Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Каментарый да Указа № 184 ад 25 мая 2017 г.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 25 мая падпісаў Указ № 184 "Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", у адпаведнасці з якім заснаваны новыя дзяржаўныя ўзнагароды.

Сістэма дзяржаўных узнагарод Беларусі была сфарміравана з улікам багатага станоўчага вопыту савецкай узнагароднай сістэмы, нацыянальных інтарэсаў і прыярытэтаў суверэннай Беларусі. Існуючая ўзнагародная сістэма ў цэлым аптымальная, яна прынята народам, а пералік узнагарод ахоплівае ўсе асноўныя сферы жыццядзейнасці дзяржавы і грамадства і не патрабуе кардынальных змяненняў.

Разам з тым удакладненне прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, вывучэнне грамадскага меркавання, мэтазгоднасць аднастайнасці ў асноўных падыходах да ацэнкі заслуг грамадзян у краінах ЕАЭС даюць падставы для бесперапыннага працэсу аптымізацыі ўзнагароднай сістэмы - дапаўнення пераліку дзяржаўных узнагарод, удакладнення статусу і знешняга выгляду існуючых узнагарод, удакладнення парадку ўзнагароджання дзяржаўнымі ўзнагародамі.

З гэтай мэтай распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была створана рабочая група, задачай якой з'яўляўся ўсебаковы аналіз нацыянальнай сістэмы дзяржаўных узнагарод і ўнясенне Кіраўніку дзяржавы прапаноў па яе ўдасканаленні.

У выніку сумеснай работы ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў у Беларусі заснаваны новыя дзяржаўныя ўзнагароды. У прыватнасці, ордэн "За ўмацаванне міру і дружбы", прызначаны выключна для ўзнагароджання вышэйшых службовых асоб замежных дзяржаў (кіраўнікоў дзяржаў, урадаў і парламентаў) за значныя заслугі ва ўмацаванні міру, дружбы, супрацоўніцтва і ўзаемаразумення паміж народамі; ордэн Працоўнай Славы, які дасць магчымасць больш дыферэнцыравана ацэньваць вынікі працоўнай дзейнасці беларускіх грамадзян у розных галінах і перш за ўсё ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы; медаль "За выратаванае жыццё" - для ўзнагароджання грамадзян, якія выратавалі чалавечае жыццё, рызыкуючы ўласным, па-за службовымі абавязкамі. Існуючая да гэтага часу практыка адзначаць грамадзян за смелыя і рашучыя дзеянні па выратаванні людзей у розных надзвычайных сітуацыях медалём "За адвагу" не адпавядае гістарычнаму статусу гэтай узнагароды, якая ўручалася грамадзянам за мужнасць і адвагу, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку.
З улікам асаблівай сацыяльнай значнасці прафесій настаўніка і ўрача адроджаны ганаровыя званні "Народны настаўнік" і "Народны ўрач", якія існавалі ў савецкі час. Прысваенне гэтых званняў ажыццяўляецца пры ўмове працяглай (не менш як 20 гадоў) і атрымаўшай усенароднае прызнанне прафесійнай дзейнасці. Такі крок з боку дзяржавы садзейнічае не толькі павышэнню статусу сапраўды народных і масавых прафесій настаўніка і ўрача, але і становіцца для людзей гэтых прафесій дадатковым маральным стымулам.

Адначасова па даручэнні Кіраўніка дзяржавы дапрацаваны знешні выгляд ордэна Дружбы народаў і кардынальна зменены дызайн медаля Францыска Скарыны.

Асобы, удастоеныя Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, цяпер будуць атрымліваць і спецыяльны нагрудны знак. Гэты знак з'яўляецца знешняй адметнай адзнакай увагі Кіраўніка дзяржавы да заслуг грамадзяніна.

У сувязі з гэтым Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прыводзяцца ў адпаведнасць з заканадаўствам некаторыя нарматыўныя акты па пытаннях узнагароджання дзяржаўнымі ўзнагародамі. У прыватнасці, уносяцца змяненні ў апісанне ордэнаў, медалёў і нагрудных знакаў да ганаровых званняў Рэспублікі Беларусь; дапаўняецца пералік ганаровых званняў новазаснаванымі ў частцы штомесячнай грашовай выплаты грамадзянам, якія маюць ганаровыя званні; зацвярджаюцца два віды спецыяльных лістоў аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (для фізічных асоб і для арганізацый або калектываў работнікаў арганізацый) і апісанне спецыяльнага нагруднага знака да Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; рэгулююцца іншыя спрэчныя пытанні, неабходнасць вырашэння якіх зыходзіць з практыкі ўзнагароджання.