Камянецкая вежа - ХІІІ ст. г. Камянец
Камянецкая вежа з'яўляецца ўнікальным помнікам абарончага дойлідства канца XIII ст. Гэта адзіная цэлая пабудова з групы так званых валынскіх веж, што некалі існавалі ў радзе беларускіх гарадоў. Яна размешчана на высокім узгорку на левым беразе р. Лясная. Паводле Іпацьеўскага летапісу, пабудавана паміж 1271 і 1289 гг. дойлідам Алексам.
Вышыня пяціяруснай вежы 30 м, тыўшчыня сцен 2,5 м, вонкавы дыяметр 13,6 м. Стаіць на магутным падмурку з каменю. Змуравана з брусковай цэглы цёмна-чырвонага і жаўтаватага колеру ў тэхнiцы "балтыйскай" муроўкi – 2 лажкі паслядоўна чаргуюцца з адным "тычком". Сцены вежы прарэзаны байніцамі, паміж якімі на вонкавай паверхні сцяны размешчаны 4 плоскія нішы з паўцыркульным завяршэннем. Над 5-м ярусам захаваліся рэшткі цаглянага купальнага скляпення з патоўшчанымі рэбрамі, якія заканчваюцца ўнізе невялікімі кранштэйнамі з вузкім паяском. З 5-га яруса пачынаецца цагляная лесвіца-ход, што вядзе наверх да баявой пляцоўкі. Пляцоўка акружана 14 зубцамі, якія маюць скразную адтуліну, роўную па форме лажку цагліны. У 2 зубцах зроблены вузкія акнападобныя праёмы. Завяршэнне вежы акружана зубчастай стужкай парэбрыка.
З 1960 г. у Камянецкай вежы знаходзіцца філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. |