Бел
Галоўная   /  Дакументы і каментарыі
Указ № 330 ад 30 чэрвеня 2014 г.

Аб дзяржаўнай падтрымцы сем'яў, якія ўсынавілі (удачарылі) дзяцей

Новыя віды дзяржпадтрымкі ўсынавіцеляў уводзяцца ў Беларусі. Гэта прадугледжана Указам № 330 "Аб дзяржаўнай падтрымцы сем'яў, якія ўсынавілі (удачарылі) дзяцей", які Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў 30 чэрвеня.

Дакумент накіраваны на ўдасканаленне механізма дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія ўсынавілі (удачарылі) дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у мэтах стымулявання нацыянальнага ўсынаўлення.

Указам устаноўлена, што штомесячныя грашовыя выплаты такім сем'ям будуць назначацца толькі адносна ўсыноўленых (удачароных) дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і пастаянна пражываюць у Беларусі. Пры гэтым раней назначаныя штомесячныя грашовыя выплаты на дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, што былі ўсыноўлены (удачароны) за мяжой, будуць выплачвацца да дасягнення такімі дзецьмі 16 гадоў.

Назначэнне штомесячных грашовых выплат будзе ажыццяўляцца з дня падачы ўсынавіцелямі ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган дакументаў, прадугледжаных для іх назначэння пералікам адміністрацыйных працэдур.

Указ таксама ўводзіць новыя віды дзяржаўнай падтрымкі асоб, якія ўсынавілі (удачарылі) дзяцей ва ўзросце ад 3 да 16 гадоў, якія пастаянна пражываюць у Беларусі.

Гэта, у прыватнасці, права на кароткачасовы водпуск без захавання заработнай платы тэрмінам да 90 каляндарных дзён на працягу 6 месяцаў з дня ўступлення ў сілу рашэння аб усынаўленні. Такі водпуск будзе прадастаўляцца па месцы работы аднаго з усынавіцеляў (адзінага ўсынавіцеля) для адаптацыі ўсыноўленых дзяцей у новых сем'ях і вырашэння сацыяльна-бытавых пытанняў.

Акрамя таго, прадугледжана дадатковая (разавая) грашовая выплата, якая будзе ажыццяўляцца пры выкарыстанні ўсынавіцелем кароткачасовага водпуску працягласцю не менш як 30 каляндарных дзён у выглядзе штомесячных грашовых выплат у двайным памеры за першы месяц, які прыпадае на такі водпуск.

Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь