Зацверджана рашэнне савета фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва

    Шэрагу ўстаноў культуры з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва выдзеляць больш як Br500 тыс. на фінансаванне творчых праектаў. Адпаведнае распараджэнне аб зацвярджэнні рашэння савета фонду Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 15 лістапада.

    Грашовыя сродкі выдзеляць Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку на рэстаўрацыю і падрыхтоўку да экспанавання алейных роспісаў XVIII-XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, Віцебскаму цэнтру сучаснага мастацтва на стварэнне новай інтэрактыўнай экспазіцыі музея Віцебскага народнага мастацкага вучылішча ў гонар 130-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала.

    Падтрымку акажуць Дзяржаўнаму ансамблю танца для стварэння і паказу канцэртнай праграмы "Спадчына" ў рамках міжнароднай культурнай акцыі "Беларускі дзень", Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" для стварэння архіўных копій фільмаў "залатой калекцыі" беларускага кінематографа ў мэтах іх шырокага паказу ў Беларусі.

    Акрамя таго, грашовыя сродкі выдзеляць Гомельскаму дзяржаўнаму цырку на мадэрнізацыю светлавога абсталявання пры падрыхтоўцы да Першага фестывалю цыркавога мастацтва Саюзнай дзяржавы ў 2017 годзе і Нацыянальнаму акадэмічнаму народнаму хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча на правядзенне майстар-класаў і фінальнага канцэрта рэспубліканскай акцыі "Харавое Веча".

    Прыняцце распараджэння Прэзідэнта ў Год культуры з'яўляецца сведчаннем увагі дзяржавы да захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, стварэння спрыяльных умоў для развіцця турыстычнага патэнцыялу краіны і пазіцыянавання беларускай культуры як складніка сусветнай культурнай прасторы.