Аб рэалізацыі праграм дзяржаўнага заказу на будаўніцтва жылля

Указ № 270 ад 6 чэрвеня 2014 г.
У Беларусі ў 2014-2016 гадах правядуць эксперымент пры вызначэнні кошту будаўніцтва жылля па дзяржзаказе для льготнікаў. Гэта прадугледжана Указам № 270 "Аб рэалізацыі праграм дзяржаўнага заказу на будаўніцтва жылля", які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 6 чэрвеня.

Дакумент падпісаны ў мэтах аптымізацыі затрат на будаўніцтва жылля, устанаўлення цэн, зразумелых для будаўнікоў і насельніцтва.

Указам прадугледжана, што ў 2014-2016 гадах у парадку эксперыменту пры рэалізацыі праграм дзяржаўнага заказу на будаўніцтва кватэр для грамадзян, якія маюць права на атрыманне льготных крэдытаў, кошт будаўніцтва жылога дома і максімальны памер ільготнага крэдыту будуць вызначацца зыходзячы з кошту квадратнага метра агульнай плошчы жылога дома, роўнага прагнознаму паказчыку намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў на месяц прыёмкі ў эксплуатацыю жылога дома (з улікам нарматыўнай працягласці будаўніцтва), з прымяненнем каэфіцыента 1,2.

Жылыя дамы, якія прадугледжваецца ўзводзіць згодна з эксперыментам, будуць адбірацца з пераліку эканамічных жылых дамоў, уключаных у праграмы дзяржаўнага заказу.

Заказчыкамі будаўніцтва такіх дамоў будуць камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы па капітальным будаўніцтве. Крэдытныя сродкі будуць пералічвацца на спецыяльны рахунак заказчыка, што адкрываецца для будаўніцтва кожнага жылога дома.

Перавышэнне (зніжэнне) фактычных затрат, панесеных заказчыкам на будаўніцтва жылога дома, адносна задэклараванага ім, а таксама падлягаючага аплаце грамадзянамі на аснове дагавораў куплі-продажу кошту жылых памяшканняў (кватэр) будзе адносіцца на фінансавыя вынікі дзейнасці заказчыка. Сэканомленыя сродкі заказчык зможа накіроўваць на фінансаванне будаўніцтва наступных жылых дамоў па дзяржаўным заказе.

Перавышэнне (зніжэнне) фактычнага кошту падрадных работ адносна дагаворнай (кантрактнай) цаны будзе аплачвацца ў межах гэтай цаны і адносіцца на фінансавыя вынікі дзейнасці падраднай арганізацыі. Эканомія можа быць дасягнута за кошт прымянення рацыяналізатарскіх прапаноў, інавацыйных тэхналогій і іншых мерапрыемстваў, накіраваных на скарачэнне будаўнічага цыкла.

З кожным грамадзянінам будзе заключацца дагавор куплі-продажу па тым жа кошце квадратнага метра, па якім будзе выдавацца крэдыт заказчыку.

Максімальны памер ільготнага крэдыту для грамадзян на набыццё жылых памяшканняў не павінен перавышаць 90% (для шматдзетных сем'яў - 100%) кошту набыцця нарміруемых памераў агульнай плошчы жылога памяшкання.

Пры правядзенні эксперыменту не будзе ўлічвацца адзіны гранічны нарматыў кошту квадратнага метра агульнай плошчы жылога памяшкання, вызначаемы Саветам Міністраў, які застаецца для жылых дамоў, будуемых па-старому.

Метадалагічнае суправаджэнне эксперыменту будзе ажыццяўляць Мінбудархітэктуры.

Па выніках правядзення эксперыменту ўрадам у трэцім квартале 2016 года будуць унесены прапановы на разгляд Прэзідэнта Беларусі па прадаўжэнні эксперыменту і распаўсюджванні яго на ўвесь аб'ём дзяржаўнага заказу.

Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.