Бел
Галоўная   /  Дзяржава   /  Узнагароды і прэміі   /  Ордэны Рэспублікі Беларусь

Ордэны Рэспублікі Беларусь

Ордэн АЙЧЫНЫ Ордэн ДРУЖБЫ НАРОДАЎ
Ордэн ВОІНСКАЙ СЛАВЫ Ордэн ПАШАНЫ
Ордэн "ЗА СЛУЖБУ РАДЗІМЕ" Ордэн ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ
Ордэн "ЗА АСАБІСТУЮ МУЖНАСЦЬ" Ордэн МАЦІ
Ордэн ПРАЦОЎНАЙ СЛАВЫ Ордэн "ЗА ЎМАЦАВАННЕ МІРУ І ДРУЖБЫ"

Ордэны Рэспублікі Беларусь – ганаровыя дзяржаўныя ўзнагароды за асаблівыя заслугі ў сацыяльна-эканамічнай, грамадскай і іншых сферах дзейнасці, накіраванай на ўмацаванне магутнасці краіны, за адвагу і мужнасць, праяўленыя пры абароне дзяржавы.

Ордэн АЙЧЫНЫ

Ордэн Айчыны
I ступенi
Ордэн Айчыны
II ступенi
Ордэн Айчыны
III ступенi

Ордэн Айчыны з’яўляецца вышэйшым ордэнам Рэспублiкi Беларусь.

Ордэн Айчыны мае тры ступенi:
ордэн Айчыны I ступенi;
ордэн Айчыны II ступенi;
ордэн Айчыны IIІ ступенi.

Вышэйшай ступенню ордэна Айчыны з'яўляецца І ступень. Узнагароджанне ажыццяўляецца паслядоўна ордэнам Айчыны ІІІ, ІІ і І ступені:

- за выдатныя дасягненнi ў вытворчай, навукова-даследчай, сацыяльна-культурнай, грамадскай, дабрачыннай i iншых сферах дзейнасцi, накiраванай на павышэнне дабрабыту людзей i ўмацаванне магутнасцi краiны;
- за мужнасць i адвагу, праяўленыя пры абароне Айчыны i яе дзяржаўных iнтарэсаў, забеспячэннi законнасцi i правапарадку;
- за вялiкiя заслугi ў развiццi эканамiчных, навукова-тэхнiчных i культурных сувязей памiж Рэспублiкай Беларусь i iншымi краiнамi.

Ордэн Айчыны носiцца на левым баку грудзей i пры наяўнасцi iншых ордэнаў (акрамя ордэна Мацi) размяшчаецца перад iмi ў парадку старшынства ступеней.

Знешняе апісанне

Ордэн Айчыны ўяўляе сабой знак, выкананы ў форме двух чатырохвугольнiкаў, якiя накладаюцца адзiн на другi i ўтвараюць васьмiканцовую зорку дыяметрам 44 мм.

У цэнтры зоркi знаходзiцца круг дыяметрам 24 мм, у якiм размешчана выява Дзяржаўнага герба Рэспублiкi Беларусь, абрамленага вянком з дубовага i лаўровага лiсця. У верхняй частцы круга на чырвоным эмалевым фоне размешчаны надпiс "Айчына", у нiжняй частцы абазначаны ступенi ордэна: I, II, III. Адваротны бок ордэна мае гладкую паверхню, у цэнтры знаходзiцца нумар ордэна.

Ордэн пры дапамозе вушка i кольца злучаецца з пяцiвугольнай калодкай, абцягнутай муаравай стужкай чырвонага колеру з падоўжнай зялёнай палоскай пасярэдзiне для ордэна I ступенi, дзвюма зялёнымi падоўжнымi палоскамi па краях – для ордэна II ступенi, дзвюма зялёнымi падоўжнымi палоскамi па краях i адной зялёнай падоўжнай палоскай пасярэдзiне – для ордэна III ступенi.

Ордэн Айчыны I ступенi вырабляецца з серабра з пазалотай, II ступенi – з серабра з частковай пазалотай, III ступенi – з серабра.

Ордэн ВОІНСКАЙ СЛАВЫ



Ордэнам Воiнскай Славы ўзнагароджваюцца ваеннаслужачыя Рэспублiкi Беларусь:

- за выключныя заслугi ў кiраваннi войскамi, падтрыманнi iх высокай баявой гатоўнасцi i прафесiйнай вывучкi;
- за адвагу i самаадданасць, праяўленыя пры абароне Айчыны i яе дзяржаўных iнтарэсаў, выкананнi iншых службовых абавязкаў;
- за заслугi ва ўмацаваннi баявой садружнасцi i ваеннага супрацоўнiцтва з замежнымі дзяржавамi.

