Зацверджана Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады. Кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведны Указ.

    Мэтай праграмы з'яўляецца забеспячэнне якаснага росту і канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі з канцэнтрацыяй рэсурсаў на фарміраванні яе высокатэхналагічных сектараў, якія базіруюцца на вытворчасцях V і VI тэхналагічных укладаў.

    У праграму ўключаны 75 праектаў па стварэнні новых вытворчасцей, якія маюць вызначальнае значэнне для інавацыйнага развіцця Беларусі, у сферах машынабудавання, электронікі, будаўніцтва, нафтахіміі, медыцыны і фармацыі, энергетыкі, транспарту, сельскай гаспадаркі.

    Рэалізацыя праграмы накіравана на фарміраванне і паскоранае развіццё высокатэхналагічных сектараў нацыянальнай эканомікі, замацаванне пазіцый рэспублікі на рынках навукаёмістай прадукцыі; забеспячэнне канкурэнтаздольнасці традыцыйных сектараў нацыянальнай эканомікі на аснове іх інавацыйнага развіцця і ўкаранення перадавых тэхналогій; фарміраванне рынку навукова-тэхнічнай прадукцыі і спрыяльнага асяроддзя для ажыццяўлення інавацыйнай дзейнасці.

    Указам прадугледжана магчымасць штогадовага папаўнення праграмы новымі праектамі па ўзгадненні з Кіраўніком дзяржавы.

    У выніку выканання праграмы да 2020 года плануецца стварэнне больш як 70 высокадаходных экспартна арыентаваных вытворчасцей і амаль 9 тыс. новых рабочых месц.