Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Зменены правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі

9 студзеня 2017 года
У Беларусі змяняюцца правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Адпаведны Указ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Асноўнымі новаўвядзеннямі з'яўляюцца магчымасць здачы цэнтралізаванага тэсціравання па чатырох вучэбных прадметах, пашырэнне тэрміну дзеяння сертыфікатаў ЦТ да двух гадоў, арганізацыя да трох рэзервовых дзён ЦТ.

У адпаведнасці з дакументам уводзяцца льготы для профільных класаў педагагічнага напрамку пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці: залічэнне на дзённую бюджэтную форму атрымання вышэйшай педагагічнай адукацыі выпускнікоў такіх класаў па выніках гутаркі, пры гэтым тэрмін далейшай абавязковай работы па размеркаванні складзе не менш як пяць гадоў.

Акрамя таго, створаны роўныя ўмовы конкурсу пры паступленні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ва ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі. Для паступаючых у скарочаны тэрмін ва ўстановы вышэйшай адукацыі ўсіх профіляў прадугледжаны два ўступныя іспыты па дысцыплінах вучэбнага плана сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія вызначаюцца прыёмнай камісіяй ВНУ.

Таксама ўдакладнены асобныя працэдурныя і тэхнічныя пытанні прыёмнай кампаніі.

Змяненні і дапаўненні ў правілы прыёму захоўваюць існуючую сістэму прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, забяспечваюць захаванне разумнага балансу інтарэсаў дзяржаўных органаў - заказчыкаў кадраў, устаноў адукацыі, абітурыентаў і іх бацькоў, а таксама накіраваны на павышэнне канкурэнтаздольнасці ўстаноў прафесійнай адукацыі рэспублікі і якасці адбору найбольш падрыхтаваных абітурыентаў.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь