Зварот да дзяржаў - членаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў

    У гэтым годзе Беларусь адзначае 75-ю гадавіну вызвалення краіны ад нацысцкіх захопнікаў.

    Другая сусветная вайна, адна з самых жорсткіх у гісторыі чалавецтва, стала для нас Вялікай Айчыннай. Яна ўварвалася ў кожны дом і ў кожную сям'ю. За гады акупацыі Беларусь страціла трэць свайго насельніцтва. На нашай тэрыторыі фашыстамі было створана больш за 260 лагераў смерці і іншых месцаў масавага знішчэння, спалена каля дзесяці тысяч вёсак, разбураны гарады. Але не быў зломлены дух беларускага народа.

    Беларусь не скарылася. Тут разгарнуўся буйнейшы ў Еўропе партызанскі і падпольны рух. Дзякуючы самаадданай барацьбе нашага народа, а таксама ўсіх жыхароў Савецкага Саюза і краін антыгітлераўскай кааліцыі вораг быў пераможаны.

    Дзень вызвалення Мінска, 3 ліпеня, стаў нашым нацыянальным святам - Днём Незалежнасці.

    Мужнасць і гераізм беларускага народа, яго вялікі ўклад у перамогу над фашызмам атрымалі сусветнае прызнанне. Беларусь увайшла ў лік дзяржаў - заснавальніц Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

    На жаль, сёння, калі паміж былымі саюзнікамі ў барацьбе з нацызмам усё часцей узнікае недастатковае разуменне або канфрантацыя, праблема прадухілення новай сусветнай вайны становіцца ўсё больш вострай і актуальнай.

    Перакананы, што для ўмацавання міру і пераадолення існуючых супярэчнасцей неабходны новы маштабны міждзяржаўны дыялог. Беларусь гатова стаць пляцоўкай для абмеркавання любых стваральных ініцыятыў у сферы міжнароднай бяспекі і развіцця.

    У імя будучыні мы павінны памятаць страшныя ўрокі мінулага, захоўваць і перадаваць будучым пакаленням праўдзівую гісторыю вялікага подзвігу герояў-вызваліцеляў. Вучыць сваіх дзяцей цаніць жыццё, паважаць іншыя народы і берагчы мір.

    Людзі з даўніх часоў, вітаючы адзін аднаго, кажуць: "Мір вам". Арганізацыя Аб'яднаных Нацый створана для яго захавання і ўмацавання.

    Разам мы зможам выканаць гэту гістарычную місію!

    Аляксандр Лукашэнка