Зацверджана рашэнне савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў

    Распараджэннем Кіраўніка дзяржавы, падпісаным 17 мая, прынята рашэнне аб фінансаванні расходаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў у 2016 годзе ў памеры Br7,9 млрд з рэспубліканскага бюджэту за кошт сродкаў рэзервовага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

    Распараджэннем таксама зацверджана рашэнне савета фонду аб заахвочванні 100 вучняў і студэнтаў.

    Грашовымі прэміямі ў памеры ад Br8,4 млн да Br11,55 млн з уручэннем нагруднага знака лаўрэата фонду заахвочаны 20 пераможцаў міжнародных алімпіяд і канферэнцый.

    Заахвочвальная стыпендыя ў памеры Br840 тыс. з уручэннем нагруднага знака лаўрэата фонду назначана двум пераможцам 12-й Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы.

    Грашовыя прэміі таксама прысуджаны 44 пераможцам алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць" 2015 года і 34 пераможцам XVII Рэспубліканскага конкурсу (турніру) юных матэматыкаў.

    Прыняцце распараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь накіравана на забеспячэнне адраснай дзяржаўнай падтрымкі адораных вучняў і студэнтаў, стварэнне спрыяльных умоў для іх развіцця.