|
|  |
|
100 — 35 тыс. гг. назад |
Першыя спробы засялення Беларус і былі зроблены 100 — 35 тыс. г г. назад. У сувязі з наступленнем ледніка 22—14 тыс. гг. назад людзі адышлі на поўдзень. |
|
9—6 тыс. гг. назад |
Людзі поўнасцю засялілі землі Беларусі ў эпоху мезаліту. У гэты час развівалася вытворчасць прылад працы з крамянёвых пласцін, распаўсюдзіўся лук, быў прыручаны сабака, узніклі пачаткі рэлігійных вераванняў (язычніцтва). |
|
канец 5—3 тыс. да н.э. |
У часы неаліту людзі перайшлі да здабывання крэменя шахтавым спосабам. Развіваліся пачаткі абмену, узнікла керамічная вытворчасць, прымітыўнае земляробства і жывёлагадоўля. |
|
канец 3 — пачатак 1 тыс. да н.э. |
У канцы 3 — пачатку 2 тыс. да н.э. на тэрыторыю Беларусі трапляюць індаеўрапейцы, пад уздзеяннем якіх адбыўся пераход да бронзавага веку. Далейшае распаўсюджанне атрымалі земляробства і жывёлагадоўля, у выніку абмену з’явіліся медныя і бронзавыя вырабы. У познерадавой абшчыне намеціліся прыкметы маёмаснага расслаення. |
|
8—6 стст. да н.э. — 8 ст. н.э. |
У эпоху жалезнага веку людзі перайшлі да вытворчасці жалезных вырабаў. У 1 тыс. н.э. на тэрыторыю Беларусі пранікае славянскае насельніцтва, якое ўступае ў кантакты з мясцовымі балцкімі плямёнамі. У выніку фарміруюцца супольнасці крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, славянскі элемент у якіх пераважаў. |
|
9—12 стст. |
На землях крывічоў сфарміравалася ядро першага дзяржаўнага ўтварэння на тэрыторыі Беларусі — Полацкага княства з цэнтрам у г. Полацку, вядомым з 862 г. Першым летапісным полацкім князем, які правіў у канцы 10 ст., быў Рагвалод. Найбольшай магутнасці Полацкае княства дасягнула ў 11 ст. пры князі Усяславе Чарадзеі. У канцы 10 ст. утварылася Тураўскае княства з цэнтрам ў г. Тураве. На пэўных этапах Полацкае і Тураўскае княствы, як і іншыя землі Беларусі, падпадалі пад уладу кіеўскіх князёў, але з пачаткам феадальнай раздробленасці пазбавіліся іх апекі, хаця і самі распаліся на больш дробныя ўдзелы.
У 10—12 стст. на беларускіх землях фарміраваўся феадалізм, які першапачаткова спалучаўся з элементамі абшчыннага і рабаўладальніцкага ўкладаў. У канцы 10 ст. пачало распаўсюджвацца хрысціянства візантыйскага абраду, што садзейнічала развіццю культуры, у тым ліку з’яўленню каменнага дойлідства, распаўсюджанню выяўленчага мастацтва, пісьменнасці і г.д. У першай палавіне 13 ст. з’яўляюцца прыкметы станаўлення беларускай мовы. |
|
першая палавіна 13 ст. другая палова 13—14 ст. |
З узнікненнем пагрозы з боку крыжакоў і мангола-татар (апошнія ў 1237—1241 гг. падначалілі сабе ўсходнія і паўднёвыя землі Русі), для больш эфектыўнага процістаяння знешняй агрэсіі паўночна-заходнія землі Беларусі з цэнтрам у г. Навагрудку аб’ядналіся з суседнімі балцкімі плямёнамі літоўцаў у адзіную дзяржаву — Вялікае княства Літоўскае.
На чале яго стаў Міндоўг, які з палітычнымі мэтамі ў 1253 г. прыняў каралеўскі тытул, а таксама каталіцтва, ад якога хутка адмовіўся. Першай сталіцай новай дзяржавы стаў Навагрудак, а з 1323 г. — Вільня (сучасны Вільнюс). Пры палітычным дамініраванні эліты балцкага паходжання, адміністрацыйны лад, сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё Вялікага Княства вызначалася насельніцтвам славянскіх зямель, а афіцыйнай мовай з’яўлялася старабеларуская. Гэта садзейнічала пашырэнню дзяржавы за кошт далучэння новых усходнеславянскіх тэрыторый. Пераемнікі Міндоўга шляхам захопаў, пагадненняў, дынастычных шлюбаў і інш. падначалілі сабе ўсе беларускія землі. Пазней у склад дзяржавы была ўключана частка ўкраінскіх і рускіх зямель. Наяўнасць у Вялікім княстве Літоўскім, побач з праваслаўным насельніцтвам, язычнікаў літоўскага паходжання, стварала ідэалагічныя перадумовы для ажыццяўлення крыжаноснай агрэсіі з боку Тэўтонскага ордэна і яго філіялу — Лівонскага ордэна, былога ордэна Мечаносцаў. З мэтай ліквідаваць гэтыя перадумовы, знайсці саюзніка для больш эфектыўнага супрацьстаяння крыжакам, а таксама з-за няпэўнага ўнутрыпалітычнага палажэння, вялікі князь Ягайла пайшоў на заключэнне ў Крэве дынастычнай уніі з Польскім каралеўствам, па якой ён станавіўся польскім каралём, але абавязваўся далучыць свае ўладанні да Польшчы і перавесці язычнікаў-літоўцаў у каталіцтва, для чаго католікам даваліся асобыя прывілеі. Гэта стала пачаткам напружаных адносін паміж праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам, а таксама выклікала незадаволенасць прыхільнікаў поўнай палітычнай самастойнасці Вялікага Княства, на чале якіх стаў стрыечны брат Ягайлы Вітаўт. У саюзе з крыжакамі і абапіраючыся на сваіх мясцовых прыхільнікаў, ён павёў барацьбу з польскім каралём, у выніку чаго дабіўся ў 1392 г. тытула вялікага князя літоўскага і аднаўлення самастойнасці Вялікага княства Літоўскага. |
|
|
1392—1430 гг.
1410 г. |
Пры Вітаўце Вялікае княства Літоўскае дасягнула вяршыні сваёй магутнасці. Вітаўт імкнуўся ўмацаваць сваю ўладу, ажыццяўляючы ўнутраныя рэформы цэнтралізатарскага характару і праводзячы актыўную знешнюю палітыку па шмат якіх напрамках, галоўнымі з якіх былі барацьба з крыжакамі, далучэнне новых зямель на ўсходзе, а таксама дыпламатычная дзейнасць з мэтай атрымання каралеўскай кароны. У выніку Вялікае княства Літоўскае максімальна пашырыла свае граніцы і набыло вялікі міжнародны аўтарытэт. Вялікае значэнне для ўмацавання становішча дзяржавы мела бітва пад Грунвальдам, у якой сумеснымі намаганнямі Польшчы і Вялікага княства Літоўскага было нанесена поўнае паражэнне Тэўтонскаму ордэну. |
|
1430—1432 гг. |
Палітыку Вітаўта прадоўжыў яго пераемнік Свідрыгайла, які імкнуўся ператварыць Вялікае Княства ў каралеўства. |
|
1440—1492 гг.
1492—1537 гг. |
Пры праўленні Казіміра Ягелона, з абранем яго ў 1447 г. польскім каралём, аднавілася дынастычная унія паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай. У 1468 г. Казімір зацвердзіў судзебнік — першы ўпарадачаны звод законаў дзяржавы. З-за доўгай адсутнасці вялікага князя ў дзяржаве, узвышаецца яго савет — “паны-рада”, які ператварыўся ў канцы 15 — пачатку 16 ст. у вышэйшы орган дзяржаўнай улады.
Вынікам сумяшчэння Казімірам абавязкаў караля і вялікага князя стала паслабленне знешнепалітычнай актыўнасці Вялікага княства Літоўскага і страта ім ініцыятывы ў аб’яднанні ўсходнеславянскіх зямель, якая перайшла ў канцы 15 ст. да Вялікага княства Маскоўскага, якое хутка стала прэтэндаваць на ўсе землі былой Русі. У ходзе войнаў 1492—1522 гг. да Маскоўскай дзяржавы перайшоў шэраг усходніх, у тым ліку беларускіх тэрыторый Вялікага княства Літоўскага, частка якіх была вернута ў 1534—1537 гг. |
|
сярэдзіна 16 ст. |
Да сярэдзіны 16 ст. канчаткова аформіўся дзяржаўны лад Вялікага княства. Яго асновы замацоўваліся Статутамі 1529 і 1566 гг. На чале дзяржавы, тэрыторыя якога падзялялася на ваяводствы і паветы, стаяў вялікі князь і паны-рада. Органам прадстаўнічай улады феадалаў (шляхты) з’яўляўся сейм, дэпутаты ў які выбіраліся на павятовых сейміках. |
|
1558—1583 гг.
1569 г.
1583 г.
1609—1618 гг. |
Барацьба за ўплыў ва ўсходняй Прыбалтыцы прывяла да пачатку Лівонскай вайны паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. Няўдачы арміі Вялікага Княства, у тым ліку страта Полацка, прывялі да заключэння Люблінскай уніі, па якой утварылася федэратыўная дзяржава — Рэч Паспалітая з агульным манархам і сеймам. Вялікае княства Літоўскае захавала свае адміністрацыйны апарат, армію, герб і дзяржаўную пячаць, але тэрыторыя яго значна скарацілася за кошт адышоўшых да Польшчы зямель і ўключала толькі беларускія і літоўскія землі. Заключэнне уніі дазволіла новай дзяржаве паспяхова завяршыць вайну, вярнуўшы страчаныя ў яе ходзе тэрыторыі і зацвердзіўшыся ў Лівоніі. У ходзе новай вайны з Расіяй у пачатку 17 ст. былі вернуты страчаныя ў пачатку 16 ст. землі з г. Смаленскам.
У 15—16 стст. далейшае развіццё на Беларусі атрымаў феадалізм. У сувязі з павышэннем у Западнай Еўропе попыту на сельскагаспадарчую прадукцыю феадалы арганізоўвалі сваю гаспадарку на аснове фальваркаў з вялікімі панскімі землямі, якія апрацоўвалі прыгонныя сяляне. Канчатковы прыгон сялянства аформіўся Статутам Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Інтэнсіўна развіваліся гарады, якія атрымлівалі з канца 14 ст. самакіраванне на магдэбургскім праве, і гарадское рамяство, у якім ўсталявалася цэхавая вытворчасць. Актыўна развіваўся гандаль, у тым ліку транзітны. |
|
1596 г. |
У 16 ст. на беларускіх землях распаўсюджваюцца Рэнесанс і Рэфармацыя. Доўгі час у дзяржаве існавала рэлігійная талерантнасць, але ў канцы 16 ст. развярнулася контррэфармацыя, накіраваная як на пратэстантаў, так і на праваслаўных. У выніку ў г. Брэсце была заключана царкоўная унія, па якой праваслаўная царква Вялікага княства Літоўскага прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкія дагматы, захоўваючы свае абраднасць і арганізацыю. |
|
1648—1651 гг.
1654—1667 гг. |
Рэалізацыя царкоўнай уніі сустрэла супраціўленне з боку праваслаўных, што, сумесна з цяжкім эканамічным палажэннем сялянства і гарадскіх нізоў прывяло да антыфеадальнай вайны, якую пачалі запарожскія казакі. Унутраныя цяжкасці і супярэчнасці ў Рэчы Паспалітай выкарыстала Расія, пачаўшы на яе тэрыторыі новую вайну і заняўшы ў хуткім часе большую частку Беларусі. У далейшым расійскія войскі дзейнічалі менш удала і па ўмовах Андрусоўскага перамір’я беларускія землі засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. Смаленск адышоў да Расіі. Вынікам вайны з’явіўся цяжкі эканамічны і дэмаграфічны крызіс. Насельніцтва Беларусі паменшылася ў два разы, быў нанесены сур’ёзны удар развіццю гарадоў, узмацнілася паланізацыя, якая ахапіла шырокія слаі шляхты і гараджан. Непамерна ўзросшыя правы шляхты садзейнічалі палітычнай нестабільнасці. | |
|