Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання і спагнання арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці

Указ № 312 ад 11 ліпеня 2012 г.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 11 ліпеня падпісаў Указ № 312 "Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання і спагнання арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці".

Дакумент прадугледжвае прадастаўленне суб'ектам гаспадарання, якія ажыццяўляюць турыстычную дзейнасць, магчымасці прымянення ў 2012 годзе спрошчанай сістэмы падаткаабкладання.

Указам таксама прадугледжана прадастаўленне плацельшчыкамі падатку на ігральны бізнес у падатковыя органы ўдакладненай падатковай дэкларацыі па гэтым падатку і даплаты яго ў бюджэт без налічэння пені і адміністрацыйнай адказнасці.

Павялічваецца памер штогадовай арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, занятыя аб'ектамі звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва (за выключэннем закансерваваных), з прымяненнем каэфіцыента, роўнага 2.

Адміністрацыям свабодных эканамічных зон прадастаўляецца права павялічваць (змяншаць), але не больш як у два разы памер штогадовай арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, размешчаныя ў межах СЭЗ і прадастаўленыя гэтымі адміністрацыямі асобным рэзідэнтам. Названая норма не распаўсюджваецца на рэзідэнтаў СЭЗ на працягу ўсяго тэрміну рэалізацыі імі інвестыцыйнага праекта.

Дакументам прадугледжана прымяненне навукова-тэхналагічнымі паркамі, цэнтрамі трансферу тэхналогій і рэзідэнтамі навукова-тэхнічных паркаў падатковай ільготы (падатак на прыбытак па стаўцы 10%) пры пэўных умовах іх дзейнасці.

Таксама прадугледжваецца прымяненне ўстаноўленых мінімальных значэнняў для ўсіх крыніц выкідаў у сукупнасці для выключэння абавязку выплаты экалагічнага падатку плацельшчыкамі, якія ажыццяўляюць нязначныя аб'ёмы выкідаў у атмасфернае паветра.

Акрамя таго, Указам прадугледжана вылічаць, утрымліваць і пералічваць у бюджэт пры ажыццяўленні фактычнай выплаты даходаў у грашовай форме падаходны падатак з фізічных асоб па аперацыях па рэалiзацыi каштоўных папер i аперацыях з фiнансавымi iнструментамi тэрмiновага рынку.

Пашыраюцца пералікі турыстычных паслуг па арганізацыі падарожжаў і экскурсійнага абслугоўвання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абароты ад рэалізацыі якіх вызваляюцца ад падатку на дабаўленую вартасць, а таксама пералік турыстычных аб'ектаў, якія вызваляюцца ад падатку на прыбытак на працягу трох гадоў з пачатку іх дзейнасці.

Дакументам устанаўліваецца, што з 1 красавіка 2011 года па 31 снежня 2013 года тавары, якія ўвозяцца ў Беларусь упаўнаважанымі эканамічнымі аператарамі, вызваляюцца ад падатку на дабаўленую вартасць, што спаганяецца мытнымі органамі пры далейшым экспарце гэтых тавараў.

Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі.

Указ № 312 ад 11 ліпеня 2012 г. з дадаткамі