Заява Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі

    У Беларусі з адабрэннем успрынята падпісанне 5 верасня 2014 года кантактнай групай "Украіна - Расія - АБСЕ" пратакола аб спыненні агню паміж сіламі, што проціборствуюць, на ўсходзе Украіны. Гэта доўгачаканая навіна ўсяляе няхай і нясмелую, але надзею на ўстанаўленне поўнага і беспаваротнага міру ў гэтым рэгіёне.

    Канфлікт у блізкай для нас славянскай дзяржаве быў апошнім часам самым хвалюючым і абмяркоўваемым на міжнародным парадку дня. Таму што пад пагрозу былі пастаўлены пытанні забеспячэння не толькі рэгіянальнай, але і міжнароднай бяспекі. Без перабольшання можна сказаць, што вайна рэальна замаячыла на парозе нашага агульнага еўрапейскага дома.

    Трэба аддаць належнае ініцыятывам і прапановам у першую чаргу Прэзідэнтаў Украіны і Расіі. Менавіта дзякуючы іх прынцыповым дамоўленасцям на вышэйшым узроўні, дасягнутым у канцы жніўня на мінскай зямлі, быў пакладзены пачатак мірнаму працэсу. Фармат зносін "Мытны саюз - Украіна - Еўрапейскі саюз" даў магчымасць прыцягнуць да перагаворнага працэсу бакі, рэальна зацікаўленыя ў міры на ўкраінскай зямлі і ў Еўропе. Вельмі важнымі і своечасовымі былі і канкрэтныя прапановы Прэзідэнта Казахстана па ўрэгуляванні канфлікту. Без усялякага сумнення, без настойлівых намаганняў лідараў вядучых дзяржаў Еўрапейскага саюза было б немагчымым дасягненне перамір'я ва ўсходніх раёнах Украіны.

    Выключна важную ролю, вядома ж, адыграла кантактная група "Украіна - Расія - АБСЕ" ў складзе Л.Кучмы, М.Зурабава, а таксама прадстаўнікоў апалчэння і АБСЕ. Яна правяла сапраўды тытанічную работу і дасягнула згоды па пытаннях, вырашэнне якіх здавалася абсалютна немагчымым некаторы час таму. Работа кантактнай групы заслугоўвае сапраўднай удзячнасці і падтрымкі.

    Гэта, дарэчы, адзін з нямногіх выпадкаў, калі і АБСЕ адыграла менавіта тую ролю, для якой яна і стваралася, і ўнесла свой канкрэтны ўклад у забеспячэнне рэгіянальнага міру і бяспекі.

    Мы ганарымся тым, што пачатак мірнаму працэсу быў пакладзены ў Мінску, на беларускай зямлі. Мы і ў далейшым будзем рабіць усё магчымае ў імя міру ў брацкай краіне. Нашы народы дастаткова напакутаваліся ў войнах мінулага стагоддзя, і не хацелася б, каб такія пакуты паўтарыліся і ў гэтым стагоддзі.

    Сёння паведамленне аб дасягненні дамоўленасцей аб спыненні агню ўсюды ўспрымаецца з радасцю і надзеяй. Але мы павінны дакладна разумець, што гэта толькі першы крок на доўгім і цяжкім шляху. Трэба будзе пераадолець яшчэ масу нечаканасцей і перашкод, каб працэс Мінскага міру стаў неабарачальным і беспаваротным.

    Упэўнены, што работу кантактнай групы трэба прадоўжыць, магчыма, надаць ёй больш паўнамоцтваў і ўзняць яе ўзровень для паспяховага ажыццяўлення ўсіх дасягнутых дамоўленасцей.

    Цяпер трэба ўсім уключаным бакам спыніцца і задумацца. Задумацца пра будучае краіны і народа. Не разбуральная вайна, а толькі мірная стваральная праца забяспечыць дабрабыт дзяржавы і простага чалавека.

    Узброены братазабойчы канфлікт у роднай для нас Украіне застанецца цяжкім калецтвам на целе ўкраінскага народа. Але гэта паступова забудзецца. У памяці людзей застануцца тыя, хто змог павярнуць кола вайны ў бок міру!

    А.Лукашэнка