БІЯГРАФІЯ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка – адзін з найбольш вядомых палітыкаў сучаснай Беларусі. Ён не належаў раней да партыйнай ці савецкай наменклатуры і не меў пасады ў вышэйшай іерархіі ўлады. Адносіцца да той групы дзеячаў, папулярнасць якіх тлумачыцца, перш за ўсё, іх асабістымі вартасцямі і падтрымкай народа.
А.Р.Лукашэнка вызначаецца глыбінёй разумення падзей, працаздольнасцю, адказнасцю, рэалізмам, справядлівасцю і прынцыповасцю. Адкрыта выказвае свае погляды нават у аўдыторыі, якая не настроена на ўзаемаразуменне. Калі А.Р.Лукашэнка быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, ён – адзіны – прагаласаваў супраць ратыфікацыі белавежскіх пагадненняў, скасаваўшых СССР, смела, не баючыся загавору і нападкаў, выкрываў карупцыю сярод вышэйшых чыноўнікаў.
Рашучы праціўнік падзелу свету на супрацьлеглыя цэнтры сілы, прыхільнік мірнага міжнародна-прававога рэгулявання ўсіх спрэчных праблем, ён лічыць, што разрыў традыцыйных эканамічных, культурных і чалавечых сувязяў паміж народамі былога Савецкага Саюза трагічны па сваіх выніках не толькі для іх гістарычнага лёсу, але і для дабрабыту ўсяго астатняга свету.
Нарадзіўся А.Р.Лукашэнка 30 жніўня 1954 года ў гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Беларус. Рос і выхоўваўся без бацькі. З маленства яму давялося ўзяць на свае плечы значную частку клопатаў аб сям’і. Таму заканамерна, што ўжо ў дзяцінстве пачалі праяўляцца настойлівасць, павага да працы, абвостранае разуменне значэння шчырасці і праўды як галоўных асноў чалавечай душы. Ён прымаў зацікаўлены ўдзел ў грамадскім жыцці калектываў, у якіх вучыўся і працаваў.
Закончыў дзве навучальныя ўстановы: Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А.А.Куляшова (1975) і Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1985). Гісторык, эканаміст.
Дынамізм асобы А.Р.Лукашэнкі, валявой, дапытлівай, якая востра ўспрымала недахопы акаляючай рэчаіснасці, адлюстраваўся ў шматбаковасці яго інтарэсаў, у хуткім назапашванні шырокіх ведаў і прафесіянальнага вопыту.
У 1975-1977 гг., а затым у 1980-1982 гг. А.Р.Лукашэнка служыў у пагранічных войсках і ў Савецкай Арміі.
Пасля службы ў арміі – работа ў камсамольскіх і партыйных органах, на гаспадарчай рабоце на пасадах намесніка і кіраўніка прадпрыемстваў прамысловасці будаўнічых матэрыялаў і аграпрамысловага комплексу БССР.
На кожным участку работы А.Р.Лукашэнка праяўляў ініцыятыву, дабіваўся станоўчых вынікаў, карыстаўся падтрымкай большасці працоўных. Самастойнасць і незалежнасць меркаванняў не маглі не выклікаць ускладненых адносін з парадкамі, якія існавалі ў той час, як пазней ўспамінаў Прэзідэнт, ён меў па партыйнай лініі дзве строгія вымовы – “за тое, што не ўмеў прамаўчаць”.
У 1990 г. А.Р.Лукашэнка становіцца народным дэпутатам, яго выбіраюць у Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь.
Выступаючы ў парламенцкіх дэбатах, рашуча крытыкаваў крайнія пункты гледжання палітыкаў, паказваючы слабыя бакі іх пазіцый. Гранічна шчыра выказваў свае погляды на складанейшыя праблемы, быў непрымірымы да дэмагогіі, кан’юнктуры, абураўся фармальнымі адносінамі да лёсу народа.
На пасадзе старшыні камісіі Вярхоўнага Савета па барацьбе з карупцыяй (так яе называлі ў народзе) А.Р.Лукашэнка праявіў сябе як актыўны і бескампрамісны народны дэпутат са сваёй асобай пазіцыяй па галоўных напрамках рэфармавання і дэмакратызацыі краіны. Аб яго непадкупнасці і рашучасці даведалася ўся беларуская грамадскасць.
10 ліпеня 1994 года пасля складанай барацьбы з пяццю іншымі кандыдатамі, якія прадстаўлялі ўвесь спектр палітычных сіл краіны, А.Р.Лукашэнка быў абраны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Ён атрымаў больш за 80% галасоў выбаршчыкаў, і ва ўмовах крызісу, рэзкага спаду ўзроўню жыцця большасці народа пачаў паслядоўнае выкананне праграмных абяцанняў, перш за ўсё фарміраванне нацыянальнай дзяржаўнасці.
Трэба было выпрацаваць не толькі канцэпцыю пераўтварэнняў, але і рэфармавання органаў улады, наладзіць іх работу, вызначыць сістэму навучання, падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў, пабудаваць іншыя атрыбуты сучаснай дэмакратычнай дзяржавы – парламент, урад, судовую сістэму і пракуратуру, Узброеныя сілы, унутраныя і замежныя справы, а таксама мадэрнізаваць ці стварыць нанова важнейшыя грамадскія арганізацыі, якія забяспечаць сувязь народа і дзяржавы, – жаночыя, ветэранскія, прафсаюзныя, маладзёжныя і да т.п. Адначасова ішоў актыўнейшы заканатворчы працэс – тысячы новых норм павінны былі адрэгуляваць усе асноўныя патрабаванні суверэннай дзяржавы.
А.Р.Лукашэнка прыняў вельмі аслабленую краіну з мноствам вострых сацыяльна-эканамічных праблем. У грамадстве пераважалі песімізм і апатыя. Разбуралася спрадвечная мараль, распадаліся сем’і, тысячы людзей апускаліся ў прорву галечы і страты сваёй індывідуальнасці.
А.Р.Лукашэнка аб’яднаў намаганні грамадзян краіны па правядзенню эканамічнай рэформы, удасканальванню работы дзяржаўных органаў, рэформе адукацыі і аховы здароўя, развіццю нацыянальнай культуры. Усе важнейшыя рашэнні прымаліся ім з улікам думкі народа.
Рэферэндумы 1995 і 1996 гг. вызначылі канстытуцыйную арганізацыю краіны, вырашылі моўныя праблемы, замацавалі дзяржаўныя сімвалы, недвухсэнсава выказаліся за саюз з Расіяй.
Па ініцыятыве А.Р.Лукашэнкі быў створаны моцны дэмакратычны інстытут актывізацыі грамадскай думкі краіны – у кастрычніку 1996 года ўпершыню быў праведзены Усебеларускі народны сход, які вызначыў напрамак развіцця краіны да 2000 года. Другі Усебеларускі народны сход у маі 2001 года зацвердзіў праграму развіцця краіны на наступныя пяць гадоў.
Быў дадзены імпульс развіццю грамадства як сістэмы арганізацый, здольных супольна выказваць і абараняць нацыянальныя інтарэсы і традыцыі. У краіне прайшлі з’езды Беларускага саюза жанчын, Беларускага патрыятычнага саюза моладзі, настаўнікаў, суддзяў, прадстаўнікоў іншых сацыяльных пластоў грамадства. У межах павышэння ўзроўню работы мясцовых органаў улады і з мэтай паскоранага развіцця рэгіёнаў быў праведзены З’езд дэпутатаў Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь.
А.Р.Лукашэнка сфармуляваў новыя падыходы да ідэалагічнай і выхаваўчай работы, паклаўшы ў яе аснову хрысціянскія каштоўнасці.
Шмат часу і сіл прысвяціў Прэзідэнт умацаванню і развіццю творчых арганізацый, працы з моладдзю, навуковым і педагагічным корпусам, становішчы ў сферы аховы здароўя і адукацыі, пенсіённага забеспячэння, міжканфесійных адносін, сувязям з Праваслаўнай царквой, якая аб’ядноўвае 80 % вернікаў у краіне, а таксама з беларускай дыяспарай за мяжой.
Распрацоўваючы стратэгію духоўнага і эканамічнага адраджэння, А.Р.Лукашэнка акрэсліў прыярытэты, што далі магчымасць эфектыўна выдаткоўваць рэсурсы і планаваць гадавыя бюджэты: экспарт, жыллё, харчаванне; іх асновай вызначана інавацыйная і інвестыцыйная дзейнасць пры вылучэнні навукі і здароўя нацыі як галоўных інструментаў здзяйснення ўсіх вышэйшых мэт беларускай дзяржавы. Выступаючы на другім Усебеларускім народным сходзе, А.Р.Лукашэнка так ахарактарызаваў сутнасць перамен з 1994 года:
“Мы ўпершыню ў гісторыі беларускага народа стварылі незалежную суверэнную беларускую дзяржаву.
Мы стварылі эфектыўную дзеючую сістэму дзяржаўнага кіравання, тое што ў народзе называюць – “вертыкаль улады”…
Мы захавалі і ўмацавалі структуры забеспячэння нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці краіны.
Мы засцераглі краіну ад мафіёзных кланаў, не далі крыміналу стаць палітычнай сілай і прарвацца да ўлады. У краіне няма разрухі, карупцыі, разбою, беспарадку і беззаконня.
Мы спынілі галапіруючую інфляцыю, скарацілі дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту. І гэта без усялякай дапамогі звонку.
Мы не распетрылі народны набытак, не нахапаліся замежных займаў, не ўлезлі ў даўгі, аддаваць якія давялося б дзецям і ўнукам.
Мы абаранілі і развілі сацыяльныя гарантыі для людзей – жыллё, пенсіі, бясплатныя за кошт бюджэту адукацыю і лячэнне.
Мы замацавалі і развілі пазітыўныя тэндэнцыі да ўстойлівага эканамічнага росту”.
Многа гэта ці мала – тое, што зроблена? З пункту гледжання гістарычнага развіцця краіны – вельмі многа, але з пункту гледжання звычайнага грамадзяніна, якому цяжка адкладваць надзённыя патрэбы, задавальняючыся агульнымі поспехамі краіны, – гэтага яшчэ недастаткова, і прэзідэнт гэта добра разумее і добра адчувае…
У сваёй дзейнасці А.Р.Лукашэнка зыходзіць з таго, што суверэнітэт, сапраўдная незалежнасць краіны забяспечваюцца не вулічнымі дэманстрацыямі, не дэмагогіяй падстаўных асоб, якія называюць сябе “вучонымі” і “прафесіяналамі”, не зневажальнымі просьбамі ангажыраваных палітыкаў аб “пасрэдніцтве” Захаду, а спакойнай і ўпартай працай народа пры разуменні, што немагчыма на працягу некалькіх тыдняў нагнаць тое, што страчвалася гадамі.
Валавы ўнутраны прадукт за мінулую пяцігодку павялічыўся на 36 працэнтаў, прадукцыя прамысловасці – на 65, інвестыцыі ў асноўны капітал – на 26 працэнтаў. Гэта – лепшыя паказчыкі сярод краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў, і яны значна вышэйшыя за тыя, якія намячаліся.
