Інвестыцыйныя магчымасці Рэспублікі Беларусь

www.president.gov.by

Беларусь прапануе патэнцыяльным інвестарам такія свае асноўныя перавагі, як выгаднае геаграфічнае месцазнаходжанне ў цэнтры Еўропы, спрыяльныя прыродна-кліматычныя ўмовы, палітычную і сацыяльную стабільнасць, макраэканамічную стабілізацыю, кваліфікаваныя і адносна танныя працоўныя рэсурсы, высокі навукова-тэхнічны і прамысловы патэнцыял, ёмісты ўнутраны рынак, заканадаўчае і арганізацыйнае забеспячэнне інвестыцыйнага працэсу.

Рэспубліка знаходзіцца на перакрыжаванні чыгуначных і аўтамабільных магістралей, сістэм нафта-, газа- і прадуктаправодаў, сістэм сувязі паміж Заходняй Еўропай і рэгіёнамі Расіі, азіяцкімі краінамі. З прычыны гэтага Беларусь можа стаць своеасаблівым плацдармам для замежных інвестараў у плане асваення новых перспектыўных рынкаў краін СНД.

Эканамічная сітуацыя ў краіне характарызуецца стабільным узроўнем інфляцыі, прадказальнасцю абменных курсаў, наяўнасцю падатковых і мытных ільгот для замежных інвестараў, ростам экспартнага патэнцыялу, развітой банкаўскай сістэмай, павелічэннем рынку фінансавых і страхавых палуг.

У краіне існуе развітая навукова-тэхнічная база для правядзення даследаванняў і распрацовак у розных галінах тэарэтычных і прыкладных ведаў. У рэспубліцы функцыянуе амаль 300 навуковых арганізацый. Навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі займаецца больш за 30 тыс. чалавек, у іх ліку больш за 805 дактароў навук і 3400 кандыдатаў навук. Міжнароднае прызнанне атрымалі распрацоўкі беларускіх вучоных у галіне лазернай і ядзернай фізікі, ядзернай энергетыкі, парашковай металургіі, оптыкі, праграмнага забеспячэння, біятэхналогіі і інш.

У Беларусі ёсць вытворчасці па выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі на ўнутраным і знешнім рынках. Рэспубліка спецыялізуецца на вытворчасці прадукцыі машынабудавання, хімічнай і нафтахімічнай, лёгкай, харчовай прамысловасці, а таксама жывёлагадоўлі, ільнаводства, бульбаводства. Беларусь экспартуе больш за 90 працэнтаў выпушчаных аўтамабіляў і трактароў, амаль 90 працэнтаў тэлевізараў, халадзільнікаў і маразільнікаў, а таксама калійных угнаенняў, больш за 80 працэнтаў – металарэзных станкоў.

Беларусь уваходзіць у адзіную мытную прастору з Расіяй. Для патэнцыяльнага інвестара гэта значыць, што, укладваючы свае капіталы ў эканоміку Беларусі, ён атрымлівае шырокі доступ не толькі да беларускай тэрыторыі, але і вялікай ёмістасці расійскага рынку. Пашырэнню інвестыцыйных магчымасцей Беларусі садзейнічае таксама станоўчая дынаміка перагаворнага працэсу па далучэнню краіны да Сусветнай гандлёвай арганізацыі, паляпшэнне адносін з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі (Міжнародным валютным фондам, Міжнароднай фінансавай карпарацыяй і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця ў рамках Сусветнага банка, Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця).

У Беларусі створана 6 свабодных эканамічных зон з ліберальнымі ўмовамі гаспадарання ў выглядзе льготнага падатковага і мытнага рэжымаў. Стаўкі падаткаў на прыбытак і на дабаўленую вартасць для рэзідэнтаў СЭЗ у два разы ніжэйшыя, чым па рэспубліцы. Прыбытак, атрыманы рэзідэнтамі СЭЗ за кошт рэалізацыі прадукцыі ўласнай вытворчасці, вызваляецца ад падаткаабкладання тэрмінам на 5 гадоў з моманту яго аб’яўлення.

Рэспубліка Беларусь – адзіная краіна сярод дзяржаў СНД, якая прыняла Інвестыцыйны кодэкс – асноўны дакумент, што рэгулюе не толькі нацыянальныя, але і замежныя інвестыцыі на тэрыторыі краіны. Інвестыцыйны кодэкс абараняе права ўласнасці замежных інвестараў, забяспечвае ім не менш спрыяльныя, чым для нацыянальных прадпрымальнікаў, умовы дзейнасці, а таксама ўстанаўлівае для іх спецыяльныя стымулюючыя перавагі ў падатковай, мытнай, валютнай сферах.

У нашай краіне дзейнічае Кансультатыўны савет па замежных інвестыцыях, які ўзначальвае Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь. З дапамогай гэтай структуры выпрацоўваюцца асноўныя задачы і меры па паляпшэнню інвестыцыйнага клімату ў рэспубліцы, а таксама аператыўна вырашаюцца праблемы замежных інвестараў, звязаныя з іх работай у Беларусі. Дзеючыя пры Савеце Пастаянны камітэт, рабочыя групы займаюцца пытаннямі ўдасканалення інвестыцыйнага заканадаўства, развіцця свабодных эканамічных зон, паляпшэння падатковых і мытных умоў работы на беларускім рынку і інш.

Беларусь мае станоўчы вопыт дзейнасці замежных кампаній у рэалізацыі буйных і сярэдніх інвестыцыйных праектаў. Беларусь паспяхова супрацоўнічае з вядомымі сусветнымі вытворцамі – транснацыянальнымі карпарацыямі. Створаны, напрыклад, сумесныя і замежныя прадпрыемствы з нямецкім “МАН” (выпуск аўтамабільнай тэхнікі), галандскай “Кока-Кола” і амерыканскім “МакДональдс” (вытворчасць безалкагольных напіткаў і грамадскае харчаванне), дацкім “Маерск Медыкал” (выпуск медыцынскага абсталявання).

Створаныя камерцыйныя арганізацыі з удзелам замежнага капіталу маюць шэраг пераваг перад нацыянальнымі суб’ектамі гаспадарання. Замежным і сумесным прадпрыемствам прадастаўляюцца наступныя льготы і прэферэнцыі:

- вызваленне на працягу трох гадоў ад выплаты падатку на прыбытак ад вытворчай дзейнасці. У выпадку калі такія арганізацыі выпускаюць асабліва важную для рэспублікі прадукцыю, стаўка падатку на прыбытак змяншаецца на 50 працэтнаў яшчэ на тэрмін да трох гадоў;

- вызваленне ад выплаты мытных пошлін і падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе на тэрыторыю рэспублікі асноўных сродкаў, прызначаных для фарміравання статутнага фонду;

- безліцэнзійныя экспарт прадукцыі ўласнай вытворчасці і імпарт прадукцыі для ўласнай вытворчасці;

- свабоднае распараджэнне атрыманай выручкай у замежнай валюце ад экспарту прадукцыі ўласнай вытворчасці пасля аплаты падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў;

- свабода пры выбары пастаўшчыкоў тавараў і ўстанаўленні цэн на прадукцыю ўласнай вытворчасці;

- захаванне прававога рэжыму на працягу 5 гадоў з моманту рэгістрацыі прадпрыемства з замежнымі інвестыцыямі незалежна ад змяненняў у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь і інш.

Усё гэта робіць нашу краіну прывабным і, што самае галоўнае, бяспечным і выгадным месцам для замежных капіталаўкладанняў.

Цяпер акцэнты ў інвестыцыйнай палітыцы Рэспублікі Беларусь паступова змяшчаюцца ад прэферэнцыяльнага рэжыму да стварэння універсальных агульнаэканамічных умоў, якія вызначаюць адзіныя “правілы гульні” для нацыянальных і замежных інвестараў, у галіне ліцэнзавання, знешнеэканамічнай дзейнасці і ў адносінах да дзеяння стабілізацыйных норм.

Аб тым, што ў краіне ў цэлым сфарміраваны спрыяльныя ўмовы для дзейнасці замежных інвестараў, пацвярджае дзеючы сектар эканомікі, заснаваны на прыватных інвестыцыях, які развіваецца. На тэрыторыі рэспублікі на пачатак 2006 года працуе амаль 3,5 тыс. арганізацый з замежнымі інвестыцыямі, з іх 1903 – сумесныя арганізацыі, 1642 – замежныя кампаніі.

Цяпер Урадам з мэтай паляпшэння інвестыцыйнага клімату прыняты шэраг мер па арганізацыйна-інфармацыйнаму забеспячэнню інвестыцыйнай дзейнасці замежных інвестараў у рэспубліцы. З мэтай павелічэння аб’ёмаў прыцягнення замежных інвестыцый і садзейнічання рэалізацыі канкрэтных інвестыцыйных праектаў створана РУП “Нацыянальнае інвестыцыйнае агенцтва”. Сфарміравана і пастаянна абнаўляецца база даных інвестыцыйных праектаў беларускіх прадпрыемстваў, зацікаўленых у прыцягненні замежных  інвестыцый.

Праводзіцца работа па прыцягненню сродкаў замежных крэдытных ліній пад гарантыі Урада Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізацыйныя мерапрыемствы па атрыманню Рэспублікай Беларусь суверэннага крэдытнага рэйтынгу.

 

З больш падрабязнай інфармацыяй па інвестыцыйных магчымасцях рэспублікі, уключаючы інвестыцыйныя прапановы беларускіх прадпрыемстваў і прававыя ўмовы ўкладання замежнага  капіталу, можно азнаёміцца на Інтэрнэт–сайтах:

Мінэканомікі
МЗС
Беларускія экспарцёры
Гомельская вобласць інвестарам
Віцебская вобласць для бізнесу і інвестыцый


Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
www.president.gov.by

© Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Дакумент апублікаваны 20.02.2006