Бел
Галоўная   /  Дакументы і каментарыі
Каментарый да Дэкрэта № 2 ад 28.02.2017

Аб унясенні змяненняў у Дэкрэт № 1 ад 16 студзеня 2009 года

У Беларусі ўдасканальваецца парадак стварэння і ліквідацыі суб'ектаў гаспадарання. На гэта накіраваны Дэкрэт № 2 ад 28 лютага 2017 года, якім уносяцца змяненні ў Дэкрэт № 1 ад 16 студзеня 2009 года "Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненне дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання".

У мэтах скарачэння адміністрацыйных працэдур і паскарэння пачатку ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці Дэкрэтам прадугледжана магчымасць адкрыцця банкаўскага разліковага рахунку адначасова з рэгістрацыяй суб'екта гаспадарання на падставе прадстаўлення рэгіструючага органа.

Для паляпшэння інвестыцыйнага клімату і адмены залішніх абмежаванняў па ўдзеле юрыдычных і фізічных асоб у стварэнні новых суб'ектаў гаспадарання Дэкрэтам выключаецца абмежаванне па стварэнні даччынага прадпрыемства ў выпадку наяўнасці ў яго заснавальніка не выкананых у тэрмін грамадзянска-прававых абавязацельстваў.

Змяняецца падыход да працэдуры прызнання дзяржаўнай рэгістрацыі суб'ектаў гаспадарання несапраўднай пры прадстаўленні імі ў рэгіструючы орган звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Пры разглядзе гэтай катэгорыі спраў судамі падлягаюць уліку характар дапушчаных парушэнняў, наяўнасць урону і іншыя абставіны, якія маюць значэнне для справы.

Рэгіструючыя органы надзяляюцца правам на ліквідацыю суб'екта гаспадарання, які не ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць на працягу 24 месяцаў запар. Цяпер такое рашэнне прымаецца пры неажыццяўленні названай дзейнасці на працягу 12 месяцаў запар і пры ўмове ненакіравання паведамлення аб прычынах яе неажыццяўлення.

Пры гэтым Дэкрэтам трохгадовым тэрмінам абмяжоўваецца права падатковых і іншых упаўнаважаных органаў на зварот у суд з іскам аб прызнанні дзяржаўнай рэгістрацыі суб'екта гаспадарання несапраўднай, іх ліквідацыі (спыненні дзейнасці), а таксама права суб'ектаў гаспадарання на абскарджанне дзеянняў (бяздзейнасці) рэгіструючых органаў.

Згодна з палажэннямі Дэкрэта суб'ект гаспадарання, які прыняў рашэнне аб самаліквідацыі, мае права для праверкі правільнасці вылічэння, своечасовасці і паўнаты выплаты абавязковых плацяжоў у бюджэт заключыць дагавор аказання аўдытарскіх паслуг. Наяўнасць аўдытарскага заключэння і справаздачы дасць магчымасць падатковым і мытным органам, Белдзяржстраху прадставіць рэгіструючаму органу неабходныя для ліквідацыі суб'екта гаспадарання даведкі або звесткі без правядзення яго дадатковых праверак.

Дэкрэтам таксама замацоўваецца магчымасць падачы суб'ектамі гаспадарання дакументаў аб ліквідацыі (спыненні дзейнасці) у электронным выглядзе і вызначаецца механізм прыпынення дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў у сувязі з праходжаннем імі тэрміновай ваеннай або альтэрнатыўнай службы, знаходжаннем ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы.

Дэкрэт, за выключэннем яго асобных палажэнняў, уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь