|
У Асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гады дадзена ацэнка дасягнутага ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця ў мінулым пяцігоддзі (2001-2005 гг.), адлюстравана становішча Рэспублікі Беларусь у свеце, вызначаны мэты, задачы і прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2006-2010 гады, меры па іх рэалізацыі, шляхі ўдасканалення макраэканамічных умоў, фарміравання эфектыўных эканамічных інстытутаў і чакаемыя вынікі выканання Праграмы.
Беларусь уступае ў другое пяцігоддзе новага, XXI стагоддзя. У адрозненне ад першага пяцігоддзя, якое замацавала станоўчыя тэндэнцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця і выхад Рэспублікі Беларусь па большасці макраэканамічных паказчыкаў на ўзровень дакрызіснага 1990 года, чарговая пяцігодка павінна забяспечыць пераход краіны на інавацыйны шлях сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэты пераход трэба будзе ажыццяўляць у найскладанейшых умовах сусветнага эканамічнага развіцця, якія вызначаюцца нарастаннем супярэчнасцей паміж грамадствам і прыродай у выкарыстанні мінеральна-сыравінных і паліўна-энергетычных рэсурсаў, запасы якіх абмежаваны, а ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі важнейшыя з іх і зусім будуць вычарпаны, павелічэннем эканамічных, палітычных, культурных і іншых супярэчнасцей паміж эканамічна развітымі краінамі і краінамі, якія сталі на шлях развіцця.
Сусветныя працэсы будуць вызначацца перш за ўсё далейшай глабалізацыяй, ператварэннем эканомік асобных краін у элементы адзінай сусветнай гаспадаркі з паступовым пераходам да постіндустрыяльнага інфармацыйнага грамадства, новай эканомікі, заснаванай на ведах.
Згодна з прагнозам міжнародных арганізацый чакаецца паскарэнне глабальнага эканамічнага развіцця: прагназіруецца прырост сусветнага ВУП з 2,7 працэнта ў 1986-2000 гадах да 3,7 працэнта ў 2001-2015 гадах. Вытворчасць ВУП на душу насельніцтва ў сярэднім павялічыцца з 6,8 тыс. долараў ЗША у 2000 годзе (у цэнах 1995 года) па парытэту пакупніцкай здольнасці да 10 тыс. долараў ЗША у 2015 годзе, у тым ліку ў заходнееўрапейскіх краінах – з 21,5 да 31,1 тыс. долараў, у ЗША – з 31 да 43,8, у краінах, якія сталі на шлях развіцця, – з 3,4 да 5,7, у постсацыялістычных краінах – з 7,8 да 15 (у Расіі – з 7,5 да 16,2 тыс. долараў ЗША).
Для таго каб ісці ў нагу з сусветнымі тэндэнцыямі, Беларусь павінна максімальна выкарыстоўваць свае моцныя бакі (патэнцыяльныя канкурэнтныя перавагі): выгаднае эканоміка-геаграфічнае і геапалітычнае становішча; развітыя сістэмы транспартных камунікацый і вытворчай інфраструктуры; значныя зямельныя, водныя, лясныя рэсурсы, наяўнасць шэрага важных карысных выкапняў; адносна развіты навукова-тэхнічны патэнцыял; даволі магутную будаўнічую базу; высокі адукацыйны ўзровень насельніцтва і існуючую сістэму падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў; шматвектарныя знешнеэканамічныя сувязі. |
|



|