Бел
Галоўная   /  Дакументы і каментарыі
Дэкрэт № 9 ад 7 снежня 2012 г.

Аб дадатковых мерах па развіццю дрэваапрацоўчай прамысловасці

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 7 снежня падпісаў Дэкрэт № 9 "Аб дадатковых мерах па развіццю дрэваапрацоўчай прамысловасці".

Дакумент прыняты ў мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання мер дзяржаўнай падтрымкі ў ходзе рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па развіццю дрэваапрацоўчай прамысловасці, умацавання працоўнай дысцыпліны і матэрыяльнага стымулявання работнікаў.

Дэкрэтам прадугледжаны перавод на кантрактную форму найму работнікаў арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці, якім у адпаведнасці з Указам ад 18 кастрычніка 2007 года № 529 "Аб некаторых мерах па развіццю дрэваапрацоўчай прамысловасці" аказваецца дзяржаўная падтрымка па тэхнічнаму перааснашчэнню, мадэрнізацыі і рэканструкцыі іх вытворчасцей.

Датэрміновае скасаванне кантрактаў у перыяд рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па ініцыятыве работнікаў дапускаецца толькі са згоды наймальніка. Адмова наймальніка ў скасаванні кантракта можа быць абскарджана ў старшыні абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта.

Пры гэтым Дэкрэтам устаноўлена, што работнікам арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці дадаткова да прадугледжанай кантрактам заработнай платы праводзяцца штомесячныя грашовыя выплаты, памер якіх вызначаецца названымі арганізацыямі самастойна зыходзячы з іх фінансавых магчымасцей.

У выпадку парушэння работнікамі сваіх працоўных абавязкаў і звальнення за вінаватыя дзеянні сума атрыманай імі за перыяд работы штомесячнай грашовай выплаты вяртаецца.

Пры невяртанні названых выплат былымі работнікамі спагнанне гэтых сродкаў будзе ажыццяўляцца па рашэнню суда з іх працоўнага заработку па новым месцы работы. Асобы, якія не знаходзяцца ў працоўных адносінах, працаўладкоўваюцца на ранейшае месца работы з далейшым утрыманнем раней выплачаных грашовых сродкаў з іх заработнай платы.

Аналагічны прававы рэжым прадугледжаны Дэкрэтам таксама адносна работнікаў генеральных падрадных арганізацый і праекціроўшчыкаў, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па тэхнічнаму перааснашчэнню, мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчасцей арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці.

Акрамя таго, Дэкрэтам прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за парушэнне падрадчыкам (субпадрадчыкам, праектнай арганізацыяй) тэрмінаў выканання работ па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у выглядзе накладання штрафу на службовую асобу ў памеры ад дзесяці да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – ад пяцiдзесяцi да пяцісот базавых велічынь.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь