Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння

Указ № 570 ад 8 снежня 2014 г.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 8 снежня падпісаў Указ № 570 "Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння".

Дакументам прадугледжваецца з 1 студзеня 2015 года для вылічэння пенсіі па ўзросце за кожны поўны год стажу работы звыш 35 гадоў у мужчын і 30 гадоў у жанчын павелічэнне пенсіі на 1% сярэднямесячнага заработку, але не менш як на 0,7% сярэдняй заработнай платы работнікаў у краіне, што прымяняецца для карэкціроўкі фактычнага заработку пенсіянера.

З 1 студзеня 2016 года пенсіі асобам, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, павялічваюцца на 0,1%, 0,2%, 0,3%, 0,4%, 0,5% сярэднямесячнага заработку адпаведна за кожны год стажу работы звыш 40 гадоў па 45-ы год уключна ў мужчын і звыш 35 гадоў па 40-ы год уключна ў жанчын.

Гранічная велічыня сярэдняй заработнай платы, што ўлічваецца пры вылічэнні пенсіі асобам, якія маюць стаж работы 36 гадоў і больш у мужчын і 31 год і больш у жанчын, павялічваецца да пяцікратнай.

Указам таксама прадугледжваецца з 1 студзеня 2015 года павелічэнне мінімальнага стажу работы для назначэння пенсіі па ўзросце і пенсіі за выслугу гадоў з 10 да 15 гадоў работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Гэта мера не распаўсюджваецца на слабаабароненыя катэгорыі грамадзян, для якіх фарміраванне працяглага стажу аб'ектыўна ўскладнена (шматдзетныя маці, маці інвалідаў з дзяцінства, інваліды з дзяцінства). Для іх захоўваецца мінімальны стаж работы 5 гадоў.

Прадугледжваецца таксама назначэнне сацыяльнай пенсіі грамадзянам, якія не сфарміравалі мінімальнага працоўнага стажу, неабходнага для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце, не раней дасягнення ўзросту 65 гадоў для мужчын і 60 гадоў для жанчын. Пры гэтым дзеючыя нормы назначэння сацыяльных пенсій захоўваюцца для сацыяльна слабаабароненых катэгорый грамадзян - дзяцей-інвалідаў, інвалідаў, у тым ліку інвалідаў з дзяцінства, дзяцей, якія страцілі карміцеля.

Пры вылічэнні працоўнай пенсіі ўводзіцца абавязковае прымяненне даных аб заработнай плаце, зафіксаваных у сістэме персаніфікаванага ўліку плацельшчыкаў і ўзносаў.

Павялічваецца гранічная велічыня сярэдняй заработнай платы з чатырохкратнай да пяцікратнай для выплаты абавязковых страхавых узносаў у дзяржаўны пазабюджэтны фонд сацыяльнай абароны насельніцтва для работадаўцаў і працуючых грамадзян.

Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, на рускай версіі Партала Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.