Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Дырэктыву Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3

Указ № 26 ад 26 студзеня 2016 г.
Беларусь да 2020 года плануе значна знізіць залежнасць ад традыцыйных рынкаў збыту. Гэта вынікае з абноўленай дырэктывы № 3 "Аб прыярытэтных напрамках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы", якая зацверджана ўказам нумар 26 ад 26 студзеня 2016 года.

Дакументам прадугледжана забеспячэнне планамернай дыверсіфікацыі экспарту для дасягнення роўнага размеркавання экспартных паставак паміж трыма рынкамі: Еўразійскага эканамічнага саюза, Еўрапейскага саюза і іншых краін, у тым ліку "далёкай дугі", якое да 2020 года павінна скласці суадносіны трэць - трэць - трэць. "Гэта дасць магчымасць збалансаваць знешні гандаль Беларусі, асвоіць новыя рынкі збыту і замацавацца на іх, скараціць рызыку залежнасці эканамічнага росту Беларусі ад росту асобных краін - гандлёвых партнёраў", - гаворыцца ў дырэктыве.

З гэтай мэтай рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду, аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму пры агульнай каардынацыі Міністэрства замежных спраў, дадзены шэраг даручэнняў.

У прыватнасці, даручана ажыццяўляць пошук і ўкараненне новых форм і метадаў пашырэння беларускіх тавараў, работ і паслуг на традыцыйных і новых рынках збыту, садзейнічаць захаванню тэндэнцыі павелічэння экспарту паслуг, аказваючы іх экспарцёрам у выпадку неабходнасці адпаведныя меры дзяржаўнай падтрымкі, развіваць дылерскія адносіны з "наборам" маркетынгавых інструментаў, сертыфікацыяй, дадатковымі паслугамі, калі пасрэднік ведае спецыфіку мясцовага рынку і бярэ на сябе частку выдаткаў на парытэтных пачатках.

Дзяржаўным органам і арганізацыям неабходна пашыраць міжнародную кааперацыю шляхам стварэння доўгатэрміновых альянсаў рознага тыпу (сумесныя вытворчасці за межамі Беларусі, франчайзінгавыя, ліцэнзійныя і лізінгавыя пагадненні і іншае) у мэтах асваення перадавых тэхналогій, выпуску новых тавараў і суправаджэння іх рэалізацыі адпаведнымі паслугамі.

Даручана таксама захоўваць долю на рынку Расіі па пастаўках беларускай прадукцыі, пры продажы якой дасягаецца максімальная эканамічная эфектыўнасць.

Сярод прыярытэтаў таксама арганізацыя супрацоўніцтва вядучых беларускіх вытворцаў з профільнымі транснацыянальнымі карпарацыямі ў мэтах прыцягнення прамых замежных інвестыцый, якія забяспечваюць магчымасць выкарыстання сучасных тэхналогій, абсталявання, патэнтаў на вытворчасць найноўшых відаў прадукцыі, атрымання доступу да тавараправоднай сеткі транснацыянальных карпарацый.

У адпаведнасці з данымі на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта, з агульнага аб'ёму экспарту рэспублікі ў студзені-лістападзе 2015 года на долю Расіі прыпадала 38,9 працэнта (у студзені-лістападзе 2014-га - 42,3 працэнта), краін СНД (без Расіі) - 13,7 працэнта (16,5 працэнта), краін ЕС - 32,1 працэнта (29,4 працэнта), астатніх краін - 15,3 працэнта (11,8 працэнта).