|
Сучасная Беларусь займае дастойнае месца ў сусветным спартыўным супольніцтве. У рэспубліцы культывуецца 132 віды спорту. Краіна з 10–мільённым насельніцтвам у перыяд суверэнітэту пастаянна ўваходзіць у склад дваццаці мацнейшых сярод больш як 200 спартыўных дзяржаў свету, якія прымаюць удзел у Алімпійскіх гульнях.
У 2007 годзе беларускімі спартсменамі на чэмпіянатах, Кубках, першынствах свету і Еўропы заваявана 514 медалёў, з іх 162 залатыя. У сусветным рэйтынгу па выніках удзелу ў чэмпіянатах свету ў алімпійскіх дысцыплінах Беларусь займае 17-е месца па суме заваяваных медалёў (па колькасці залатых – 11-е).
Наша краіна выгадавала 60 алімпійскіх чэмпіёнаў. Спартыўныя подзвігі трохразовага пераможцы Алімпійскіх гульняў Аляксандра Мядзведзя, чатырохразовых уладальнікаў алімпійскага золота Вольгі Корбут і Алены Бяловай, пяціразовай алімпійскай чэмпіёнкі Нэлі Кім, шасціразовага алімпійскага чэмпіёна Віталя Шчэрбы, алімпійскай чэмпіёнкі Афін у бегу на 100 метраў Юліі Несцярэнкі і многіх іншых праслаўленых беларускіх спартсменаў залатымі літарамі ўпісаны ў алімпійскую гісторыю.
Сёння ў рэспубліцы ствараюцца максімальныя ўмовы для развіцця спорту вышэйшых дасягненняў і новых алімпійскіх перамог.
Міжнародным стандартам адпавядаюць галоўныя базы падрыхтоўкі нацыянальных каманд па зімовых і летніх відах спорту – ”Раўбічы“ і ”Стайкі“.
За апошнія два гады ўведзены ў строй шэраг аб’ектаў еўрапейскага ўзроўню – гэта футбольны манеж у Мінску і стралковы цір, вяслярны канал у Брэсце, акваторыя і інфраструктура якога адпавядаюць алімпійскім стандартам. Узведзены сучасныя спартыўныя комплексы і стадыёны ў Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, тры гарналыжныя комплексы ”Лагойск“, ”Сілічы“ і ў Мазыры.
Інтэнсіўна вядзецца будаўніцтва буйнейшага ў Еўропе шматпрофільнага культурна спартыўнага комплексу ”Мінск–Арэна“ на 15 тысяч гледачоў, які ўключае веладром, лядовую дарожку для скораснага бегу на каньках, 5 лядовых пляцовак і шэраг іншых спартыўных збудаванняў для правядзення спаборніцтваў па 28 зімовых і летніх відах спорту.
У Мінску вядзецца будаўніцтва адзінага ў Еўропе крытага вучэбна-трэніровачнага цэнтра па фрыстайлу, які ўключае дадаткова чатыры водныя трампліны, аквапарк і дае магчымасць забяспечыць як паўнацэнную круглагадовую падрыхтоўку спартсменаў, так і аздараўленне насельніцтва.
У 2007 годзе ў рэспубліцы падрыхтаваны 137 майстроў спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа, 948 майстроў спорту Рэспублікі Беларусь, устаноўлена 127 рэкордаў Рэспублікі Беларусь.
Створаны 5 клубаў (каманд) па гульнявых відах спорту, 10 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, 4 цэнтры алімпійскага рэзерву ў рэгіёнах рэспублікі.
Забяспечана функцыянаванне 45 штатных нацыянальных каманд Рэспублікі Беларусь, 205 спартыўных клубаў (каманд) па гульнявых відах спорту, а таксама 503 спецыялізаваныя навучальна-спартыўныя ўстановы, у тым ліку 11 вучылішч алімпійскага рэзерву, у якіх праходзілі падрыхтоўку больш за 205 тысяч навучэнцаў пад кіраўніцтвам больш як 5 тысяч трэнераў.
Канкурэнтаздольнасць беларускага дзіцяча-юнацкага спорту пацвярджае заваяванне ў 2007 годзе 248 медалёў на першынствах свету і Еўропы сярод юнакоў, юніёраў і моладзі. У відах спорту алімпійскай праграмы ў неафіцыйным камандным заліку па суме медалёў, заваяваных юнакамі (дзяўчатамі) у зімовых відах спорту, Рэспубліка Беларусь заняла 14-е месца, у летніх відах спорту – 12-е.
Сталі традыцыйнымі і штогод праводзяцца мерапрыемствы, якія маюць вялікае грамадска-палітычнае значэнне: Калядны міжнародны турнір аматараў хакея і адкрыты чэмпіянат па барацьбе самба на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь , Міжнародны турнір па барацьбе вольнай на прызы А.В.Мядзведзя, а таксама міжнародныя спаборніцтвы па мастацкай гімнастыцы серыі ”Гран-пры“, па боксу на прызы Палаца спорту.
Па ініцыятыве Кіраўніка дзяржавы ў 2007 годзе ў Брэсце праведзены Першыя Еўразійскія спартыўныя гульні сярод юнакоў і дзяўчат з удзелам спартыўных дэлегацый з 10 краін Еўропы і Азіі.
Асаблівая ўвага ўдзелена падрыхтоўцы беларускіх спартсменаў да XXIX летніх Алімпійскіх гульняў 2008 года ў Пекіне (КНР).
У трэніровачны працэс нацыянальных каманд па відах спорту ўкаранёны методыкі спецыяльнага трэнінгу, эталонныя мадэлі падрыхтаванасці спартсменаў, дадзены персаніфікаваныя метадычныя рэкамендацыі па карэкцыі падрыхтоўкі спартсменаў, уключаючы арганізацыю рацыянальнага харчавання і фармакалагічнага забеспячэння. За нацыянальнымі камандамі замацаваны спецыялісты псіхалагічнай групы, створанай на базе дзяржаўнай установы ”Навукова-даследчы інстытут фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь“.
Для рэалізацыі асноўных напрамкаў антыдопінгавай дзейнасці пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2007 г. № 537 створана ўстанова аховы здароўя ”Нацыянальная антыдопінгавая лабараторыя“.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 красавіка 2007 г. №181 ”Аб некаторых мерах па падрыхтоўцы беларускіх спартсменаў да Параалімпійскіх і Дэфлімпійскіх гульняў“ устаноўлены памеры ўзнагароджанняў беларускім спартсменам, якія заваююць медалі на Параалімпійскіх гульнях у Пекіне і Ванкуверы, Дэфлімпійскіх гульнях у Тайбэі – 30, 15 і 10 тысяч долараў ЗША адпаведна за залаты, сярэбраны і бронзавы медалі. Такімі ж памерамі ўзнагароджання будуць заахвочаны іх трэнеры.
|