Наведванне ААТ "Мінскі трактарны завод"

  • 9
Захаванне працоўных калектываў у няпростых эканамічных умовах з’яўляецца адной з галоўных задач кіраўніцтва прадпрыемстваў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 мая пры наведванні ААТ "Мінскі трактарны завод".

"Мы будзем захоўваць працоўныя калектывы, але падтрымліваць будзем толькі тых, хто хоча працаваць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Наперадзе яшчэ больш моцная канкурэнцыя. Таму разгільдзяям, дармаедам, алкаголікам і прайдохам у працоўных калектывах рабіць няма чаго".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сітуацыя ў свеце няпростая, а сусветная эканоміка марудна і цяжка аднаўляецца. Паводле яго слоў, галоўная прычына таго, што адбываецца ў беларускай эканоміцы, тоіцца ў знешніх фактарах, у тым ліку сітуацыі на расійскім рынку, куды пастаўляецца амаль палавіна прадукцыі, якая вырабляецца ў Беларусі. "МТЗ яшчэ пашанцавала, таму што вы выпускаеце неабходны людзям тавар. Без вашай тэхнікі немагчыма накарміць і апрануць чалавека", - заўважыў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што "з рахунку нельга скідаць і яшчэ адну прычыну існуючых праблем: гэта наша бесталковасць, безгаспадарчасць і неарганізаванасць". У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы ўказаў на неабходнасць скарачэння сабекошту выпускаемай прадукцыі. Гэту задачу ён назваў пытаннем нумар адзін. "Калі мы не будзем скарачаць сабекошт і паніжаць цану тавараў, ніколі багатымі не будзем", - сказаў беларускі лідар.

У час наведвання ААТ "МТЗ" Прэзідэнту было даложана аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывах развіцця. У прыватнасці, у кіраўніцтва завода ёсць дакладны план па далейшым развіцці ўваходзячых у "МТЗ-Холдынг" прадпрыемстваў, планы па мадэрнізацыі выпускаемай тэхнікі і асваенні новых перспектыўных лінеек прадукцыі, бачанне перспектыў па яе папулярызацыі на знешніх рынках, тактыка па скарачэнні існуючых аб'ёмаў складскіх запасаў. Прэзідэнт азнаёміўся з узорамі выпускаемай на прадпрыемстве тэхнікі, у тым ліку перспектыўнымі распрацоўкамі, а таксама агледзеў лінейку навяснога абсталявання вытворчасці ААТ "Амкадор". Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка наведаў вытворчыя памяшканні трактарнага завода, азнаёміўся з сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі.

Гаворачы пра стан спраў на Мінскім трактарным заводзе па выніках наведвання прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чакаў горшага. Аднак рэальнасць аказалася крыху іншай. Нягледзячы на наяўнасць шэрага сур'ёзных цяжкасцей, завод мае перспектыву. "Галоўнае, што вы - вашы кіраўнікі ад тэхнолагаў да гендырэктара - бачыце перспектыву развіцця завода на бліжэйшыя пяць гадоў. І я ўпэўнены, што тыя грошы, якія патрэбны на мадэрнізацыю, вы знойдзеце ва ўласнай вытворчасці", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства.

Прэзідэнт таксама нагадаў, што як МТЗ, так і іншыя прадпрыемствы атрымліваюць прыродны газ па цане практычна ў два разы танней, чым на Захадзе, і гэта таксама з'яўляецца немалаважнай канкурэнтнай перавагай. "Гэта, напэўна, не вечна. Хоць мы будзем старацца рабіць так, каб гэты складнік сабекошту быў як мага ніжэйшы. А ў астатнім, калі вы хочаце больш зарабляць, глядзіце на сабекошт ад уключанай або выключанай электрычнай лямпачкі да сучасных станкоў. Без мадэрнізацыі не абысціся", - сказаў беларускі лідар.

