Бел
Галоўная   /  Афіцыйныя дакументы
Каментарый да Дэкрэта № 8 ад 21.12.2017

Аб развіцці лічбавай эканомікі

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 21 снежня падпісаў Дэкрэт № 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Дакумент стварае беспрэцэдэнтныя ўмовы для развіцця ІТ-галіны і дае сур'ёзныя канкурэнтныя перавагі краіне ў стварэнні лічбавай эканомікі XXI стагоддзя.

Згодна з Дэкрэтам дзеянне спецыяльнага рэжыму ПВТ прадаўжаецца да 2049 года. Захоўваецца экстэрытарыяльны прынцып рэгістрацыі. Застаюцца нязменнымі базавыя ўмовы гаспадарання для рэзідэнтаў парка.

Дэкрэтам прадугледжаны новыя віды дзейнасці рэзідэнтаў ПВТ: распрацоўка біятэхналогій, медыцынскіх, авіяцыйных і касмічных тэхналогій, кіберспорт. Рэзідэнты ПВТ змогуць не толькі распрацоўваць, але і вырабляць высокатэхналагічную навукаёмістую прадукцыю. Акрамя таго, пашыраюцца іх магчымасці па камерцыялізацыі распрацаваных праграмных прадуктаў - у тым ліку шляхам аказання рэкламных і маркетынгавых паслуг і гэтак далей.

Дакумент стварыў прававыя ўмовы для правядзення ICO, выкарыстання крыптавалюты і ўкаранення смарт-кантрактаў. Такім чынам, Беларусь становіцца першай у свеце юрысдыкцыяй з комплексным прававым рэгуляваннем бізнесаў на аснове тэхналогіі блокчэйн. Дэкрэт не прадугледжвае ніякіх абмежаванняў і спецыяльных патрабаванняў да аперацый па стварэнні, размяшчэнні, захоўванні, адчужэнні, абмене токенаў, а таксама дзейнасці аператараў крыптаплатформ і аператараў абмену крыптавалют. Дзейнасць па майнінгу, набыцці, адчужэнні токенаў, што ажыццяўляецца фізічнымі асобамі, не з'яўляецца прадпрымальніцкай дзейнасцю, а токены не падлягаюць дэклараванню.

Пры гэтым да 2023 года дзейнасць па майнінгу, стварэнні, набыцці і адчужэнні токенаў не абкладаецца падаткамі. Увёўшы ў прававое поле беларускага заканадаўства смарт-кантракт і прадаставіўшы права ажыццяўляць пры дапамозе яго правядзенне і (або) выкананне здзелак, Беларусь становіцца першай дзяржавай у свеце, якая легалізавала смарт-кантракты на краінавым узроўні.

Дэкрэтам ствараюцца ўмовы для развіцця прадуктовых ІТ-кампаній. Дакумент прадугледжвае спрашчэнне парадку заключэння знешнеэканамічных здзелак з выкарыстаннем інтэрнэту - магчымасць заключэння іх у электронным выглядзе. З гэтага часу рэзідэнты маюць права ажыццяўляць аперацыі з электроннымі грашыма без шэрага абмежаванняў, адкрываць рахункі ў замежных банках і іншых крэдытна-фінансавых арганізацыях без дазволу Нацыянальнага банка, атрымліваць на іх грашовыя сродкі, праводзіць у паведамляльным парадку валютныя аперацыі, звязаныя з рухам капіталу, ажыццяўляемыя на падставе дазволу Нацбанка. Заканадаўства аб парадку правядзення і кантролю знешнегандлёвых аперацый на аперацыі з удзелам рэзідэнтаў ПВТ не распаўсюджваецца.

Дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі" таксама ўводзіць асобныя інстытуты англійскага права. У прыватнасці, з'яўляюцца канверсоўная пазыка, апцыён і апцыйны дагавор, пагадненне аб неканкурэнцыі і забароне пераманьвання, кампенсацыя маёмасных страт. Увядзенне гэтых інструментаў у Беларусі дасць магчымасць стварыць спрыяльнае асяроддзе для развіцця венчурнай экасістэмы, прадаставіць патэнцыяльным інвестарам інструменты, зразумелыя ім, якія выкарыстоўваюцца ў міжнароднай практыцы.

Дакументам прадугледжаны шэраг мер для падтрымкі ІТ-адукацыі, падрыхтоўкі кадраў. Рэзідэнтам ПВТ дазваляецца займацца адукацыйнай дзейнасцю ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, па вучэбных праграмах, якія зацвярджаюцца адміністрацыяй Парка высокіх тэхналогій. Плануецца стварыць на базе адміністрацыі ПВТ сектаральны савет кваліфікацый у галіне інфармацыйных тэхналогій, распрацаваць прафесійна-кваліфікацыйныя стандарты, на падставе якіх сумесна з рэзідэнтамі парка ствараць сучасныя вучэбныя праграмы па падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій.

Для забеспячэння фінансавай падтрымкі сістэмы адукацыі Дэкрэтам прадугледжваецца права рэзідэнтаў ПВТ аказваць спонсарскую дапамогу ўстановам адукацыі.

Акрамя таго, замацаваны комплекс мер для прыцягнення ў краіну высакакласных спецыялістаў у ІТ-сферы. У прыватнасці, рэзідэнтам ПВТ не патрабуецца атрымліваць дазволы, звязаныя з прыёмам на работу іншаземцаў. Такім іншаземцам у спрошчаным парадку выдаецца дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі. Для замежных работнікаў і заснавальнікаў рэзідэнтаў ПВТ візы адменены.

Магутны пазітыўны эфект ад рэалізацыі норм Дэкрэта павінна адчуць не толькі ІТ-сфера, але і ўся эканоміка краіны, а значыць, і кожны беларускі грамадзянін. З дапамогай дакумента вырашаецца шэраг стратэгічных задач. Размова ідзе аб стварэнні спрыяльных умоў для развіцця айчынных прадуктовых ІТ-кампаній, прыцягненні ў Беларусь інвестыцый з боку замежнага ІТ-капіталу. Ствараюцца ўмовы для паступовага ператварэння краіны ў рэгіянальнага лідара Усходняй Еўропы ў пабудове лічбавай эканомікі.


Тэкст Дэкрэта глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь