Бел
Галоўная   /  Падзеі

Зварот да ўдзельнікаў памятных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-й гадавіны знішчэння Мінскага гета

22 кастрычніка 2018 года
Паважаныя суайчыннікі, замежныя госці!

Другая сусветная вайна пакінула на Зямлі і ў душах людзей глыбокі след жорсткіх злачынстваў супраць чалавецтва. 75 гадоў таму было знішчана Мінскае гета, а боль ад гэтай трагедыі не сціхае.

Гэта боль за старых, дзяцей, жанчын і мужчын, пазбаўленых жыцця толькі за іх паходжанне. Больш за 100 тысяч яўрэяў прайшлі тут праз сапраўднае пекла - голад, холад, знявагу і катаванне.

У гэты Дзень памяці мы ўспамінаем усе вядомыя гета, усіх ахвяр нацызму, смуткуем па забітых, падзяляем гора тых, хто выжыў, але страціў родных і блізкіх. Дзякуем жыхарам Беларусі, якія, рызыкуючы сабой, ратавалі вязняў, за што ўдастоены высокага звання "Праведнікі народаў свету".

Наша зямля, дзе загінуў кожны трэці жыхар, прасякнутая слязамі бязвінных людзей, дала новыя парасткі. Узгадавала пакаленне, якое помніць урокі гісторыі і беражэ мір.

Але планета зноў акунаецца ў пекла рэлігійных, міжнацыянальных і палітычных канфліктаў. Усім, хто сёння забыў або, на сваё шчасце, не ведаў гора вайны, мы не стомімся паўтараць: адзінае, за што мы павінны змагацца, - гэта жыццё чалавека. Толькі яно мае сэнс і каштоўнасць на Зямлі.

Аляксандр Лукашэнка
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь