Лясы Беларусі | ||
| www.president.gov.by | ||
|
Сёння ў Беларусі амаль 40 працэнтаў тэрыторыі заняты лясамі, запас драўніны на пні ацэньваецца ў 1,4 млрд м3. Штогадовы прырост драўніны значна перасягае яе гадавыя высяканні. Гэта гаворыць пра тое, што баланс інтарэсаў паміж экалагічным і эканамічным складальнікам у лясных адносінах склаўся на карысць экалогіі. Так, пры сярэднім штогадовым прыросце драўніны амаль 28 млн. м3, у лясах рэспублікі нарыхтоўваецца 13-14 млн. м3. У выніку мэтанакіраванай палітыкі лесааднаўлення і лесаразвядзення павялічваецца плошча пакрытых лесам зямель, захавана фармацыйная структура і відавая разнастайнасць лясоў, павышаецца іх устойлівасць і прадукцыйнасць. На сучасным этапе лясная гаспадарка Беларусі – гэта комплексная, шматфункцыянальная галіна народнай гаспадаркі рэспублікі, першачарговай задачай якой з’яўляецца захаванне і стварэнне на землях ляснога фонду рэспублікі высокапрадукцыйнага, якаснага, біялагічна ўстойлівага, аптымальнага відавога і ўзроставага складу лясоў і лясной фауны, які адпавядаў бы высокім экалагічным, сацыяльным і эканамічным патрэбнасцям грамадства і дзяржавы. Агульную палітыку па павелічэнню прыродна-рэсурснага патэнцыялу лясоў, устойліваму лесакарыстанню вызначаюць Прэзідэнт і Урад Рэспублікі Беларусь. Дзяржаўнае кіраванне па выкарыстанню, аднаўленню, ахове і абароне лясоў краіны, распрацоўку нарматыўнай базы па вядзенню лясной гаспадаркі, арганізацыю рацыянальнага асваення лясных рэсурсаў ажыццяўляе Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Штогод у Беларусі ў сярэднем прырастае амаль 28 млн. м3 драўніны. Сярэдні запас такой драўніны на 1 га пакрытых лесам зямель складае 183 м3. Па шэрагу паказчыкаў, што характарызуюць лесасыравінныя рэсурсы, Беларусь уваходзіць у дзесятку вядучых лясных дзяржаў Еўропы. Лясы Беларусі – не толькі крыніца аднаўляльных сыравінных і энергетычных рэсурсаў. Гэта скарбніца біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці, важны асяроддзеўтваральны і прыродаахоўны фактар. Больш за палавіну ляснога фонду (51,8%) займаюць лясы 1-й групы, якія выконваюць пераважна прыродаахоўную ролю (лясы водаахоўных зон, зялёныя зоны гарадоў, ахоўныя палосы ўздоўж дарог, асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі); з іх 15,5% – лясы запаведнікоў, нацыянальных паркаў, заказнікаў рэспубліканскага значэння. На долю эксплуатацыйных лясоў (лясы 2-й групы) прыпадае адпаведна 48,2%. Звыш 60% лясоў рэспублікі прадстаўлены хвойнымі насадждэннямі. Найбольш распаўсюджаная драўняная парода – сасна. Сярод ліставых пераважаюць бяроза і вольха, шыракалістыя лясы прадстаўлены ў асноўным дубам. Агульная плошча ляснога фонду Рэспублікі Беларусь перасягае 9 млн гектараў. Усе лясы ў краіне з’яўляюцца выключнай дзяржаўнай уласнасцю. Асноўным лесафондатрымальнікам з’яўляецца Міністэрства лясной гаспадаркі, у веданні якога знаходзіцца 86,7% лясоў рэспублікі. | ||
|