Ордэн Воiнскай Славы носiцца на левым баку грудзей i пры наяўнасцi iншых ордэнаў размяшчаецца пасля ордэна Айчыны.

Знешняе апісанне

Ордэн Воiнскай Славы ўяўляе сабой знак, у аснову якога пакладзена пяцiканцовая зорка, што накладаецца на праменепадобны пяцiвугольнiк. Кампазiцыя фармiруе дзесяцiканцовую зорку дыяметрам 44 мм. У цэнтры зоркi размешчаны круг дыяметрам 23 мм, у крузе – рэльефная выява двух воiнаў, якiя ўвасабляюць сухапутныя i паветраныя сiлы. Круг абрамлены вянком з дубовага i лаўровага лiсця, у верхняй частцы круга на зялёным эмалевым фоне размешчаны надпiс "Воiнская Слава". Адваротны бок ордэна мае гладкую паверхню, у цэнтры знаходзiцца нумар ордэна.

Ордэн пры дапамозе вушка i кольца злучаецца з пяцiвугольнай калодкай, абцягнутай муаравай стужкай чырвонага колеру з падоўжнай зялёнай палоскай пасярэдзiне, трыма чорнымi i дзвюма аранжавымі палоскамi з правага боку.

Ордэн Воiнскай Славы вырабляецца з серабра з пазалотай.

Ордэн "ЗА СЛУЖБУ РАДЗІМЕ"

Ордэн "За службу Радзiме" мае тры ступенi:

- ордэн "За службу Радзiме" I ступенi;
- ордэн "За службу Радзiме" II ступенi;
- ордэн "За службу Радзiме" III ступенi.

Вышэйшай ступенню ордэна "За службу Радзiме" з’яўляецца I ступень.

Узнагароджанне ажыццяўляецца паслядоўна ордэнам "За службу Радзiме" III, II i I ступенi.

Ордэнам "За службу Радзiме" ўзнагароджваюцца ваеннаслужачыя, асобы начальнiцкага i радавога складу органаў унутраных спраў, органаў фiнансавых расследаванняў Камiтэта дзяржаўнага кантролю Рэспублiкi Беларусь, органаў i падраздзяленняў па надзвычайных сiтуацыях:

- за ўзорнае выкананне воiнскага абавязку, дасягненне высокай баявой вывучкi падпарадкаваных злучэнняў i воiнскiх часцей Узброеных Сiл Рэспублiкi Беларусь, iншых войскаў i воiнскiх фармiраванняў Рэспублiкi Беларусь, што створаны ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

- за падтрыманне высокай баявой гатоўнасцi войскаў, забеспячэнне абараназдольнасцi Рэспублiкi Беларусь;

- за адвагу i самаадданасць, праяўленыя пры выкананнi воiнскага абавязку;

- за асаблiвыя заслугi ва ўмацаваннi дзяржаўнай бяспекi, ахове дзяржаўнай граніцы i барацьбе са злачыннасцю;

- за iншыя заслугi перад Радзiмай.

Асобы, раней узнагароджаныя ордэнам "За службу Радзiме ва Узброеных Сiлах СССР", прадстаўляюцца да ўзнагароджання ордэнам "За службу Радзiме" чарговай ступенi.

Ордэн "За службу Радзiме" носiцца на левым баку грудзей i пры наяўнасцi iншых ордэнаў размяшчаецца ў парадку старшынства ступеней пасля ордэна Воiнскай Славы.

Знешняе апісанне

Ордэн "За службу Радзiме" I ступенi ўяўляе сабой выпуклую васьмiканцовую зорку. Канцы зоркi, выкананыя ў выглядзе пазалочаных прамянёў, што разыходзяцца ад цэнтра, чаргуюцца з гладкiмi канцамi, пакрытымi блакiтнай эмаллю i абмежаванымi па контуры пазалочаным абадком. На гладкiх канцах зоркi адлюстраваны пазалочаныя верхняя i нiжняя часткi дзвюх скрыжаваных ракет.

У цэнтральнай частцы ордэна на вянку з дубовага лiсця размешчана пазалочаная пяцiканцовая зорачка, абрамленая паяском, у нiжняй частцы якога знаходзiцца пазалочаная лаўровая галiнка, у верхняй частцы, пакрытай белай эмаллю, – надпiс "За службу Радзiме". Абадкi паяска пазалочаныя. Зорачка i паясок накладзены на сярэбраныя аксiдзiраваныя крылы i меч.

