Мінск — сталіца Рэспублікі Беларусь — адзін са старажытнейшых гарадоў з багатым гістарычным мінулым. У 1997 годзе споўнілася 930 гадоў з часу першага ўпамінання аб ім у «Аповесці мінулых часоў» як аб крэпасці Полацкага княства ў сувязі з міжусобнай бітвай на Нямізе ў 1067 годзе.
Менск, Менеск — пад такой назвай упершыню ўпамінаецца ў летапісах горад, які меў зручнае геаграфічнае становішча, стаяў на скрыжаванні дарог з Захаду на Усход. Шматлікія гандлёвыя шляхі садзейнічалі яго эканамічнаму росту. Рэгулярна праводзіліся кірмашы і таргі. У 1499 годзе Мінск атрымаў магдэбургскае права. У XV — XVI стагоддзях Мінск — буйны гандлёва-рамесны цэнтр Вялікага княства Літоўскага.
Сёння Мінск — важнейшы культурны і прамысловы цэнтр. Насельніцтва яго перавышае паўтара мільёна чалавек.
Мінск — адзін з прыгажэйшых гарадоў рэспублікі. У гэтым лёгка ўпэўніцца, калі прагуляцца па яго цэнтры ці наведаць мікрараёны. Сучасныя архітэктурныя ансамблі праспектаў і плошчаў, пышная зеляніна садоў і паркаў, якія размешчаны ў даліне Свіслачы і яе прытокаў, буйныя грамадскія будынкі і новыя жылыя раёны, гістарычныя помнікі і падземныя станцыі метрапалітэна надаюць яму своеасаблівы выгляд і каларыт.
На сучасным абліччы горада пакінулі свой адбітак многія гістарычныя падзеі. Горад неаднаразова разбураўся ў час варожых нашэсцяў і спусташальных пажараў і кожны раз адбудоўваўся. Ён памятае і крывавую барацьбу паміж удзельнымі князямі ў XI — XII стагоддзях, і напад мангольскіх качэўнікаў у сярэдзіне XIII стагоддзя, татарскіх полчышчаў у пачатку
XVI стагоддзя, нашчадкі якіх жывуць на мінскай зямлі.
У XVI стагоддзі ўзнік Верхні горад — самы вялікі раён старога Мінска, адміністрацыйным цэнтрам якога з'яўлялася Саборная плошча. Тут былі сканцэнтраваны ратуша, жаночы і мужчынскі бернардзінскія і базыльянскія кляштары, езуіцкі касцёл XVII — XVIII стагоддзяў, жылая забудова XVIII — пачатку XX стагоддзя. Капітальныя будынкі касцёлаў з чарапічнымі дахамі і высокімі вежамі былі пабудаваны ў стылі барока і надавалі гораду адметную выразнасць і сілуэт. Некаторыя помнікі, якія захаваліся, сёння арганічна ўпісаліся ў сучасную тканіну горада, мірна суседнічаюць з пасляваеннай забудовай бліжэйшых кварталаў.
Запрашаем прайсціся па вуліцах і завулках старога горада, дзе вядуцца рэстаўрацыйныя работы, акунуцца ў атмасферу мінулых часоў.
У нядаўна адрэстаўрыраваным домесядзібе мастака Валянціна Ваньковіча па вуліцы Інтэрнацыянальнай адкрыты філіял Нацыянальнага мастацкага музея. На гэтай жа вуліцы, толькі ў доме нумар 28, працаваў гарадскі тэатр. Тут была пастаўлена першая беларуская камічная опера «Сельская ідылія» пад назвай «Сялянка» па лібрэта В. ДунінаМарцінкевіча, на музыку С. Манюшкі і К. Кжыжаноўскага. Працаваў тэатр і ў будынку ратушы ў цэнтры Саборнай плошчы.
3 болып даўніх часоў дайшлі да нашых дзён Ракаўскае і Траецкае прадмесці. Першае склалася ўздоўж Ракаўскага тракту, які вёў да Ніжняга рынку, што размяшчаўся ля старажытнага Замчышча — гістарычнай асновы горада. На рагу вуліц Нямігі і Ракаўскай захаваўся помнік архітэктуры пачатку XVII стагоддзя — Петра
паўлаўская царква. Уздоўж сучасных вуліц Ракаўскай, Вызвалення, Замкавай часткова засталася забудова XVIII — XIX стагоддзяў.
У Траецкім прадмесці цудам захаваўся невялікі квартал у раёне вуліц Багдановіча і Старавіленскай, адрэстаўрыраваны і добраўпарадкаваны ў 80ыя гады як цэльны гісторыкаархітэктурны комплекс старога Мінска з яго тыповай забудовай XIX стагоддзя. Мінчан і турыстаў у гэты куточак прыцягваюць невялікія кафэ, рэстараны, магазін сувеніраў, кніжны магазін «Вянок», музей паэта Максіма Багдановіча і Музей гісторыі беларускай літаратуры.
Але звернемся зноў да гісторыі. Паводле другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Мінск стаў цэнтрам губерні. Развіццё горада ішло па новаму рэгулярнаму плану з прамавугольнай сеткай прамых вуліц. Адна з іх, Захар'еўская, злучыла Барысаўскі тракт з Варшаўскім напрамкам і ў далейшым стала галоўнай магістраллю горада, зараз гэта праспект Незалежнасці. На яе цэнтральным адрэзку была разбіта новая плошча — цяпер Кастрычніцкая, насупраць Аляксандраўскі, цяпер Цэнтральны, сквер. У даліне Свіслачы заклалі гарадскі парк, зараз гэта дзіцячы парк імя Горкага. У 1890 годзе на рагу Аляксандраўскага сквера пабудавалі гарадскі тэатр.
Будаўніцтва Маскоўска-Брэсцкай і Лібава-Роменскай чыгуначных ліній ператварыла горад у важны чыгуначны вузел. Да пачатку XX стагоддзя Мінск стаў буйным горадам з насельніцтвам болып за 90 тысяч чалавек.
У 1919 годзе Мінск становіцца сталіцай Беларускай ССР.
Новы сталічны маштаб надалі гораду буйнейшыя грамадскія будынкі, узведзеныя да 1941года: Дом урада, будынак ЦК КПБ, Дом Чырвонай арміі, Дзяржаўная бібліятэка, Дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета, галоўны корпус Акадэміі навук. Яны паклалі пачатак фарміраванню сістэмы архітэктурных ансамбляў будучага Мінска, яго новага грамадскага цэнтра.
Суровыя выпрабаванні перажыў горад у гады Вялікай Айчыннай вайны. Цэнтральны раён з яго капітальнай забудовай ператварыўся ў руіны. Былі разбураны ўсе фабрыкі і заводы, больш як 80 працэнтаў жылога фонду.
Пасля Вялікай Перамогі ў 1945 годзе гераічнымі намаганнямі народа Мінск быў не толькі адноўлены, але і стаў адным з прыгажэйшых гарадоў былога Савецкага Саюза.
У пасляваенны час былі пабудаваны буйнейшыя прамысловыя прадпрыемствы — заводы шасцерняў, аўтамабільны, падшыпнікавы, трактарны, аўтаматычных ліній, іншыя гіганты індустрыі.
У 1954 годзе на Круглай плошчы быў узведзены велічны манумент Перамогі ў памяць аб воінах і партызанах, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У пасляваенныя дзесяцігоддзі на Ленінскім праспекце сфарміраваліся архітэктурныя ансамблі сучасных плошчаў — Незалежнасці, Перамогі, імя Якуба Коласа, Калініна. Забудова Ленінскага праспекта стала выдатным дасягненнем беларускага горадабудаўніцтва, за што яе асноўныя аўтары, архітэктары Г. Баданаў, М. Баршч, С. Баткоўскі, А. Воінаў, У. Кароль, М. Паруснікаў, Н. Трахтэнберг, Н. Шпігельман, былі ў 1968 годзе ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Сёння гэта — праспект Незалежнасці — самая ажыўленая вуліца горада. Радуе светлае архітэктурнае аблічча праспекта, стройныя рады яго прыгожых будынкаў, культурных устаноў, вучэбных і навуковых цэнтраў.
Развіццё горада і рост насельніцтва Мінска ў пасляваенны перыяд ішлі хуткімі тэмпамі. Пасля вызвалення горада ў 1944 годзе яго насельніцтва складала ўсяго каля 50 тысяч. У 1972 годзе нарадзіўся мільённы жыхар. Сёння ў сталіцы пражывае каля 1,7 мільёна чалавек.
