Бел
Галоўная   /  Дакументы і каментарыі
Каментарый да Указа № 211 ад 15.06.2017

Аб удасканаленні парадку прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 чэрвеня падпісаў Указ № 211 "Аб удасканаленні парадку прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі".

Дакумент накіраваны на павышэнне ўзроўню сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стварэнне адзінай сістэмы забеспячэння грамадзян тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі. У прыватнасці, спрашчаецца парадак забеспячэння тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў III групы і дзяцей, якія не прызнаны інвалідамі, але маюць патрэбу ў такіх сродках. За атрыманнем неабходных сродкаў рэабілітацыі названыя катэгорыі грамадзян, гэтак жа як і цяпер інваліды I і II групы і дзеці-інваліды, будуць звяртацца непасрэдна ў Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр.

Указам прадастаўляецца магчымасць выкарыстання сацыяльнай дапамогі не толькі для пакрыцця затрат на набыццё падгузкаў, але і на набыццё іншых неабходных інвалідам I групы і дзецям-інвалідам аналагічных прадметаў гігіены (трусікі, што ўцягваюць вільгаць (прасціны, пялёнкі), уралагічныя пракладкі (укладышы).

Камісіі па назначэнні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі надзяляюцца правам назначэння штомесячнай сацыяльнай дапамогі на перыяд большы за 6 месяцаў (але не большы за 12 месяцаў) сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, дзе абодва бацькі або адзін з бацькоў у няпоўнай сям'і з'яўляюцца інвалідамі I або II групы, а таксама калі адзін з бацькоў у поўнай сям'і з'яўляецца інвалідам I групы, а другі даглядае яго.

У выпадку, калі ёсць падставы меркаваць, што дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога можа быць выкарыстана не па прызначэнні або бацькі не ажыццяўляюць належны догляд дзяцей, Указам замацоўваецца магчымасць яе пералічэння на рахункі арганізацый, якія прадастаўляюць неабходныя сям'і паслугі (рамонт жылога памяшкання, пячнога ацяплення, сантэхнічнага, газавага, электрычнага абсталявання, набыццё паліва і інш.).

Указ уступае ў сілу з 1 ліпеня 2017 года.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь