Бел
Галоўная   /  Дакументы і каментарыі
Дэкрэт № 6 ад 28 снежня 2014 г.

Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 28 снежня падпісаў Дэкрэт № 6 "Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў".

Дэкрэт накіраваны на забеспячэнне абароны жыцця і здароўя беларускіх грамадзян, стварэнне ўмоў для бяспечнага развіцця дзяцей і моладзі, спыненне распаўсюджвання наркаманіі як пагрозы для дэмаграфічнай бяспекі і здароўя нацыі. Для дасягнення гэтых мэт уводзіцца комплекс неадкладных мер па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў. Прадугледжваецца максімальная актывізацыя намаганняў дзяржаўных органаў, устаноў адукацыі і аховы здароўя, саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, добраахвотных дружын, грамадскіх аб'яднанняў і іншых арганізацый.

Урад зацвердзіць комплексны план мерапрыемстваў, які змяшчае эфектыўныя меры па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыцы іх спажывання і сацыяльнай рэабілітацыі асоб, хворых на наркаманію. Пры гэтым урад будзе абавязаны не менш як адзін раз у год у мэтах эфектыўнага процідзеяння новым формам і метадам распаўсюджвання наркотыкаў разглядаць стан работы ў названай сферы на пасяджэннях Прэзідыума Савета Міністраў з наступным інфармаваннем аб выніках Прэзідэнта Беларусі.

Прадугледжаны таксама дадатковыя паўнамоцтвы МУС па каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў у сферы процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў.

Узмацняецца крымінальная адказнасць за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Так, павялічваецца максімальны тэрмін пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў пры наяўнасці абцяжваючых прыкмет (напрыклад, учыненыя групай асоб, або адносна асабліва небяспечных наркотыкаў, або ў буйным памеры, або на тэрыторыі ўстановы адукацыі), - з 13 да 15 гадоў; збыт наркотыкаў заведама непаўналетняму - з 8 да 15 гадоў; дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, учыненыя арганізаванай групай, - з 15 да 20 гадоў, а таксама за выраб або перапрацоўку наркотыкаў у лабараторных умовах - з 8 да 20 гадоў.

Уводзіцца крымінальная адказнасць за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, якія прывялі па неасцярожнасці да смерці чалавека ў выніку спажывання ім наркотыкаў (прыводзіць да пазбаўлення волі на тэрмін ад 12 да 25 гадоў); незаконнае перамяшчэнне наркотыкаў праз дзяржаўную граніцу Беларусі пры адсутнасці прыкмет кантрабанды (прыводзіць да пазбаўлення волі на тэрмін да 12 гадоў); паўторнае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне спажыванне ў грамадскім месцы наркотыкаў, або з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап'янення, або знаходжанне на рабочым месцы ў рабочы час у стане наркатычнага ап'янення (прыводзіць да максімальнага пакарання ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 2 гады).

Зніжаецца ўзрост надыходу крымінальнай адказнасці за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, з 16 да 14 гадоў.

Узмацняюцца меры адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, звязаныя са спажываннем наркотыкаў. Уводзіцца адміністрацыйная адказнасць за з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап'янення (штраф у памеры ад 5 да 10 базавых велічынь); непрыняцце індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычнай асобай мер па недапушчэнні на дыскатэках, у культурна-забаўляльных (начных) клубах, ігральных установах спажывання наркотыкаў або іх збыту, а таксама за неінфармаванне органаў унутраных спраў аб выяўленых фактах учынення такіх дзеянняў (штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь).

Павялічваюцца максімальныя памеры штрафаў за знаходжанне на рабочым месцы ў рабочы час у стане наркатычнага ап'янення (з 10 да 12 базавых велічынь); спажыванне наркотыкаў без назначэння ўрача ў грамадскім месцы (з 8 да 15 базавых велічынь).

Замацоўваюцца палажэнні, якія даюць магчымасць аператыўна забараняць абарот на тэрыторыі Беларусі новых псіхаактыўных рэчываў (курыльных сумесей, "спайсаў") і прыцягваць да адказнасці іх распаўсюджвальнікаў. Прадугледжваецца ўдакладненне паняцця аналагаў наркотыкаў, якое дае магчымасць адносіць да іх больш шырокі спектр хімічных рэчываў. Максімальна спрашчаецца працэдура аднясення новых псіхаактыўных рэчываў да наркотыкаў і ўвядзення тым самым забароны на іх незаконны абарот у Беларусі.

У сувязі з пагрозай шырокага распаўсюджвання наркотыкаў з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт замацоўваецца механізм аператыўнага абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інтэрнэт-рэсурсаў, якія змяшчаюць матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў. Рашэнні аб такім абмежаванні прымаюцца Мінінфармам на падставе пісьмовых паведамленняў МУС і з'яўляюцца абавязковымі для выканання ўсімі пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслуг на тэрыторыі Беларусі.

У мэтах павышэння эфектыўнасці прафілактычных і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў, у тым ліку ў сетцы Інтэрнэт, своечасовага выяўлення асоб, занятых у незаконным абароце наркотыкаў, Дэкрэтам ускладаюцца абавязкі на ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў - аналізаваць змест прыналежных ім інтэрнэт-рэсурсаў, не дапускаць іх выкарыстання для распаўсюджвання матэрыялаў, накіраваных на незаконны абарот наркотыкаў, а таксама інфармаваць органы ўнутраных спраў аб спробах распаўсюджвання такіх матэрыялаў.

Таксама ўскладаюцца абавязкі на пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг - забяспечыць з 1 студзеня 2016 года фарміраванне і захоўванне актуальных звестак аб наведваемых карыстальнікамі інтэрнэт-паслуг інтэрнэт-рэсурсах у парадку, якi вызначаецца Мінсувязі.

З 1 сакавіка 2015 года ствараецца Адзіная сістэма ўліку асоб, якія спажываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі.

Уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя ўладальнікаў электронных кашалькоў, створаных у электронных плацежных сістэмах, што дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі (незалежна ад памераў сум электронных грошай, якія знаходзяцца ў такіх электронных кашальках).

Ураду прадпісваецца прыняць меры па стварэнні асобных папраўчых устаноў для асоб, асуджаных за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў; арганізацыі спецыялізаваных лячэбна-працоўных прафілакторыяў для хворых на наркаманію або таксікаманію, а таксама па стварэнні профільных лячэбна-выхаваўчых устаноў, што забяспечваюць комплексную рэабілітацыю непаўналетніх, якія знаходзяцца на наркалагічным уліку.

Дэкрэт уступае ў сілу з 1 студзеня 2015 года.

Тэкст Дэкрэта глядзіце, калі ласка, на рускай версіі Партала Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь