Зацверджаны план падрыхтоўкі законапраектаў на 2017 год

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Указам план падрыхтоўкі законапраектаў на 2017 год.

    У адпаведнасці з планам будуць падрыхтаваны і ўнесены ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 33 праекты законаў. Пры гэтым 1 законапраект з'яўляецца канцэптуальна новым (праект Закона "Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі"), 8 законапраектаў складаюць так званы бюджэтны пакет (у іх ліку праект Закона "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2018 год"), астатнія прадугледжваюць карэкціроўку дзеючага заканадаўства.

    Так, плануецца ўнясенне змяненняў у шэраг кодэксаў, а таксама законы "Аб ветэранах", "Аб аўтарскім праве і сумежных правах", "Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы", "Аб прававой ахове тапалогій інтэгральных мікрасхем", "Аб гаспадарчых таварыствах", "Аб транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці", "Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў", "Аб інвестыцыях", "Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасці", "Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь", "Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь", "Аб электронным дакуменце і электронным лічбавым подпісе", "Аб рэгістры насельніцтва", "Аб бяспецы генна-інжынернай дзейнасці", "Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва", "Аб барацьбе з тэрарызмам", "Аб дзяржаўных сакрэтах", "Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь".

    Акрамя таго, у 2017 годзе будуць падрыхтаваны і ўнесены на ўзгадненне Прэзідэнту канцэпцыі праектаў законаў "Аб персанальных даных", "Аб прамысловай палітыцы", "Аб плацежных паслугах у Рэспубліцы Беларусь" і "Аб ахове і выкарыстанні балот (тарфянікаў)".