Расце і прыгажэе грамадскі цэнтр сталіцы. У 70 — 80ыя гады забудоўваецца другая галоўная магістраль сталіцы — праспект Машэрава з яго ансамблямі грамадскіх будынкаў і жылых комплексаў уздоўж воднапаркавага дыяметра горада ў даліне ракі Свіслач. Тут узніклі шматпавярховыя адміністрацыйныя будынкі, кінатэатр «Масква», Палац спорту, гасцініцы «Юбілейная» і «Планета», Дом прафесійных саюзаў і Дом праектных арганізацый. У парку Перамогі ў 1985 годзе ўзведзены манумент «Мінск — горадгерой». Высокі абеліск, увенчаны залатой зоркай, стаў кампазіцыйнай дамінантай праспекта Машэрава (зараз – праспект Пераможцаў). У архітэктуру праспекта ўдала ўпісаўся своеасаблівы па сілуэту шматпавярховы жылы комплекс, інжынерны корпус завода халадзільнікаў і размешчаны насупраць пластычны па форме выставачны павільён «Мінск-ЭКСПА».
Новыя жылыя раёны і мікрараёны на перыферыі сталіцы — Усход, Зялёны Луг, Уручча, Вяснянка, Серабранка, Захад, Паўднёвы Захад, Малінаўка — не ўступаюць па ўзроўню добраўпарадкавання цэнтральным.
Упрыгожваюць горад паркі — імя Горкага, Чэлюскінцаў і Цэнтральны батанічны сад, воднапаркавы комплекс уздоўж Свіслачы. У 80ых гадах да іх далучыўся каскад вадасховішчаў і паркаў уздоўж былога ручая Сляпянкі. Традыцыйным месцам адпачынку мінчан стала Мінскае мора — вялікае штучнае вадасховішча на паўночным захадзе сталіцы з цудоўнымі ляснымі масівамі.
Мінск — цэнтр навукі і культуры. У сталіцы размешчаны многія інстытуты Акадэміі навук, вялікая колькасць навуковадаследчых устаноў, канструктарскіх бюро і праектных арганізацый.
Падрыхтоўкай высокакваліфікаваных кадраў для рэспублікі займаюцца 20 вышэйшых навучальных устаноў. У іх ліку буйнейшыя: Беларускі дзяржаўны універсітэт, політэхнічная акадэмія, эканамічны, лінгвістычны, тэхналагічны, педагагічны, аграрны тэхнічны універсітэты, акадэміі музыкі, мастацтваў, спорту. Тысячы юнакоў і дзяўчат займаюцца ў ліцэях, гімназіях, каледжах, сярэдніх спецыяльных і прафесійнатэхнічных вучэбных установах.
У Мінску шмат прафесійных тэатраў. Добрая слава ідзе пра Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета, акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, тэатр музычнай камедыі, тэатр юнага гледача, тэатр лялек.
У канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі штодня адбываюцца выступленні айчынных і замежных артыстаў, вядомых эстрадных і танцавальных калектываў.
Запрашаюць да сябе прасторныя залы Нацыянальнага мастацкага музея, музея старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук Беларусі, музея Вялікай Айчыннай вайны, Палаца мастацтваў. Адкрыты для наведвальнікаў літаратурныя музеі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Петруся Броўкі, Гасцёўня Галубка і іншыя.
Жыццё жыхароў сталіцы надзвычай разнастайнае. Сведчаннем іх духоўнага адраджэння стала аднаўленне богаслужэнняў у многіх храмах праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іншых канфесій. Кафедральны сабор Святога Духа — сёння галоўны храм праваслаўнай царквы. Аднавіліся богаслужэнні ў Петрапаўлаўскай царкве на Нямізе. Вернуты прыхаджанам касцёл Сымона і Алены, што размешчаны на плошчы Незалежнасці.
Набыў ранейшае аблічча Марыінскі кафедральны касцёл на плошчы Свабоды — помнік архітэктуры пачатку XVIII стагоддзя. У горадзе ўзведзена некалькі новых храмаў.
Сёння Мінск — сталіца суверэннай, незалежнай дзяржавы. Гэта адкрывае новыя перспектывы ў развіцці горада. Узводзяцца будынкі замежных пасольстваў, банкаў, бізнесцэнтраў, офісаў і іншых дзелавых устаноў.
Мінск расце і прыгажэе, з кожным годам набывае рысы еўрапейскага горада, зручнага і камфортнага для жыцця. |