Дзейнасць А.Р.Лукашэнкі неаддзельная ад жыцця краіны, жыцця працоўных калектываў і простых людзей. Няма ніводнай значнай падзеі ў жыцці Беларусі апошніх 5–7 гадоў, на якую б не аказалі ўплыву энергія і воля гэтага чалавека, які працуе ў імя сваёй Айчыны і сваіх грамадзян і заўсёды знаходзіць час, каб сустрэцца з працоўнымі калектывамі, выслухаць іх меркаванні, аказаць падтрымку. Праводзячы шматвектарную знешнюю палітыку, А.Р. Лукашэнка развівае сяброўскія адносіны з усімі краінамі свету, імкнецца пашырыць удзел рэспублікі ў міжнародных арганізацыях. Усё больш важнае значэнне атрымліваюць адносіны з краінамі СНД, з Кітаем, Індыяй, арабскімі і афра-азіяцкімі дзяржавамі.
А.Р.Лукашэнка падкрэслівае, што толькі ўсебаковая інтэграцыя ўсіх краін Еўропы ва ўмовах раўнапраўя можа вырашыць праблемы беспрацоўя, беднасці, адукацыі і аховы здароўя, экалагічнай бяспекі. Ён выступае актыўным прыхільнікам міжнародных праграм забеспячэння правоў чалавека і асноўных свабод, барацьбы з тэрарызмам, наркамафіяй і іншымі негатыўнымі з’явамі.
Важнейшага стратэгічнага прарыву Беларусь дасягнула на шляху ўстанаўлення інтэграцыйных адносін з Расіяй. Ад аб’яднання Беларусі з Расіяй праз Саюз абодва бакі прыйшлі да паэтапнага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, і гэта выяўляе важнейшую геапалітычную падзею апошняга часу.
Працоўны дзень А.Р.Лукашэнкі, як правіла, складае 12-14 гадзін, але Прэзідэнт цудоўна ведае, што поспех справы вырашае не яго асабістая працаздольнасць, а мэтанакіраваная, арганізаваная праца і ініцыятыва кожнага грамадзяніна.
А.Р.Лукашэнка мае велізарны аўтарытэт і ў нашай краіне, і за мяжой. Многіх заваёўваюць яго сумленнасць і шчырасць, воля і настойлівасць, энергія і пастаянная гатоўнасць вучыцца ва ўсіх, з кім зводзіць яго лёс.
Апазіцыянеры, адчуваючы недахоп “кампрамата”, у імкненні прынізіць А.Р.Лукашэнку, зняважліва называюць яго “сельхозник”. Але Прэзідэнт ганарыцца тым, што нямала сіл аддаў аграрнай вытворчасці і людзям вёскі. “Усе мы з вёскі, – часта падкрэслівае ён. – Хто не адчувае душою маці-зямлі, хто толькі “асфальтавы шаркун”, той ніколі не разбярэцца ў праблемах жыцця”.
Большасць прыхільнікаў і нават праціўнікаў А.Р.Лукашэнкі згаджаюцца з тым, што сіла беларускага Прэзідэнта – у адзінстве з народам. Ён выяўляе вобраз тыповага беларуса, яго характар, волю, традыцыі і непрыманне ўсякай схемы і догмы.
А.Р.Лукашэнка даражыць падтрымкай людзей і ганарыцца тым, што ў народзе яго называюць “бацька” – так заўсёды называлі ў нас людзей аўтарытэтных, якія мужна абаранялі інтарэсы сям’і і грамады… Адказнасць за ўсіх – сутнасць яго характару. Здараецца, праўда, што спрабуюць эксплуатаваць яго давер да людзей. На гэтай сцежцы Прэзідэнт атрымаў ужо не адну глыбокую рану.
А.Р.Лукашэнка імкнецца асабіста разабрацца ў кожнай праблеме, і гэты найскладанейшы, знясільваючы стыль кіравання, вядома, апраўданы ў грамадстве, стомленым ад бясконцых дакламаванняў і эксперыментаў.
Паказваючы прыклад суайчыннікам, А.Р.Лукашэнка прапагандуе здаровы лад жыцця, асуджае лайдакоў, здраднікаў, п’яніц, тых, хто не трымае сваё слова. Імкнецца выкраіць час для спорту (тэніс, канькі, лыжы, хакей, футбол), чытання сацыялагічнай літаратуры і мастацкай класікі.