У ордэна "За службу Радзiме" II ступенi канцы зоркi, выкананыя ў выглядзе прамянёў, сярэбраныя, верхняя i нiжняя часткi скрыжаваных ракет, абадкi гладкiх канцоў зоркi і зорачка ў цэнтры пазалочаныя.

Ордэн "За службу Радзiме" III ступенi вырабляецца з серабра без пазалоты.

Ордэн "За службу Радзiме" I, II, III ступеней вырабляецца з серабра. Памеры ордэна памiж процiлеглымi гладкiмi канцамi 65 мм, памiж прамянiстымi – 58 мм. Адваротны бок ордэна мае гладкую паверхню, у цэнтры знаходзiцца нумар ордэна. На адваротным баку ордэн мае наразны штыфт з гайкай для мацавання ордэна да адзення.

Стужка да ордэна муаравая блакiтнага колеру з жоўтымi падоўжнымi палоскамi пасярэдзiне: для I ступенi – адна палоска, для II ступенi – дзве, для III ступенi – тры палоскi.

Ордэн "ЗА АСАБІСТУЮ МУЖНАСЦЬ"



Ордэнам "За асабiстую мужнасць" узнагароджваюцца грамадзяне:

- за выключную адвагу i асабiстую храбрасць, праяўленыя пры выкананнi воiнскага абавязку, грамадзянскага або службовага абавязку;

- за самаадданыя ўчынкi, здзейсненыя ў экстрэмальных абставiнах;

- за мужнасць, праяўленую пры ахове дзяржаўнай граніцы;

- за мужнасць, праяўленую пры ахове грамадскага парадку;

- за смелыя i рашучыя дзеяннi ў абставiнах, звязаных з рызыкай для жыцця.



Ордэн "За асабiстую мужнасць" носiцца на левым баку грудзей i пры наяўнасцi iншых ордэнаў размяшчаецца пасля ордэна "За службу Радзiме".

Знешняе апісанне

Ордэн "За асабiстую мужнасць" уяўляе сабой пазалочаны, пакрыты чырвонай эмаллю крыж на фоне пазалочанай чатырохграннай плоскасцi з адлюстраваннем рабрыстых прамянёў. У цэнтры крыжа размешчаны круг дыяметрам 22 мм, пакрыты белай эмаллю, з надпiсам "За асабiстую мужнасць" i адлюстраваннем лаўровых галiнак. У цэнтры круга – залацiстая пяцiканцовая зорачка на цёмна-чырвоным фоне. Круг накладзены на пазалочаны меч. Адваротны бок ордэна мае гладкую паверхню, у цэнтры знаходзiцца нумар ордэна.

Ордэн пры дапамозе вушка i кольца злучаецца з пяцiвугольнай калодкай, абцягнутай муаравай стужкай залацiстага колеру з падоўжнай бардовай палоскай пасярэдзiне. Па краях стужка мае па адной падоўжнай палосцы: з левага боку – белую, з правага – бардовую.

Ордэн "За асабiстую мужнасць" вырабляецца з серабра з пазалотай.

Ордэн ДРУЖБЫ НАРОДАЎ



Ордэнам Дружбы народаў узнагароджваюцца грамадзяне:

- за значны ўклад у справу ўмацавання мiру, дружалюбных адносiн i супрацоўнiцтва памiж дзяржавамi, кансалiдацыi грамадства i адзiнства народаў;

- за асаблiва плённую дзейнасць па зблiжэнні i ўзаемаабагачэнні нацыянальных культур;

- за высокiя дасягненнi ў мiжнароднай грамадскай, дабрачыннай i гуманiтарнай дзейнасцi;

- за вялiкi асабiсты ўклад у развiццё i прымнажэнне духоўнага i iнтэлектуальнага патэнцыялу Рэспублiкi Беларусь, актыўную дзейнасць па абароне правоў чалавека i яго сацыяльных iнтарэсаў;

- за асаблiвыя заслугi ў развiццi знешнеэканамiчнай дзейнасцi, дэмакратыi i сацыяльнага прагрэсу.

Ордэн Дружбы народаў носiцца на шыйнай стужцы.

Знешняе апісанне

Ордэн Дружбы народаў уяўляе сабой знак, выкананы ў форме пяцi- i дзесяцiканцовай зорак. Пяцiканцовая зорка, пакрытая чырвонай эмаллю i абрамленая па контуры выпуклымi кроплямi, накладаецца на дзесяцiканцовую зорку дыяметрам 59 мм, якая ўтворана пяццю залацiстымi пiрамiдальнымi гранямi i пяццю залацiстымi пучкамi разыходных прамянёў. У цэнтры ордэна размешчана накладная выява зямнога шара з пяццю кантынентамi, асобныя дэталi якога пакрыты сiняй эмаллю. Зямны шар аблямаваны абадком з выявай рукапацiсканняў. Адваротны бок ордэна мае гладкую паверхню, у цэнтры знаходзiцца нумар ордэна.

Ордэн пры дапамозе вушка i плоскага кольца, да якога прымацаваны прамавугольны знак памерам 14x14 мм, што ўяўляе ў мiнiяцюры Дзяржаўны флаг Рэспублiкi Беларусь, злучаецца з муаравай стужкай сiняга колеру шырынёй 44 мм.

Ордэн Дружбы народаў вырабляецца з серабра з пазалотай.

Ордэн ПАШАНЫ



Ордэнам Пашаны ўзнагароджваюцца грамадзяне:

- за вялiкiя дасягненнi ў вытворчай, навукова-даследчай, дзяржаўнай, сацыяльна-культурнай, спартыўнай, грамадскай i iншай дзейнасцi;

- за высокiя вытворчыя паказчыкi ў прамысловасцi, сельскай гаспадарцы, будаўнiцтве, сувязi, гандлi, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, бытавым абслугоўваннi насельнiцтва, на транспарце i ў iншых галiнах працоўнай дзейнасцi;

- за значныя поспехi ў медыцынскiм абслугоўваннi насельнiцтва, навучаннi, выхаваннi дзяцей i падлеткаў, падрыхтоўцы iх да працы;

- за дасягненне высокай прадукцыйнасцi працы, паляпшэнне якасцi прадукцыi, знiжэнне матэрыяльных i працоўных выдаткаў на яе выраб;

- за ўкараненне ў вытворчасць новай тэхнiкi, тэхналогii, асаблiва каштоўныя вынаходствы i рацыяналiзатарскiя прапановы;

- за плённую дзяржаўную i грамадскую дзейнасць;

- за заслугi ў развiццi эканамiчных, навукова-тэхнiчных, культурных i iншых сувязей памiж Рэспублiкай Беларусь i iншымi дзяржавамi.

Ордэн Пашаны носiцца на левым баку грудзей i пры наяўнасцi iншых ордэнаў размяшчаецца пасля ордэна "За асабiстую мужнасць".

Знешняе апісанне

Ордэн Пашаны мае форму акруглага пазалочанага васьмiграннiка, на якi накладаецца чатырохканцовая сярэбраная зорка з рэльефнай выявай мужчыны i жанчыны ў цэнтры, якiя трымаюць Дзяржаўны сцяг Рэспублiкi Беларусь i сноп пшанiцы. Сцяг пакрыты эмаллю чырвонага, зялёнага i белага колеру. У нiжняй частцы ордэна – блакiтная эмалевая стужка, якая падтрымлiвае лаўровыя i дубовыя галiнкi, што абрамляюць ордэн. Вышыня ордэна – 50 мм, шырыня – 46 мм. Адваротны бок ордэна мае гладкую паверхню, у цэнтры знаходзiцца нумар ордэна.

Ордэн пры дапамозе вушка i кольца злучаецца з пяцiвугольнай калодкай, абцягнутай муаравай стужкай жоўтага колеру з падоўжнай палоскай зялёнага колеру пасярэдзiне i па адной падоўжнай палосцы чырвонага колеру па краях.

Ордэн вырабляецца з серабра з пазалотай.

Ордэн ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ



Ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджваюцца грамадзяне:

- за значныя поспехi ў галiне нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, выдатныя даследаваннi гiсторыi Беларусi, дасягненнi ў галiне нацыянальнай мовы, лiтаратуры, мастацтва, кнiгавыдання, культурна-асветнай дзейнасцi, а таксама прапаганды культурнай спадчыны беларускага народа;

- за асаблiвыя заслугi ў гуманiтарнай, дабрачыннай дзейнасцi, у справе абароны чалавечай годнасцi i правоў грамадзян, мiласэрнасцi i iншыя высакародныя ўчынкi.

Ордэн Францыска Скарыны носiцца на левым баку грудзей i пры наяўнасцi iншых ордэнаў размяшчаецца пасля ордэна Пашаны.

Знешняе апісанне

Ордэн Францыска Скарыны ўяўляе сабой чатырохканцовую зорку з кругам, заключаную ў авал памерам па вертыкалi 43 мм, па гарызанталi – 39 мм. У цэнтры круга – рэльефная выява Францыска Скарыны, у нiжняй частцы – лаўровая галiнка. Авал абрамлены бела-блакiтнай эмалевай стужкай з надпiсам "Францыск Георгiй Скарына". Адваротны бок ордэна мае гладкую паверхню, у цэнтры знаходзiцца нумар ордэна.

