Прыродна-эканамічныя ўмовы | ||
| www.president.gov.by | ||
|
Клімат Беларусі ўмераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага, больш халодны на поўначы і адносна цёплы на поўдні. Пераважаюць заходнія і паўночна-заходнія вятры. Сярэдняя тэмпература студзеня – самага халоднага месяца – ад -4°С на паўднёвым захадзе да -9°С на паўночным усходзе, ліпеня - самага цёплага месяца - ад +17°С на поўначы да +19,5°С на поўдні. Значныя ваганні сумы станоўчых тэмператур за перыяд росту сельскагаспадарчых культур – ад 2100 да 2500°С, а працягласць перыяду актыўнай вегетацыі культурных раслін – ад 190 да 205 дзён. Сярэднегадавая сума ападкаў у цэнтральнай і паўночна-ўсходняй частках краіны – 600-650 мм, на поўдні і паўднёвым захадзе – 500-600 мм. Рэспубліка мае запасы торфу і калійных угнаенняў, якія выкарыстоўваюцца для павышэння ўрадлівасці глеб. Сельская гаспадарка Беларусі спецыялізавана на вырошчванні традыцыйных для ўмераных шырот культур. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя ( ячмень, жыта, пшаніца), бульба, кармавыя культуры. У сувязі са структурнымі пераўтварэннямі і арыентацыяй на аднаўляльныя крыніцы энергіі ў рэспубліцы пашыраюцца аб’ёмы вырошчвання збожжавых і алейных культур. У Беларусі засяроджана амаль 16 % сусветных пасеваў лёну, або больш за 20 % яго пасеваў на Еўрапейскім кантыненце. У жывёлагадоўлі ў асноўным гадуецца буйная рагатая жывёла для вытворчасці малака і мяса, а таксама свінні і птушка. Агульная зямельная плошча Рэспублікі Беларусь - 207,6 тыс.кв.км. Сельскагаспадарчыя землі займаюць 44,9 % , з іх ворная зямля – 30 % агульнай плошчы. На душу насельніцтва прыпадае 0,9 га сельскагаспадарчых земляў, у тым ліку 0,6 га ворнай зямлі. Землі, якія не выкарыстоўваюцца і слаба выкарыстоўваюцца ў народнай гаспадарцы (пяскі, кустоўе, балоты і г.д) складаюць 15 % агульнай плошчы. За апошнія 20 гадоў з сельскагаспадарчага абароту выбыла 600 тыс. га. | ||
|