Нядобразычліўцы А.Р.Лукашэнкі спрабуюць паказаць яго кансерватарам, праціўнікам новаўвядзенняў.
Гэта адзіны палітык у Еўропе, які ўспрымае ісціну перш за ўсё як катэгорыю сумлення і пастаянна патрабуе ад палітыкаў захавання маральных катэгорый у прынятых імі рашэннях.
А.Р.Лукашэнка з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі, узначальвае Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь. Старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.
Прыход да ўлады А.Р.Лукашэнкі не чакаўся саманадзейнай бюракратычнай вярхушкай, якая ўстанавіла своеасаблівае “суіснаванне” з празаходнім нацыяналістычным крылом. Ён адразу ж сутыкнуўся з глухой сцяной непрыняцця, якая ўскладніла дзяржаўную работу.
У адным са сваіх выступленняў А.Р.Лукашэнка расказаў, як неўзабаве пасля выбараў яго запрасілі да сябе “сябры па барацьбе” і, намякнуўшы, што “зрабілі яго Прэзідэнтам”, прапанавалі размеркаваць паміж сабой багацце народа. Лукашэнка з абурэннем заявіў, што сваім абраннем абавязаны народу і ніколі не пойдзе на супрацьпраўныя дзеянні. “Гэтыя людзі былі ў хуткім часе пазніманы з пасад, – дадаў ён. – Але ніхто не ведае, якіх нерваў мне гэта каштавала… Яны і іх кампаньёны не пакінулі сваіх дамаганняў”…
А.Р.Лукашэнка, несумненна, больш радыкальны рэфарматар, чым іншыя, якія карыстаюцца рэпутацыяй рэфарматараў. Якую б сферу нацыянальнага жыцця ні ўзяць (культура, прамысловасць, армія, праваахоўныя органы, спорт, пенсіённае забеспячэнне і да т.п.), усюды за мінулыя гады прайшлі вельмі значныя пазітыўныя зрухі і перамены.
Вядома, патрабаванні суверэнітэту дапускаюць значныя расходы і без таго лімітаваных сродкаў, праблем у краіне застаецца яшчэ шмат, і А.Р.Лукашэнка не трубіць аб поспехах. Але не важна, што на сённяшні дзень у грамадстве ўжо існуе поўная яснасць адносна далейшага развіцця грамадства: яна замацавана ў так званай “беларускай мадэлі”, якая дакладна вызначае лінію на рост дабрабыту народа, сацыяльнай забяспечанасці ўсіх катэгорый грамадзян.
Кіраўнік дзяржавы мае рэалістычныя распрацоўкі па занятасці насельніцтва, становішчы моладзі, асабістага бізнесу, які, на думку Прэзідэнта, павінен мець нацыянальны характар і не ўмешвацца ў палітыку ў інтарэсах міжнароднай алігархіі.
Многія ў нас і за мяжой ніяк не хочуць улічыць тую важную акалічнасць, што Беларусь добра засвоіла ролю краіны, якая дынамічна развіваецца ў матэрыяльным і культурным плане. Яшчэ ў 1990 г. нацыянальны даход Беларусі быў у паўтара разы вышэйшы за долю яе насельніцтва ў СССР, і на душу насельніцтва ён быў амаль на 20% вышэйшы, чым у сярэднім па СССР. Гэта былі паказчыкі, цалкам супастаўляльныя з паказчыкамі многіх дзяржаў Еўропы. Цяпер такога няма, але А.Р. Лукашэнка прэтэндуе на тое, каб вярнуць страчаныя пазіцыі.
Беларусь не толькі мела важнейшую ролю ў абароннай прамысловасці СССР, але і размяшчала на сваёй тэрыторыі галоўную баявую моц Савецкай Арміі. Абраўшы новы курс развіцця, знішчыўшы велізарную колькасць самага новага ўзбраення, адмовіўшыся (першай у свеце!) ад статусу ядзернай дзяржавы, Беларусь не можа задавальняцца доляй другасортнага партнёра.