"Ніякага папулізму не будзе. Але завод ваш у Беларусі быў, ёсць і будзе заўсёды. Гэта брэнд, твар краіны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацвердзіў свае ранейшыя заявы аб тым, што разлічваць на атрыманне бюджэтнай падтрымкі можна толькі пад канкрэтныя бізнес-планы, кантракты і праекты. "Проста так грошы нікому даваць не будуць. Патрэбны вынік, рэальны план", - дадаў ён. У гэтым жа ключы ставіцца задача па дыверсіфікацыі знешніх рынкаў збыту, зніжэнні залежнасці ад паставак на рынкі традыцыйных партнёраў.
Разам з гэтым Прэзідэнт запатрабаваў ад урада прыняць усе неабходныя меры, каб абараніць унутраны рынак ад неабгрунтаванага імпарту па тых відах прадукцыі, якая вырабляецца ў Беларусі. "Барані вас бог, калі нашы прадпрыемствы ў гэтым годзе купяць (па імпарце) трактары і іншую тэхніку, якую мы вырабляем", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што ў новых сучасных узораў тэхнікі могуць быць пэўныя недахопы. "Але трэба разумець, што мы гэта ўсё стварылі на маршы. У нас гэтага не было. Мы за апошнія гады ўсё гэта стварылі. Зразумела, патрэбны час для таго, каб давесці тэхніку, - сказаў Прэзідэнт. - Таму, калі і ёсць недзе мінусы... Мінчане, я ведаю, закупілі імпартныя трактары для камунальных службаў. Навошта? Завод (дзе вырабляюцца айчынныя трактары) побач. Ну выйшаў са строю які-небудзь вузел, дык яго імгненна адрамантуюць".

Звяртаючыся да кіраўніцтва ўрада, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Мы не члены СГА, мы нікому нічога не абавязаны. Давайце абаронім свой унутраны рынак, не аддадзім нікому ад праса да трактара і аўтамабіля".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у бліжэйшы час на гэту тэму запланавана спецыяльная нарада, дзе ўрад даложыць аб прымаемых мерах і дасць справаздачу наконт абгрунтаванасці таго ці іншага імпарту.

"А то ж мы цяпер краіну адкрылі: рабіце з намі, што хочаце. Гэтага быць не павінна. Мы ўласнага вытворцу павінны абараняць, падтрымліваць і развіваць. Толькі так мы дыверсіфікуем рынкі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў ураду прымаць меры ў адказ у выпадку стварэння бар'ераў для экспарту беларускай прадукцыі на Захад. "Наконт Захаду: яны (прадстаўнікі заходніх краін) у мяне бываюць, і я іх папярэдзіў. Хачу, каб урад гэта рэалізаваў. Мы іх папярэдзілі: вы закрыліся ад нас, мы закрыемся ад вас і паглядзім, як вы праз Балтыку або Украіну будзеце гандляваць", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нават ва ўмовах увядзення Расіяй санкцый у адказ адносна шэрага заходніх тавараў, Беларусь не спыняла супрацоўніцтва з пастаўшчыкамі на Захадзе.

У час наведвання МТЗ размова зайшла аб супрацоўніцтве з Кітаем. Як далажылі кіраўніку дзяржавы, праведзены нядаўна дзяржаўны візіт Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь апрача іншага дазволіў вырашыць шэраг пытанняў у супрацоўніцтве МТЗ з кітайскімі партнёрамі. "Ужо калі пасля гэтага вы не зможаце выйсці на кітайскі рынак і працаваць там, то грош нам цана", - заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Сі Цзіньпін з'яўляецца сябрам Беларусі і ў ходзе візіту праяўляў шчырую зацікаўленасць у пошуку новых напрамкаў для развіцця супрацоўніцтва. "Ён збіраў сваіх людзей, даваў канкрэтныя заданні. Мэта была адна - беларусам трэба падставіць плячо, таму што яны ніколі не падводзілі. Гэта быў этапны візіт, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ён ад'язджаў адсюль і гаварыў: я ніколі не думаў, што Беларусь такая і што візіт будзе настолькі выніковым. Кітайцы ніколі проста так нічога не гавораць".

Паводле слоў Прэзідэнта, вялікі крок таксама зроблены ў развіцці міжрэгіянальных сувязей паміж Беларуссю і Кітаем.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што выдзеленыя льготныя і камерцыйныя крэдытныя рэсурсы будуць накіроўвацца не толькі на буйныя праекты ў маштабах краіны, але таксама доступ да часткі з іх плануецца прадаставіць малому бізнесу. "Я хачу гэтыя крэдыты і малому бізнесу аддаць, прыватнікам. Няхай бяруць, але каб былі жалезныя гарантыі вяртання. Трэба сёння хутчэй ствараць альтэрнатыўную эканоміку, каб прыватнік прыходзіў і працаваў. Няхай развіваюцца", - заявіў беларускі лідар.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па выніках візіту ў беларуска-кітайскіх адносінах адбыліся сур'ёзныя зрухі, якія ў тым ліку дадуць магчымасць выправіць некаторыя праблемныя месцы ў эканоміцы Беларусі.

