Аб адказнасці за парушэнне выканальніцкай дысцыпліны

Указ №502 ад 8 лістапада 2013 г.

Па выніках наведвання 8 лістапада 2013 года аб'ектаў ААТ "Барысаўдрэў" Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 502 "Аб адказнасці за парушэнне выканальніцкай дысцыпліны", у адпаведнасці з якім шэраг службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці за зрыў выканання мерапрыемстваў праграмы мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны.

За неналежнае выкананне даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па мадэрнізацыі вытворчасці ААТ "Барысаўдрэў" Барыс Батура вызвалены ад пасады старшыні Мінскага аблвыканкама, а Аляксандр Пераслаўцаў - ад пасады старшыні канцэрна "Беллеспаперапрам". Строгая вымова аб'яўлена старшыні Барысаўскага райвыканкама Уладзіміру Мірановічу.

Таксама за адсутнасць належнага кантролю за ходам мадэрнізацыі аб'ектаў ААТ "Барысаўдрэў", неналежную падрыхтоўку мерапрыемства з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі Андрэй Тур вызвалены ад пасады намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Строгая вымова аб'яўлена Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэю Кабякову і старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандру Якабсону.

Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва, Мінскаму аблвыканкаму дадзены даручэнні аб вызваленні ад займаемых пасад кіраўнікоў арганізацый, якія ўдзельнічалі ў праектаванні і будаўніцтве аб'ектаў ААТ "Барысаўдрэў": генеральнага дырэктара ААТ "Будаўнічы трэст № 21" Мікалая Бусалава і дырэктара КУП "Інстытут "Барысаўпраект" Аляксандра Місіюка. Узначаліць ААТ "Будаўнічы трэст № 21" былы старшыня канцэрна "Беллеспаперапрам" Аляксандр Пераслаўцаў.

Генеральнай пракуратуры, Камітэту дзяржаўнага кантролю і Міністэрству ўнутраных спраў даручана ва ўстаноўленым парадку ўзбудзіць крымінальныя справы па фактах парушэнняў, дапушчаных пры праектаванні і будаўніцтве аб'ектаў ААТ "Барысаўдрэў", фактах безгаспадарчасці пры мадэрнізацыі гэтага прадпрыемства, а таксама забяспечыць прыцягненне да адказнасці вінаватых службовых асоб.

Прэм'ер-міністру Беларусі Міхаілу Мясніковічу неабходна да 10 снежня 2013 года падрыхтаваць даклад аб ходзе выканання ўсіх рашэнняў Кіраўніка дзяржавы па мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай прамысловасці, а Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па выніках гэтага даклада ўнесці прапановы аб адпаведнасцi займаемай пасадзе першага намесніка Прэм'ер-міністра Уладзіміра Сямашкі.

Камітэту дзяржаўнага кантролю даручана стварыць рабочую групу па праверцы выканання праграмы мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны і даручэнняў Кіраўніка дзяржавы ў гэтай сферы. Справаздача аб выніках работы групы павінна быць прадстаўлена Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь да 1 снежня 2013 года.

Персанальная адказнасць за далейшае якаснае і своечасовае выкананне мерапрыемстваў праграмы мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны ўскладзена на старшынь аблвыканкамаў, кіраўнікоў канцэрна "Беллеспаперапрам", кіраўнікоў прадпрыемстваў названай галіны і адпаведных будаўнічых і праектных арганізацый. Пры гэтым работы па комплекснай мадэрнізацыі аб'ектаў ААТ "Барысаўдрэў" павінны быць завершаны да 1 чэрвеня 2014 года.

Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.