А.Р.Лукашэнка лічыць, што краіну і яе народ можна на нейкі час прымусіць прыняць жабрацкі ўзровень жыцця і ролю палітычнага статыста, але на гэтай аснове нельга стварыць базу для даверу і новых адносін як з Захадам, так і з Усходам. Гэта не амбіцыі, гэта самаадчуванне новай годнасці нацыі, якая прайшла праз горан найцяжэйшай вайны, у якой яна сваёй крывёю аплаціла фундаментальныя каштоўнасці ААН.
Хвалююць А.Р.Лукашэнку і чарнобыльскія праблемы (тут няма непасрэднай віны беларусаў). Менавіта гэтыя праблемы вызначаюць многія яго палітычныя і эканамічныя рашэнні.
А.Р.Лукашэнка перакананы ў тым, што жыццё ў постсавецкіх краінах у бліжэйшыя гады знойдзе сваё сапраўднае рэчышча, яно не будзе нейтральным у адносінах да спроб новага расколу свету і новай канфрантацыі. І таму рашуча выступае супраць любога новага выдання “халоднай вайны”, патрабуючы няўхільнага захоўвання ўсімі краінамі асноўных прынцыпаў міжнароднага права. За гады прэзідэнцтва А.Р.Лукашэнкі беларускі народ ажыццявіў шырокамаштабную рэканструкцыю, і цяпер можна чакаць вынікаў і ад дзяржаўнай сістэмы, і ад эканомікі, і ад сацыяльных галін. Для гэтага трэба захаваць у краіне маральна-палітычнае адзінства і сацыяльную салідарнасць і не дазволіць нікому перашкодзіць стваральнай працы грамадства.
За гэта і выступае Прэзідэнт, верачы, што наш мудры народ не саб’юць з толку ніякія дэмагогі, хто б ні маніпуліраваў імі.
Вось чаму ён спакойна глядзіць на істэрычныя выступленні ў СМІ цяперашніх “інтэлектуалаў”, добра ведаючы, што яны толькі капіруюць “інтэлектуалаў” перабудовачнай пары: шмат шуму, хлусні і разліку на слабанервовых і невукаў. Усе гэтыя нечаканыя “сябры народа” хочуць “паруліць” у сваю кішэню, і слёзы падманутых і абрабаваных, прыніжаных і пазбаўленых перспектыў іх ніколі не змогуць крануць.
У верасні 2001 года Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка пераважнай большасцю галасоў (75,65%) абраны паўторна Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
У наступныя пяць гадоў краіна канчаткова пераадолела наступствы эканамічнага крызісу пачатку і сярэдзіны 90-х і выйшла на дынамічны шлях развіцця. Беларуская эканамічная мадэль адбылася. Дасягнутыя за гэтыя гады поспехі агульнапрызнаныя, у тым ліку і такімі міжнароднымі арганізацыямі як ААН, Сусветны банк, Міжнародны валютны фонд. Краіна пераўзышла ўзровень вытворчасці дакрызіснага 1990 года, за 10 гадоў падвоіла ВВП, стала актыўным удзельнікам сусветных гаспадарчых сувязяў.
У Беларусі атрымалася забяспечыць апераджальны інфляцыю рост даходаў насельніцтва, а ў грамадскім жыцці – мір і стабільнасць.
Людзі ацанілі работу Кіраўніка дзяржавы, і ў 2004 годзе на рэферэндуме народ выказаўся за тое, каб даць Аляксандру Лукашэнку права ўдзельнічаць ў прэзідэнцкіх выбарах 2006 года.
Нягледзячы на беспрэцэдэнтны знешні ціск і спробы адкрытага ўмяшання з боку шэрага краін ва ўнутраныя справы Беларусі, у сакавіку 2006 года Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, набраўшы 83% галасоў выбаршчыкаў, атрымаў упэўненую перамогу і быў перавыбраны на пасаду Кіраўніка беларускай дзяржавы.
|