 яўрэйскім абшчынам: у Троках, Брэсце, Гродне, Луцку, Уладзіміра-Валынскім. Культ і абраднасць беларускіх яўрэяў мала чым адрозніваецца ад таго культу, які ўласцівы яўрэям іншых краін. Культавымі цэнтрамі іудзеяў з’яўляюцца сінагогі і малітоўныя дамы. Па законах Расійскай імперыі малітоўныя дамы дазвалялася адкрываць на кожныя 30 яўрэйскіх дамоў, сінагогі – на 80 за кошт вернікаў. З XIV ст. у Беларусі вядомыя рэлігійныя яўрэйскія навучальныя ўстановы – ешыботы (старажытнейшая – у Брэсце). У XVIII ст. на тэрыторыю Беларусі пранікае містычная рэлігійная плынь – хасідызм, якая прыняла тут самабытную форму – хабад. Прымірэнне паміж хасідамі і прыхільнікамі артадаксальнага равінізму ў XIX ст. тлумачыцца ўмяшаннем улад і неабходнасцю аб’яднання сіл супраць новай плыні – гаскалах (рух яўрэйскай адукаванай часткі насельніцтва за свецкасць адукацыі, супраць традыцыйнай “архаічнай” рэлігіі і мовы). Пасля 1917 г. роля іудаізму ў жыцці беларускіх яўрэяў значна паменшылася. Ешыботы і хедары (пачатковыя рэлігійныя школы) спынілі сваю дзейнасць, сінагогі і малітоўныя дамы закрываліся. Адраджэнне рэлігійнага жыцця пачалося з канца 1980-х гадоў. Цяпер у Беларусі дзейнічаюць 24 іудзейскія абшчыны і 2 рэлігійныя аб’яднанні.

Кіраўнік дзяржавы надае ўвагу праблемам дзейнасці рэлігійных арганізацый. Вынікі ўзаемадзеяння дзяржавы з Беларускай праваслаўнай царквой былі абмеркаваны 30 лістапада 2005 г. на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А. Р. з членамі Сінода Беларускай праваслаўнай царквы, 25 снежня 2005 г. адбылася сустрэча Кіраўніка дзяржавы са Старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў у Беларусі, кардыналам Казімірам Свёнтэкам.

Пры фінансавай дапамозе Міністэрства культуры, Мінскага гарвыканкома завершана рэстаўрацыя роспісаў галоўнага нефа Архікафедральнага касцёла імя Прасвятой Дзевы Марыі ў г. Мінску, у бягучым годзе работы ў касцёле працягваюцца.

У г. Мінску пачаты работы па будаўніцтву Духоўна-адукацыйнага цэнтра, на будаўніцтва якога ў 2006 годзе дзяржавай выдзелена 1,6 млрд. рублёў. Працягваецца выкананне Праграмы адраджэння Жыровіцкага Свята-Успенскага манастырскага комплексу і Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі. З сродкаў рэспубліканскага бюджэту для гэтых мэт выдзелена 5,1 млрд. рублёў.

Версія для друку
© 2001-2009 Прэс-служба
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь