Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 г. № 80

Указ № 130 ад 20 сакавіка 2014 г.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 20 сакавіка падпісаў Указ № 130 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 г. № 80", якім зацверджана новая рэдакцыя Правіл прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Пры захаванні ўсталяваных падыходаў да арганізацыі прыёмнай кампаніі, заснаваных на выкарыстанні цэнтралізаванага тэсціравання, новая рэдакцыя Правіл прадугледжвае адмену раздзельнага конкурсу для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі. Акрамя таго, адмяняецца прафесійна-псіхалагічная гутарка для асоб, якія паступаюць на спецыяльнасці, звязаныя з дзяржаўным кіраваннем, правам і журналістыкай.

Прадугледжваецца таксама пашырэнне мэтавай падрыхтоўкі па ўсіх спецыяльнасцях. У прыватнасці, дазваляецца заключэнне дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста паміж арганізацыяй - заказчыкам кадраў і абітурыентам незалежна ад месца яго пражывання і адзнак па прадметах уступных іспытаў у дакуменце аб адукацыі. У рамках пашырэння мэтавай падрыхтоўкі павялічваецца таксама прыём абітурыентаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях да 60% ад кантрольных лічбаў прыёму, па іншых спецыяльнасцях - да 40%; ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі - па сельскагаспадарчых і медыцынскіх спецыяльнасцях да 60% ад кантрольных лічбаў прыёму, па іншых спецыяльнасцях - да 30%.

Прадастаўляецца магчымасць правядзення дадатковага набору ва ўстановы вышэйшай адукацыі па ўсіх спецыяльнасцях на месцы, якія засталіся пасля залічэння абітурыентаў вакантнымі, тэрміны і ўмовы якога вызначае Міністэрства адукацыі.

Прадастаўляецца права падачы дакументаў у прыёмныя камісіі ўстаноў адукацыі даверанымі асобамі абітурыентаў.

Уводзіцца шэраг прэферэнцый для абітурыентаў, якія паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю, педагагічныя і ваенныя спецыяльнасці, а таксама спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту.

Прадугледжваюцца таксама іншыя змяненні і дапаўненні, унесеныя з улікам прапаноў дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў і практыкі правядзення прыёмных кампаній апошніх гадоў.

Прыняцце Указа будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці правядзення прыёмнай кампаніі і стварэнню спрыяльных умоў для ўдзелу ў ёй абітурыентаў.

Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Дадаткі да Указа № 130 ад 20 сакавіка 2014 г.