Гаворачы аб сацыяльнай тэматыцы, Прэзідэнт заявіў, што пры абмежаваных магчымасцях на рост зарплат у Беларусі захаваецца кантроль над цэнаўтварэннем. "Мы пастараемся пры адсутнасці росту заработнай платы збалансавацца так, каб цана не захліствала заработную плату", - сказаў беларускі лідар.

"Галоўная задача па краіне да выбараў: мы ні ў якім разе не павінны займацца папулізмам і наганяць зарплату, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Нам трэба захаваць той узровень, які застаўся з мінулага года".

"Па цэнаўтварэнні мы пракантралюем. Практычна ўсе цэны залежаць ад нас. Мы бачым, дзе яны падаюць, дзе паднімаюцца. Калі растуць цэны на імпарт, то і бог з ім. Галоўнае, каб на тавары беларускай вытворчасці цэны не раслі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў шэрагу выпадкаў стрымліванне цэн недапушчальна, паколькі гэта прывядзе да вымывання тавараў з розніцы. "Але па многіх відах мы цэны бачым і кантралюем", - заявіў ён.

Размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства, Прэзідэнт, у прыватнасці, заявіў, што "па камуналцы мы не будзем рухацца так, як раней".

Што датычыцца магчымасці росту заработных плат, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў канчатковым выніку гэта залежыць ад кіраўніцтва канкрэтнага прадпрыемства. Паводле яго слоў, калі дазваляюць фінансавыя магчымасці, то заўсёды можна дадаткова матэрыяльна прастымуляваць працу канкрэтных спецыялістаў, якіх важна захаваць для далейшага развіцця прадпрыемства. "Будзеш у добрым плюсе - даплаці. Але людзям трэба тлумачыць, што нам сёння трэба грошы ўкласці ў мадэрнізацыю, каб да 2020 года рэалізаваць гэтыя планы", - сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да генеральнага дырэктара МТЗ Фёдара Дамаценкі.

Прэзідэнт дзяржавы заклікаў грамадзян не слухаць балбатуноў, якія абяцаюць лёгкае і шчаслівае жыццё, а трымацца за рабочыя месцы і сваімі рукамі ствараць матэрыяльны дабрабыт. "Вы павінны разумець сітуацыю, якая складваецца сёння. Трымайцеся за свае рабочыя месцы. Менш слухайце балбатуноў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, сёння ў свеце разгарнулася вельмі жорсткая канкурэнцыя, адпаведна, беларускім прадпрыемствам неабходна выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, у першую чаргу па дызайне і якасці. "Па цане мы выйграём амаль у два разы па некаторых узорах. Гэта ўжо добра. Але не думайце, што так будзе заўсёды", - адзначыў беларускі лідар.

У большасці сваёй канфлікты і войны, што адбываюцца ў свеце, маюць пад сабой эканамічную аснову, лічыць Прэзідэнт Беларусі. "Нафта, прыродны газ, металы, канчатковая рэалізацыя тавараў - там інтарэсы і асноўныя грошы. Ідзе барацьба аж да гарачай вайны. Нам у гэты складаны час, сярэдняй па памеры дзяржаве, трэба выстаяць, вытрымаць, захаваць краіну, вытворчасці і працоўныя калектывы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што маючыя адбыцца ў бягучым годзе прэзідэнцкія выбары - гэта экзамен для ўлады ў цэлым. "І да гэтага экзамену мы павінны дастойна падрыхтавацца без усялякага папулізму, каб вы нас потым пасля выбараў не папракалі, што нешта паабяцалі, але пасля выбараў забыліся", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прадстаўнікі працоўнага калектыву МТЗ задалі Прэзідэнту шэраг пытанняў, што датычаліся падтрымкі сем’яў з дзецьмі, развіцця гандлёвай інфраструктуры, добраўпарадкавання пляцовак для маладзёжных відаў спорту, ролі прафсаюзнага руху.
 
"Беражыце сябе, сваіх дзяцей і сям’ю. Усё астатняе ўладзіцца. Не перажывайце. Неяк сарганізуемся, згрупуемся і вытрымаем. Беларусы і не гэта вытрылівалі. Гэта ж не вайна. Таму ўсё ў нашых руках. Мы здольны не проста выжываць, а забяспечваць сябе так, як трэба. Толькі трэба варушыцца. І беражыце сваё здароўе. Яго ні за якія грошы не купіш", - даў наказ на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.