Ордэн пры дапамозе вушка i кольца злучаецца з калодкай сямiвугольнай формы, у нiжняй частцы якой размешчаны знак "сiгнет". Калодка абцягнута муаравай стужкай цёмна-фiялетавага колеру.

Ордэн вырабляецца з серабра з пазалотай.

Ордэн МАЦІ



Ордэнам Мацi ўзнагароджваюцца жанчыны, якiя нарадзiлi i выхавалi пяць i больш дзяцей.

Узнагароджанне ордэнам Мацi праводзiцца пры дасягненнi пятым дзiцем узросту аднаго года i пры наяўнасцi ў жывых астатнiх дзяцей гэтай мацi.

Пры ўзнагароджаннi ордэнам Мацi ўлiчваюцца таксама дзецi:

- загiнуўшыя або прапаўшыя без вестак пры абароне Айчыны i яе дзяржаўных iнтарэсаў, выкананнi грамадзянскага абавязку па выратаванні чалавечага жыцця, забеспячэнні законнасцi i правапарадку, а таксама памерлыя ў вынiку ранення, калецтва, захворвання, атрыманых пры адзначаных абставiнах або ў вынiку працоўнага калецтва або прафесiйнага захворвання.

Ордэн Мацi носiцца на левым баку грудзей i пры наяўнасцi iншых ордэнаў размяшчаецца над iмi.

Знешняе апісанне

Ордэн Мацi ўяўляе сабой дзевяцiканцовую рэльефную зорку, якая ўпiсваецца ў круг дыяметрам 40 мм. У цэнтры – рэльефная выява жанчыны i дзiцяцi ў промнях сонца, абрамленая вянком з дубовага i лаўровага лiсця, у нiжняй частцы вянка – бела-блакiтны бант з эмалi. Адваротны бок ордэна мае гладкую паверхню, у цэнтры знаходзiцца нумар ордэна.

Ордэн пры дапамозе вушка i кольца злучаецца з пяцiвугольнай калодкай, абцягнутай муаравай стужкай блакiтнага колеру з падоўжнай сiняй палоскай пасярэдзiне.

Ордэн вырабляецца з тампаку з серабрэннем i пазалотай.


Ордэн ПРАЦОЎНАЙ СЛАВЫ


Ордэнам Працоўнай Славы ўзнагароджваюцца грамадзяне:

- за асаблівыя дасягненні ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, на транспарце, у сферы абслугоўвання;

- за выдатныя заслугі ў галіне культуры, літаратуры, мастацтва, адукацыі, медыцыны, навукова-даследчай дзейнасці і іншых галінах працоўнай дзейнасці;

- за самаадданую высокапрадукцыйную працу, выраб прадукцыі высокай якасці, укараненне ў вытворчасць новай тэхнікі, тэхналогіі, перадавога вопыту, асабліва каштоўныя вынаходствы і рацыяналізатарскія прапановы;

- за асаблівыя заслугі ў галіне дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці, ва ўмацаванні законнасці, правапарадку і абараназдольнасці краіны.

Узнагароджанне праводзіцца пры ўмове шматгадовай работы ў адпаведных сферах дзейнасці.

Ордэн "За ўмацаванне міру і дружбы"


Ордэн "За ўмацаванне міру і дружбы" з'яўляецца вышэйшым выказваннем прызнання заслуг замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.

Ордэнам "За ўмацаванне міру і дружбы" ўзнагароджваюцца кіраўнікі замежных дзяржаў, асобы, якія займаюць вышэйшыя пасады ў дзяржаўных органах замежных краін, а таксама выдатныя палітычныя і грамадскія дзеячы:

- за выключныя заслугі ва ўмацаванні двухбаковых адносін з Рэспублікай Беларусь, аказанне ўсямернага садзейнічання ў яе сацыяльна-эканамічным развіцці і працвітанні;

- за вялікі асабісты ўклад ва ўстанаўленне дружбы і эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, інтэграцыю Рэспублікі Беларусь у міжнародныя структуры;

- у знак удзячнасці за актыўную міратворчую дзейнасць, гарманізацыю міжнацыянальных адносін, спонсарскую дзейнасць і правядзенне значных гуманітарных мерапрыемстваў на карысць чалавецтва, яднання і згоды ў сусветнай супольнасці.

© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь