Зацвярджэнне рашэння на ахову дзяржграніцы органамі пагранічнай службы ў 2019 годзе

  • 1

Пагранічная палітыка Беларусі накіравана не на канфрантацыю з суседнімі дзяржавамі, а на ўмацаванне пояса добрасуседства. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 лютага пры зацвярджэнні рашэння на ахову дзяржграніцы органамі пагранічнай службы ў 2019 годзе.

"З гэтага мы перш за ўсё павінны зыходзіць. Не проста на замок наглуха закрываць граніцу і ствараць праблемы для сваіх грамадзян і тых, хто да нас прыязджае, а стварыць спрыяльную зону і ў той жа час адсякаць тых, хто да нас едзе з непажаданымі намерамі. Асабліва гэта важна напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць законнасць і правапарадак, праяўляючы максімум увагі да турыстаў і гасцей Беларусі.

Прэзідэнт нагадаў, што год таму былі канкрэтызаваны напрамкі работы Дзяржпагранкамітэта па ахове граніц і ўзмацненні правапарадку на прыгранічнай тэрыторыі. Прыняты ўсе неабходныя рашэнні. Праведзеная аптымізацыя кантрольных працэдур на граніцы дала магчымасць павысіць эфектыўнасць беларускіх пунктаў пропуску. "Практыка паказала, што асобныя функцыі пагранічнікаў у шэрагу выпадкаў могуць сваімі сіламі выконваць супрацоўнікі мытняў. Гэта рацыянальны падыход, і гэту работу трэба прадоўжыць", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

"З улікам узрастання негатыўных фактараў, звязаных з незаконнай міграцыяй, наркатрафікам, кантрабандай (асабліва зброі), перад Дзяржпагранкамітэтам пастаўлена задача павялічыць да неабходнага штатную колькасць. Беспрэцэдэнтны крок, але нацыянальная бяспека - важнейшы фактар", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым запатрабаваў прыняць вычарпальныя меры па павелічэнні і стварэнні новых падраздзяленняў граніцы. "Асабліва аб чым мы з вамі дамаўляліся - адраджэнне або ўзмацненне манеўраных груп. Гэта тыя групы, якія знаходзяцца заўсёды ў рэзерве кіраўнікоў пагранічных атрадаў і ў лічаныя хвіліны выстаўляюцца на напрамкі верагоднага руху праціўніка, калі там абвастрэнне сітуацыі", - сказаў ён.

Перад кіраўніцтвам Дзяржпагранкамітэта Прэзідэнт паставіў шэраг актуальных пытанняў, у тым ліку наколькі здольны органы пагранічнай службы процістаяць існуючым выклікам. "Выклікаў стала больш, чым гэта было нават у мінулым годзе", - заўважыў беларускі лідар.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія меры ўжо ажыццяўляюцца і будуць прымацца ў далейшым для таго, каб забяспечыць бяспеку краіны, а таксама што яшчэ неабходна зрабіць для эфектыўнай работы пагранічнікаў.

Па выніках сустрэчы Прэзідэнт зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржграніцы органамі пагранічнай службы ў 2019 годзе.